Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Профилактика: С 12 по 22 ноября состав ГАИ переведен на усиленный вариант несения службы
Общество: Megatop выпустил первый обувной адвент-календарь к Новому году
Экономика: Витебская область продолжает сохранять положительную динамику финансовых результатов
Профилактика: В преддверии ноябрьских распродаж по всей Беларуси активизируются интернет-мошенники
Общество: Дан старт финалу республиканского конкурса «SuperПрофи-2026»
У сістэме каштоўнасцей міярчанкі Алены ГАЛАВІНОЙ кнігам адведзена асаблівае месца. Гэта больш чым захапленне і прафесія. Гэта лад жыцця, дзе кожны дзень напоўнены прыемным кніжным водарам, шапаценнем старонак, таямніцамі друкаваных радкоў.
Чытачы як добрыя знаёмыя
35 гадоў Алена Галавіна сустракае чытачоў на абанеменце цэнтральнай раённай бібліятэкі. За гэты час большасць з іх сталі добрымі знаёмымі. Прыходзяць не толькі за кнігамі, але і за зносінамі. Дзеляцца перажываннямі, расказваюць пра важныя падзеі ў сваім жыцці. Бібліятэкар выслухае, падтрымае, парадуецца і, канешне, параіць добрую кнігу.
– Адны самі выбіраюць, іншыя просяць што-небудзь парэкамендаваць, – гаворыць Алена Іванаўна. – Густы пастаянных чытачоў даўно вывучыла, ведаю, што ім прапанаваць.
– За час работы ў бібліятэцы пачулі шмат жыццёвых гісторый. Можа быць, узнікалі думкі самой штосьці напісаць? – цікаўлюся ў субяседніцы.
– Зусім не думала кнігі пісаць, – усміхаецца яна, – а чытаць з маленства люблю.
З ліхтарыкам пад коўдрай
Чытае Алена з пяці гадоў. Дзядуля з бабуляй навучылі. Прыгадвае, як разам з дзядулем чыталі яго любімую газету «Известия». У дзіцячым садку выхавальніца давярала дзяўчынцы пачытаць казкі аднагрупнікам. У школьныя гады начамі чытала ў ложку, схаваўшыся пад коўдру з ліхтарыкам. Бацькі цікавасць да кніг падтрымлівалі, але такі спосаб чытання не адабралі. Да гэтага часу ў дамашняй бібліятэцы Алены Галавіной захоўваецца кніжачка «Прыгоды дзеда Міхеда» А. Астрэйкі, што чытала ў пачатковых класах. Шмат іншай літаратуры з дзяцінства і юнацтва, з якой не расстаецца ўсё жыццё.
– Беражлівыя адносіны да кніг выхавалі бацькі, – расказвае Алена Іванаўна. – Аднойчы маці заказала па пошце два тамы рамана А. Дзюма «Граф Монтэ-Крыста». Усе аднакласнікі іх перачыталі, да мяне кнігі вярнуліся ў даволі патрапаным выглядзе. Дома за гэта папала. На той час купіць кнігі не так проста было, таму іх асабліва цанілі. І цяпер яны ў пашане.
Абанемент – пастаянны прыстанак
Нягледзячы на любоў да кніг пра бібліятэчную справу Алена ў школьныя гады не думала. Бачыла сябе настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Вызначальную ролю ў змене прафесійнага арыенціра адыгралі студэнты інстытута культуры, што завіталі ў Міёрскую СШ № 3 пазнаёміць выпускнікоў са сваёй установай.
– Цікава расказвалі пра вучобу, пра справу бібліятэкара. Экзамены трэба было здаваць тыя ж, што і ў педагагічныя вну, – расказвае субяседніца.
Пасля інстытута Алена Іванаўна вярнулася ў родныя Міёры. Цёпла сустрэла маладога спецыяліста дырэктар бібліятэкі Зінаіда Альхоўка. Пасля яе змяніла Ала Скавародка, пад чыім кіраўніцтвам адпрацавала большую частку часу. Абанемент, куды ўладкавалася напачатку, стаў пастаянным працоўным месцам.
– Ніколі не ўзнікала жадання перайсці ў іншы аддзел. На абанеменце вельмі падабаецца. Штодня сустрэчы, зносіны з чытачамі, – заўважае бібліятэкар. – Спрашчаюць і паскараюць абслугоўванне электронныя фармуляры, на якія перайшлі з 2012 года. Калісьці і падумаць не маглі, што такое магчыма.
У чарзе на «Поющих в терновнике»
У пачатку 90-х гадоў разам з папяровымі фармулярамі бібліятэкары вялі асобны сшытак, куды запісвалі чытачоў у чаргу на кнігу. Напрыклад, пачытаць «Поющие в терновнике» К. Макалоу жадалі дзясяткі міярчан, а ў бібліятэцы было толькі два экземпляры. Па некалькі месяцаў чакалі. Калі падыходзіла чарга, чытачу тэлефанавалі. Пры адсутнасці дома тэлефона накіроўвалі паведамленне поштай.
– Самыя доўгія чэргі збіралі «Унесенные ветром» М. Мітчал, «Территория души» Н. Батраковай, «Архипелаг ГУЛАГ» А. Салжаніцына, – расказвае Алена Іванаўна. – Па выхадных не было вольных месцаў у чытальнай зале: школьнікі прыходзілі рыхтаваць рэфераты, шукаць дадатковую літаратуру па прадметах.
Успаміны бібліятэкара нібы з іншай рэальнасці. Цяпер знайсці вышэйпералічаныя творы ці падрыхтаваць рэферат можна за некалькі клікаў камп’ютарнай мышкі. Аднак электронныя версіі кніг не ўсім па душы. На бібліятэчны абанемент па-ранейшаму спяшаюцца чытачы. Школьнікі ў чытальнай зале збіраюцца на мерапрыемствы, якія праходзяць ва ўстанове.
Літаратурныя густы ў разрэзе часу
Па назіраннях Алены Галавіной, за тры з паловай дзясяткі гадоў густы чытачоў змяняліся. Разам з тым ёсць аўтары і творы, цікавасць да якіх не страчваецца.
– Моладзь зноў чытае Э. Рэмарка. Вяртаецца інтарэс да твораў Ш. Брантэ, папулярных раней раманаў «Унесенные ветром» і «Поющие в терновнике», – гаворыць бібліятэкар. – Падлеткі цікавяцца псіхалогіяй. Многія аддаюць перавагу фантастыцы і фэнтэзі, любяць С. Кінга, Д. Кіза. У жанчын папулярныя Л. Уліцкая, Дз. Рубіна, Н. Батракова. Мужчыны, як правіла, выбіраюць кнігі з серый «Военно-историческая библиотека», «Военные тайны века». Ёсць сярод чытачоў і такія, хто аддае перавагу выключна беларускамоўным аўтарам. Не затрымліваецца на паліцах духоўная літаратура, якой у нас выбар багаты.
Адны кнігі папулярныя ў пэўны перыяд. Як, напрыклад, раманы пра каханне ці астралогія. Іншыя вабяць пастаянна. У ліку такіх серыя «Жизнь замечательных людей» з расповядамі пра лёсы вядомых гістарычных асоб, пісьменнікаў, акцёраў.
Радасць кнігу ў руках трымаць
Для Алены Іванаўны любімым пісьменнікам застаецца Васіль Шукшын. Знайсці ў зборніку твораў апавяданне, якое яшчэ не чытала, – сапраўднае шчасце. Час ад часу перачытвае літаратурную спадчыну аўтара. Пералік кніг, да якіх хочацца вяртацца, нядаўна папоўніў раман Г. Яхінай «Зулейха открывает глаза», дзе апісваецца гісторыя простай сяльчанкі, якую з аднавяскоўцамі выслалі ў Сібір. Уражанні ад прачытанага доўга не пакідалі.
Любоў да кніг у Алены Галавіной з часам толькі расце. Актыўным чытачом бібліятэкі застаецца яе маці Аляксандра Канстанцінаўна. Мужа Віктара ў рады кнігалюбаў прывабіць не ўдалося, застаўся верны рыбалцы. Дачка Вольга і сын Іван інтарэсы маці падзяляюць. У захапленні ад кніг чатырохгадовая ўнучка Анечка, якой казкі пакуль чытае маці.
– Для чаго трэба чытаць? – пытаюся ў бібліятэкара.
– Гэта прыемны адпачынак. Разам з тым кнігі дораць новыя веды, развіваюць уяўленне, фарміруюць граматнасць, вучаць думаць і суперажываць, абагачаюць унутраны свет чалавека, – адказвае Алена Іванаўна. – Для мяне чытаць кнігі – пастаяннае хобі, якое выдатна сумяшчаецца з любімай прафесіяй.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.