Вышыванне карцін і стварэнне тапіарыяў—віды творчасці, што асабліва паланілі. Каляровыя ніткі з іголкай Вольга трымала ў руках яшчэ ў дзяцінстве, асвойваючы майстэрства вышыўкі на занятках школьнага гуртка. Вязаць умела, гэтаму маці навучыла. І бісерапляценнем займалася, і кручком "варажыла".
Калі школьную пару змянілі студэнцкія гады, што прайшлі ў Полацкім медвучылішчы, перавагу аддала вязанню. У гардэробе мелася нямала рэчаў уласнай вытворчасці. Надакучыць насіць—сяброўкам прапануе.
Вышыванне набыло новы імпульс, калі маладая фельчар прыехала працаваць па размеркаванні на Перабродскі ФАП.
—Вечарамі вольнага часу хапала. Чаму б не павышываць?—гаворыць Вольга.—Спадабалася карціна з выявай дзяўчыны і каня на марскіх хвалях. Вырашыла паспрабаваць вышыць—раптам атрымаецца. Купіла схему і ўзялася за справу.

Цяпер тая карціна займае сваё месца на сцяне ў пакоі, а на рахунку майстрыцы за дзясятак год творчасці сабралася нямала паспяховых работ. Адна з іх—вышыты з фотаздымка партрэт жаніха і нявесты. Такі падарунак зрабіла для сястры свайго мужа да гадавіны вяселля. Знайшла ў інтэрнэце спецыяльную праграму, што разбівае фота на схемы, падабрала ніткі і паўгода актыўна стварала шэдэўр.
—Падабаюцца заняткі, што патрабуюць уседлівасці і засяроджанасці. Для мяне гэта адпачынак,—расказвае майстрыца.—Нават тэлевізар глядзець некамфортна, калі рукі не заняты. Цяпер некалькі незавершаных работ. На адной з іх будзе карабель. Дзесьці прачытала, што яго выява падорыць дабрабыт.
У сям'і Вольгі і Андрэя Аляксеевых і без вышытага карабля пануюць разуменне і ўзаемапавага. Сёлетні год для іх асаблівы—у пачатку лютага з'явілася на свет жаданая і чаканая дачушка Кацярынка. З кожным месяцам набірае грамы і сантыметры, усё з большай цікаўнасцю разглядае навакольны свет, шчыра ўсміхаецца тату і маме, а перад сном напявае песенькі на сваёй анёльскай мове. Для маленькай прынцэсы матуля звязала не адну пару шкарпэтак і рукавічак, пашыла пялёнкі на машынцы і выбрала некалькі кніг з "Кніжнага клуба". У самой на мастацкую літаратуру, з якой больш падабаюцца дэтэктывы, і на творчасць часу цяпер няшмат. За вышыўку садзіцца вечарам, калі Кацюша засынае. Умее знайсці час, каб у кватэры ўтульнасць і чысціню падтрымліваць і для мужа абед згатаваць.
Удзень, калі дазваляе надвор'е, абавязкова адпраўляюцца на свежае паветра. Прагульваюцца і ля будынка РЦГЭ, куды Вольга перайшла працаваць пасля трох год работы на ФАПе. Раней дачушка любіла спаць у калясцы падчас прагулкі, а цяпер больш цікава разглядаць навакольныя пейзажы ў мамы на руках. Пройдзе час і, верагодна, Кацярына далучыцца да маміных творчых спраў.
—Шмат якія віды рукадзелля спрабавала,—гаворыць Вольга.—Выцінанкі выразала, букеты з цукерак рабіла, крыху дэкупажом займалася. Хацелася б яшчэ з газетных трубачак паплесці.
Нядаўна таленавітая майстрыца і шчаслівая матуля адзначыла дзень нараджэння. Адзін з падарункаў—карціна па нумарах. На палатне мноства пранумараваных маленькіх дэталяў, якія размалёўваюцца адпаведным колерам, і ў выніку атрымліваецца карціна. Карпатлівая работа не палохае. Абы знайшоўся час, каб акунуцца ў свет творчасці і скарыць новую вяршыню.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.