22 Марта 2026

Миорчанка Людмила Куленок в сфере ЖКХ свыше 40 лет

gazeta
  • 1174

Сення Людміла Кулянок адзначае двайное свята. У жыллёва-камунальнай сферы звыш чатырох дзясяткаў гадоў. Блізкія і калегі жартуюць, што іншага выбару ў яе быць не магло. Справа ў тым, што яе дзень нараджэння і прафесійнае свята звычайна маюць разбежку ў некалькі дзён. Сёлета ўрачыстасці супалі.

– Трэба ж было трапіць у гэтую сферу! Я ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы з 1983-га, – з усмешкай паглыбляецца ва ўспаміны інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела ЖКГ Людміла Кулянок: – Першым рабочым месцам быў «Рамонтнік», дзе працавала майстрам пасля заканчэння Полацкага політэхнічнага тэхнікума. Па адукацыі – тэхнік-будаўнік. Хацела быць таваразнаўцам, але не прайшла па конкурсе. Пайшла на аддзяленне па грамадзянскім і прамысловым будаўніцтве.

Для ўраджэнкі Язна вярнуцца на Міёршчыну было ў радасць. Будаўнічая брыгада, якую яна ўзначальвала, займалася бытавым абслугоўваннем фізічных асоб. Калі штат участка зменшыўся, працавала майстрам вытворчага сталярнага цэха. Работа не жаночая, аднак не рабіла для сябе паблажак і ва ўсім разбіралася дасканала. Мабыць таму з першых дзён старэйшыя калегі называлі яе па імені па бацьку.

Тут выйшла замуж, нарадзіліся двое сыноў. Пасля водпуску па доглядзе за дзіцём вярнулася на прадпрыемства. Якраз тады ўзводзілі калгасныя домікі ў шэрагу гаспадарак раёна. Курыравала будаўніцтва ў Павяцці, у саўгасе «Міёрскі». Да таго ж займаліся капітальным і бягучым рамонтам аб’ектаў у Міёрах.

Людміла Яўгенаўна прызнаецца: усё ж быў невялікі перапынак у працоўнай дзейнасці. Перайшла ў Бюро тэхнічнай інвентарызацыі, аднак засталася вернай сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

У 2010 годзе лёс прывёў ва УП ЖКГ, дзе таксама займаецца нерухомасцю. Афармляе зямельныя ўчасткі, робіць праекты, прадае жылыя памяшканні, якія раней былі ва ўласнасці сельгаспрадпрыемстваў, а цяпер знаходзяцца на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Чым напоўнены працоўныя будні спецыяліста?

– Усяго хапае! У маім падпарадкаванні ўвесь жыллёвы фонд. Вось хутка чарговы 40-кватэрны дом здадуць, дзе будзе арэнднае жыллё. Трэба яго зарэгістраваць. Працуем на няпрофільных аб’ектах. Напрыклад, займаліся зносам будынкаў былога ільнозавода. Кантактую з людзьмі, выяз-
джаючы на абследаванні, калі пацячэ труба або здарыцца паломка, – дзеліцца суразмоўніца.

Рашучасці Людміле Яўгенаўне не займаць. Працуючы над праектамі, неабходна выслухаць пажаданні заказчыкаў, улічыць нормы заканадаўства. І пры гэтым прыняць адзінае правільнае рашэнне. Часам даводзіцца адстойваць свой пункт гледжання.

На работу жыллёва-камунальнай службы часцей за ўсё паступаюць скаргі, таму неабходна прадумаць усё да дробязяў. Спецыяліст у канцы рабочага дня складае план на наступны. Кажа, што часам рабочыя клопаты не адпускаюць і дома. Не супакоіцца, пакуль не знойдзе рашэнне праблемы. Працаголікам сябе не лічыць, тым не менш водпуск бярэ ўсяго на тыдзень – два, а затым спяшаецца на работу.
– З новымі сіламі – і зноў наперад, – расказвае Людміла Яўгенаўна. – Я неяк на рабоце нават адчуваю сябе лепш. Хаця часам думаю – можа пара на пенсію?!

Прагульваючыся па Міёрах, Людміла Кулянок заўважае станоўчыя змяненні. Кажа, горад паступова становіцца ўсё прыгажэй. Разам з тым мае месца прафесійны погляд – у яе шмат ідэй, як зрабіць наш край яшчэ лепшым.

Займаецца будаўнічымі пытаннямі і дома: яе справа – усё разлічыць, а выконвае работы муж. У дваіх сыноў ужо свае сем’і, яны падарылі бабулі і дзядулі пяцярых унукаў. На вясенніх канікулах яны прыедуць з Віцебска ў Міёры. Гэта адзін з тых нямногіх выпадкаў, калі Людміла Яўгенаўна дома забываецца пра работу.

Захапляецца кветкамі. Ля дома ў сезон змяняюць адзін аднаго цюльпаны, півоні, ружы, астры, хрызантэмы. Рассцілаецца дываном аэратум. Шмат раслін і дома. Акружае сябе прыгажосцю, яе дом па завулку Крупскай можна пазнаць здалёк.Усё гэта натхняе і дае сілы на плённую работу. Старанні спецыяліста заўважаюць на розных узроўнях. Мае Ганаровыя граматы прадпрыемства і галоўнага ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама. Летась пабывала на мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у Віцебску (на фота).
Што азначае для яе гэтая служба?

– Жыллёва-камунальная гаспадарка патрэбна людзям. Гэта і цяпло, і вада, і прыгажосць паўсюль. Мы ствараем утульнасць і камфорт. Разам з тым, людзі не заўсёды цэняць гэтыя старанні. Калі ўсё добра – нават не заўважаюць, а калі штосьці здарылася – просяць дапамогі. Няпростая гэта работа, аднак мне падабаецца, – аналізуе Людміла Яўгенаўна. 

У ТЭМУ
1. Жанчыны – трэць усёй галіны. У сістэме ЖКГ Беларусі працуе больш за 110 тысяч чалавек, і кожны трэці супрацоўнік – жанчына. Іх уклад бачны ў кожным двары, пад’ездзе і ўстанове.
2. Найбольш «жаночая» сфера – добраўпарадкаванне і азеляненне. Кветкаводы, азеляняльнікі, работнікі па доглядзе за кветнікамі і паркамі. Менавіта яны ствараюць той утульны выгляд, які адрознівае нашы гарады і вёскі.
3. Кіраванне жыллёвым фондам. Пашпартысты, бухгалтары, спецыялісты па працы з насельніцтвам – пераважна жанчыны. Яны забяспечваюць парадак у дакументах, стабільную працу ЖЭУ і аператыўнае вырашэнне пытанняў жыхароў.
4. Дыспетчарскія службы – голас дапамогі і падтрымкі. Большасць дыспетчараў – жанчыны. Яны першымі прымаюць звароты грамадзян, каардынуюць аварыйныя службы і дапамагаюць людзям у складаных сітуацыях.
5. Чысціня і парадак – вынік штодзённай працы жанчын. Уборка пад’ездаў, санітарнае ўтрыманне ўстаноў, падтрымка чысціні грамадскіх месцаў – тут жаночая праца незаменная. Яна часта застаецца незаўважанай, але менавіта дзякуючы ёй вакол пануе парадак.


Алена ВАРОНІНА.

Фота аўтара і з асабістага архіва Людмілы Кулянок.

← Предыдущая

Лучшие санитарные дружины Миорщины

Назад к списку
Следующая →

Людзям патрэбна ўпэўненасць у год якасці

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]