Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Социальный вектор: Изменения в работе мобильного приложения M-Belarusbank
Актуально: С 5 по 16 октября проходит акция "Молодежь за безопасность"
Актуально: В Миорском районе с 7 октября начинается отопительный сезон
Происшествия: Хроника происшествий по Миорскому району

У жніўні ў Друі пры касцёле Святой Троіцы адбыўся чарговы – пятнаццаты – мастацкі плэнэр. Называўся ён «Друя – месца спаткання гісторыі і мастацтва». З ініцыятывы ксяндза-пробашча Вячаслава Адамовіча сёлета да яго далучыліся літаратары.
Мне пашчасціла быць удзельніцай гэтага плэнэру і каардыянаваць працу літаратурнай рэзідэнцыі. Штовечар у касцёле літаратары ладзілі найцікавейшыя вечарыны, а пасля збылася мая мара: сапраўдным дэсантам мы «высадзіліся» ў Ідолта і Мілашова і наведалі настаўнікаў Мілашоўскай школы, каб запісаць ад іх успаміны з агульнай назвай «Як я стаў настаўнікам».
Два гады таму «Міёрскія навіны» друкавалі пад такой назвай успаміны майго таты Сцяпана Сцяпанавіча Масла пра яго шлях у настаўніцтва і жыццё ў прафесіі. Мне вельмі хацелася пачуць расповяды іншых настаўнікаў з нашай Мілашоўскай школы. Але задача была не з простых: жыву ў Мінску, на радзіме бываю ўлетку наездамі. А тут – такое шчасце! Дапытлівыя, творчыя людзі – літаратары – узяліся памагчы сабраць гісторыю па кавалачках. За адзін цёплы жнівеньскі вечар мы зрабілі тое, што адзін і за год не адужаў бы!
Школы нашай Мілашоўскай ужо няма... А вось праз гэтыя гутаркі – вельмі спадзяюся – гісторыя яе і людзей, якія працавалі і вучыліся тут, будзе ажываць. Вельмі ўдзячная «раёнцы» за цікавасць да гэтай тэмы. Арганізатарам плэнэру – за магчымасць творчага бытавання і працы ў Друі. Літаратарам – за іх служэнне гісторыі і далучнасць да мілашоўскай сям'і. Пакрысе на старонках газеты прагучаць галасы ўсіх нашых герояў.
Сёння ж увазе чытачоў – успаміны Фаіны Андрэеўны Шук (гутарылі пісьменніца, сцэнарыст Вольга Шчукіна, журналіст, пісьменніца-казачніца Алена Масла).
Фаіна Андрэеўна Шук: «Усё ў радасць, калі робіш з любоўю!»
«Я нарадзілася ў вёсцы Мілашова. Тут у нас быў самы стары будынак школы, там, над возерам. Я ў першы клас туды пайшла. У таты пакойнага, ён сёмага году нараджэння, вечная памяць, пыталіся, у якім яна годзе пабудаваная, не помніў. Казалі, што сто сорак гадоў той школе. Спачатку ж было там народнае вучылішча, сем класаў, а тады ўжо стала васьмігодка. Потым закрылі школу, разабралі. І такія там былі бярвенні таўшчэзныя, памятаю. Я была ў шостым класе, калі на тым жа месцы пачалі будаваць новую, тады я ў ёй і вучылася. А пасля ўжо, як я была замужам, згарэла гэта школа, нанова будавалі. Ужо трэцяя зараз стаіць. Там яшчэ ж другі будынак далей, будаваўся як інтэрнат.
Ой, як я была малая, колькі тут было вучняў! Можа, больш за 200... Я ўжо дакладна і не скажу, але дзяцей было многа. У кожным доме па пяць-сем чалавек сям'я. Гудзела ўся вёска! На гэтай вуліцы мы ўтраіх збіраліся – тры сяброўкі. Цяпер ужо колькі гадоў прайшло... Рэдка калі, мо, раз у дваццаць гадоў сустрэліся толькі – яны раз'ехаліся ўсе далёка. А тады сябравалі! Ой, як весела нам было разам! Хадзілі ў ягады, у грыбы. Вясёлае дзяцінства было. Без смартфонаў гэтых. Клікалі адзін аднаго разам гуляць, па дрэвах лазілі, бегалі купацца ў возера – да пасінення, губы сінія, а мы ж не маглі накупацца. У сад хадзілі. Там у нас жыў, называлі яго, Француз. А чаму Француз? Ён ездзіў у Францыю на заробкі і потым вярнуўся. Ля хаты ў яго быў і сад – там дужа смачныя яблыкі. Ну вось, старэйшы мой родны брат і стрыечныя – усе ідуць у яблыкі, ну і я ж ззаду (смяецца). Хоць дома ў нас былі яблыкі, але ж хацелася ім ісці туды, і я разам за імі. А сабакі там былі не прывязаныя. Сабакі прыбеглі, сталі брахаць – хлопцы на дрэвы, а я стаю пад яблыняй і галашу. Так спужалася, а ўзлезці следам не магу! Дык я па гэты час баюся сабак.
Класным кіраўніком з пятага па восьмы клас была ў мяне Юзэфа Аўгусцінаўна Масла, якая вяла беларускую мову. Яна прыехала да нас у школу працаваць – маладая, прыгожая, стройная... Для нас яна была ідэалам. А Сцяпан Сцяпанавіч Масла выкладаў рускую мову. Помню, у трэцім класе ён кагосьці з настаўнікаў замяняў: «Не накланяйся. Сядзь роўна», – за пасадкай сачыў. Знаеце, як дзеці: «Ат, тое-сёе, як хочацца, так і сяду». А ён вучыў правільна сядзець. Я часценька бокам паварочвалася, каб Сцяпан Сцяпанавіч звярнуў на мяне ўвагу і зрабіў заўвагу.
У першым класе першую чвэрць мы пісалі алоўкам. Сшытак быў у касую лінеечку – такія вузкія-вузкія гэтыя лінеечкі, каб літары пісаць роўненька. А тады ўжо сталі пісаць чарніламі, пяром. Чарнільніца стаяла на парце. Ну, цяпер я унукам расказваю гэта, не разумеюць (смяецца). Чэсна гавару. Шарыкавыя ручкі ўжо ў старэйшых класах з'явіліся. А спачатку ў нас былі чарнілы. І помню, як Юзэфа Аўгусцінаўна кажа: «Пішы прыгажэй!» Я ж там націскаю... Ведаеце, як пёркам пачынаеш пісаць, а тады пасярод трэба прыціснуць, каб таўсцей літара была, а к канцу – нітачкай. А я ж так стараюся! А яна ўсё мне кажа: «Яшчэ трэба лепш, яшчэ трэба лепш пісаць!» (смяецца). Усяк было! Як магла, так вучылася, па сваіх здольнасцях. Па-праўдзе сказаць, як была маленькая, не хацелася мне хадзіць у школу. Як і цяпер маім унукам. Але ж потым – пасля сярэдніх класаў – усё зразумела і пачала старанна вучыцца. Мне ўсе прадметы аднолькава падабаліся. Не так, каб «гэта не хачу, гэта хачу» – усё трэба было вучыць. Мне ўсё роўненька падабалася».
Працяг будзе.
Вольга ШЧУКІНА.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.