04 Сентября 2019

В Миорах прошла педагогическая конференция

gazeta
  • 433

 Якасць адукацыі, здароўезберагальнае асяроддзе, выхаваўчая работа – галоўныя прыярытэты ў дзейнасці школ і дзіцячых садоў. На гэтым акцэнтавалі ўвагу ўдзельнікаў жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі «Аб развіцці і перспектывах далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі раёна». 

На Міёршчыне навучальны год пачаўся ў чатырох сярэдніх школах і дзевяці вучэбна-педагагічных комплексах. Пад статусам базавай сёлета працуе школа ў Туркове.

Вучыць
і вучыцца
Першы званок празвінеў учора ў 13 школах раёна. Напярэдадні навучальнага года – 30 жніўня – адбылася традыцыйная педагагічная канферэнцыя, у якой удзельнічалі прадстаўнікі ад кожнай установы адукацыі.


Пра творчых педагогаў і іх таленавітых вучняў, адметнасці школ нагадала відэапрэзентацыя. Напрыклад, у Язне пад кіраўніцтвам Ірыны Бахір спявае дзіцячая вакальная група. Вучні Павяцкай школы разам з Антонам Астукевічам вывучаюць родныя мясціны. У Новапагосцкай на чале з Людмілай Бялевіч і Надзеяй Вайцюль збіраюць фальклор і ладзяць народныя абрадавыя святы.
Кагорту педагогаў Міёршчыны папоўнілі сем маладых спецыялістаў. З прывітальным словам-наказам звярнулася да іх дырэктар Дворнасельскай яслі-сад – базавай школы Антаніна Кляшчонак. Раіла садзейнічаць усебаковаму развіццю вучняў і верыць у іх.

 Камфорт
для ўсебаковага развіцця вучня
Да новага навучальнага года школы цалкам падрыхтаваліся, запэўніў начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Жук. Зрабілі неабходны рамонт, добраўпарадкавалі тэрыторыю, набылі тры камп’ютарныя класы і шэсць інтэрактыўных дошак, закупілі мэблю і спартыўны інвентар. Школьны аўтапарк папоўніўся трыма новымі аўтобусамі. З 1892 вучняў на падвозе 630.


Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання Міёрскі раён сёлета заняў восьмае месца ў вобласці. Найбольш паспяхова здалі тэсты выпускнікі Дзісенскай, Язненскай школ і СШ № 2.


Акцэнт на рабоце з адоранымі дзецьмі. Вынікі прадметных алімпіяд сведчаць, што ў гэтым напрамку трэба працаваць больш грунтоўна. На раённым этапе – 51 дыплом, з іх 50 % – ІІІ ступені. У абласных алімпіядах удзельнічалі 10 школьнікаў, з дыпломам ІІІ ступені па інфарматыцы вярнуўся вучань СШ № 2. Па меркаванні Аляксандра Жука, накіроўваць аднаго школьніка на алімпіяды па некалькіх прадметах неэфектыўна. Лепш выбраць адзін і сістэмна да яго рыхтавацца.


Расце ўзровень фізічнай падрыхтоўкі школьнікаў. Гэта бачна па выніках спартыўных спаборніцтваў. Аднак больш увагі трэба надаваць зімовым відам. Сёлета лыжамі цалкам забяспечылі ўсе школы.


Важны аспект у адукацыйнай прасторы – інклюзія і стварэннне безбар’ернага асяроддзя. Трэба вучыць талерантным адносінам да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.


Што да патрыятычнага выхавання, у мінулым навучальным годзе гэтаму садзейнічалі мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі, 25-годдзю Канстытуцыі, 30-годдзю вываду савецкіх войск з Афганістана, Году малой радзімы.

 Абмен вопытам
Якасць адукацыі залежыць ад многіх складнікаў. У іх ліку – камфорт. Дырэктар Узмёнскай яслі-сад базавай школы Вольга Рамза расказала пра ўмовы навучання выхаванцаў. У мінулым годзе атрымалі новы камп’ютарны клас. Акрамя інфарматыкі, устаноўлены камп’ютары ў кабінетах фізікі і замежнай мовы. Самыя маленькія школьнікі знаёмяцца з сучаснымі тэхналогіямі. Так, вучні 1 і 2 класаў наведваюць факультатывы па асновах праграмавання. Старэйшыя паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах і дыстанцыйных алімпіядах па інфарматыцы. Часта перамагаюць вучні з Узмён у спартыўных спаборніцтвах. Сёлета будуць займацца ў адрамантаванай спартыўнай зале, катацца на новых лыжах. Эстэтычнаму развіццю спрыяе добраўпарадкаваная прышкольная тэрыторыя з сухімі вадаёмамі, альпійскімі горкамі, дэкаратыўнымі фігурамі.


Шмат цікавага і пазітыўнага ля Міёрскага дзіцячага яслі-сада № 3. Героі казак і мультфільмаў, туі на алеі выпускнікоў, пляцоўка правіл дарожнага руху. Як заўважыла загадчыца ўстановы Валянціна Аляксеева, з дзецьмі працуюць вопытныя і зацікаўленыя педагогі. Прымалі ў сябе раённы метадычны фестываль, праходзіць сваё экасвята журавоў і журавін.


Як выкарыстаць інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі на карысць друкаванай кнізе, расказала метадыст аддзела па адукацыі Іна Каснікоўская. Багаты вопыт у гэтай справе ў бібліятэкара з СШ № 3 імя Я. Томкі Дзіяны Варона. Яе праекты атрымлівалі высокую ацэнку на конкурсах розных узроўняў. Цікавасць да чытання выклікаюць буктрэйлеры (відэаролікі пра кнігі), флэшмобы, буккросінгі, квэсты. У Новапагосцкай школе бібліятэкар Жанна Мароз практыкуе сямейнае чытанне. Ідэямі і вопытам калегі абменьваюцца ў інтэрнэт-аб’яднанні ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».


Пра ўласны вопыт работы, планы і задачы расказала настаўніца з Дзісенскай СШ Вікторыя Ляшкевіч. Пяць гадоў выпускніца філалагічнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта выкладае англійскую мову. Прафесійнае крэда: быць настаўнікам – быць памочнікам. Практыкуе на ўроках інтэрв’ю, гульні, міні-праекты. Праводзіць індывідуальныя і факультатыўныя заняткі. Яе вучні паспяхова выступаюць на фестывалі міжкультурных камунікацый, паказваюць добрыя вынікі ў дыстанцыйных алімпіядах.

Знак удзячнасці
і прызнання
У канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў і яго намеснік Валерый Драба. Падзякавалі педагогам за няпростую і важную працу, уручылі ўзнагароды.


Ганаровай граматай Міёрскага райвыканкама адзначана плённая педагагічная дзейнасць настаўніка-дэфектолага Завуццеўскай школы Таццяны Ісаковіч, загадчыцы яслі-сада № 2 Таццяны Міронавай, настаўніцы працоўнага навучання СШ № 3 імя Я. Томкі Наталлі Анецька. Удзячнасць аб’яўлена настаўніцы пачатковых класаў СШ № 3 імя Я. Томкі Але Пятровай.


Узнагароды ад раённага Савета дэпутатаў атрымалі дырэктар цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Святлана Бакевіч і загадчыца яслі-сада № 1 Рыма Дзярко.


Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі ўзнагароджана настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 3 імя Я. Томкі Ларыса Лапкоўская.


Доўгі пералік педагогаў, чыю работу высока ацанілі ў абласным упраўленні і раённым аддзеле па адукацыі.
Далучылася да віншаванняў старшыня раённага прафсаюзнага аб’яднання Аксана Падзява. З нагоды 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі ўручыла юбілейны медаль старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алене Фёдаравай.

Яркіх фарбаў і ўражанняў дадалі ў праграму канферэнцыі выступленні юных артыстаў з дзіцячага яслі-сада № 3, СШ № 3 імя Я. Томкі, Узмёнскай і Язненскай школ, сямейнага трыа Антона, Аляксея і Данііла Астукевічаў.
Вынікі творчасці вучняў прадставілі на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асобны стэлаж занялі метадычныя распрацоўкі настаўнікаў. Дэкаратыўная разгорнутая кніга, змайстраваная ў Павяцкай школе, стала прывабнай фотазонай.

Фотаматэрыял аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Лучшие санитарные дружины Миорщины

Назад к списку
Следующая →

Как не попасть в неприятности за границей

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]