07 Марта 2026

В Миорском ЦКиНТ почтили лауреаток почетного звания «Женщина года Миорщины-2025»

gazeta
  • 1382

Напярэдадні свята 8 Сакавіка ў Цэнтры культуры і народнай творчасці ўшанавалі лаўрэатак пачэснага звання «Жанчына года Міёршчыны-2025». Культработнікі, творчыя калектывы і салісты падрыхтавалі святочны канцэрт. Назва «Жанчына. Вясна. Каханне» адлюстроўвала трыадзінства, якое сімвалізуе жаночае шчасце.

Ключавой падзеяй урачыстага канцэрта «Жанчына. Вясна. Каханне» стала ўшанаванне лаўрэатак пачэснага звання «Жанчына года Міёршчыны-2025». Пяць прадстаўніц розных сфер дзейнасці адлюстроўваюць унёсак, які робяць у дабрабыт роднага Міёрскага краю. Перад цырымоніяй з лёгкім хваляваннем падзяліліся эмоцыямі кіраўнік спраў Новапагосцкага сельвыканкама Тэрэза Бараноўская, інспектар аддзела кадраў СУП «Цітова» Алена Філіповіч, загадчык Язненскага СДК Ларыса Бервячонак, сацыяльны работнік ТЦСАН Марына Раманюк і жылоўшчык мяса і субпрадуктаў мясакамбіната Алёна Лакотка. У кожнай з іх вялікая група падтрымкі. Бадай, найбольшая – у Ларысы Генадзьеўны: усе культработнікі раёна. А яшчэ стрыечная сястра.

Падтрымаць Тэрэзу Іванаўну прыехалі муж, трое сыноў і дачка.

– Стаць лаўрэатам звання «Жанчына года» – вялікі гонар і прызнанне з боку кіраўніцтва раёна, асабліва ў Год беларускай жанчыны, – заўважае. – Напярэдадні 8 Сакавіка парадавалі вясенні настрой і надвор’е.

На рабочым месцы Алёна Генадзьеўна ў рабочай форме, на сцэне – у прыгожым касцюме, з элегантнай прычоскай і эфектным макіяжам. Кажа, муж і дзеці ацанілі вобраз і прасілі часцей яго паўтараць.

Са святам гасцей павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Ярахновіч. Падкрэсліў, што аб’яўленне 2026-га Годам беларускай жанчыны – сімвал вялізнай павагі і ўдзячнасці за працу, клопат і бясцэнны ўнёсак у захаванне і развіццё краіны.

– Жанчына – гэта душа нашай зямлі, прамаці традыцый. Прырода надзяліла вас самымі цудоўнымі якасцямі: дзіўнай прыгажосцю, невычэрпнай энергіяй, жыццёвай мудрасцю і цярпеннем, здольнасцю беззапаветна любіць і ствараць дамашнюю ўтульнасць, – адзначыў Аляксандр Сяргеевіч і падкрэсліў, што дзякуючы працы, таленту і любові жыхарак Міёршчыны развіваецца наш родны край: – У вас закладзена ўнікальная стваральная сіла, і вы ўмееце правільна яе скіраваць на дабрабыт тых, хто знаходзіцца побач з вамі. Няма ні адной сферы жыцця, дзе можна было б абысціся без вас. Вы з лёгкасцю вырашаеце самыя складаныя задачы, пацвярджаючы, што кожнай справе, за якую бярэцца жанчына, гарантаваны поспех.

Адна з галоўных роляў жанчыны – маці, прадаўжальніца роду, захавальніца сямейнага ачага і традыцый. Ордэнам Маці ўзнагароджана міярчанка Вольга Зуева, якая выхоўвае шасцярых дзяцей.Для ўсіх прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва – святочны канцэрт. У аснове сцэнарыя адвечнае пытанне: што падарыць жанчыне. Адказ на яго шукалі ўдзельнікі тэатра мініяцюр «Свае хлопцы» з уласцівымі ім гумарам і дасціпнымі жартамі, у якіх ёсць доля праўды. Прыгожы букет з яркіх творчых нумароў падарылі Сафія Шук, Ігар Мятла, Валерыя Паўлоўская, Ганна Лапуцэвіч, Аляксей Конах, Аляксандр Ляшкевіч, Мікіта Дабравольскі, Ягор Абалевіч, Ганна Лукашонак, дуэты Юрыя Казлова і Святланы Ішчук, Дар’і Мілашэвіч з сынам Арсеніем, вакальны калектыў «Прятки», Ніколь Пазняк і танцавальны калектыў «Гравітацыя», Міраслаў Блажэвіч і «Родныя галасы». Цэлую праграму падрыхтавалі дзісненцы: Аляксей Астукевіч і «Лэдзі Дэнс», «Дзісенчукі» праспявалі папуры з жаночых імёнаў і прызнанняў у каханні. Сюрпрызам сталі выступленні Віталя Хаданёнка і гурта «Ст.Арм», трыа сясцёр Дар’і Мілашэвіч, Яўгеніі і Сафіі Шук.

Амаль тры гадзіны доўжыўся канцэрт і прайшоў на адным дыханні. Кожная з яго ўдзельніц адчула сваю непаўторнасць і ўнікальнасць і важную місію, якую горда нясе па жыцці – быць Жанчынай, а значыць любіць, натхняць, ствараць. 

Алена ВАРОНІНА.

Фотарэпартаж аўтара.

← Предыдущая

Инспекция МНС напоминает о возможности использования сервиса «Личный кабинет плательщика»

Назад к списку
Следующая →

Руководство района поздравляет жительниц Миорщины с Днем женщин!

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]