25 Мая 2012

Чей дом не крайний?

gazeta
  • 458

Яшчэ ў мінулым месяцы ў рэдакцыю раённай газеты па тэлефоне паступіла скарга  на дрэнны даезд да Ідолтаўскага ФАПа. Як і належыць, суразмоўца прадставіўся. Але пазней высветлілася, што такі чалавек ні ў Ідолта, ні ў Павяцкім сельсавеце не зарэгістраваны і не пражывае. Улічваючы такую акалічнасць, яшчэ раз нагадваем тым, хто тэлефануе ў рэдакцыю па праблемных пытаннях, што неабходна абавязкова правільна называць сваё імя і прозвішча, указваць дакладнае месца жыхарства, свой тэлефон, каб пры патрэбе можна было звязацца з заявіцелем, праінфармаваць аб прынятых мерах. Нагадаем, што ананімныя звароты ў Рэспубліцы Беларусь не разглядаюцца, за выключэннем паведамленняў, якія ўтрымліваюць звесткі пра маючыя адбыцца, учыняемыя ці ўчыненыя злачынствы.

 

Перш чым накіраваць вышэйназваную скаргу на рэагаванне ў адпаведныя ўстановы, рэдакцыя пераканалася, што выкладзеныя ў ёй факты адпавядаюць сапраўднасці. Загадчыца Ідолтаўскага ФАПа Л. І. Леўша пацвердзіла, што ў нізкім месцы на невялікім прамежку дарогі непадалёку ад вясковай медустановы вясной і позняй восенню пры дажджлівым надвор’і ўтвараюцца вялікія лужыны, што, безумоўна, стварае пэўныя нязручнасці для насельніцтва. І, як высветлілася, гэтая праблема “пераходзіць” з году ў год, але раней ніхто не скардзіўся ў раённыя інстанцыі. Як кажуць, нарэшце дапякло!

 

Рэдакцыя газеты накіравала скаргу ў розныя інстанцыі, якія могуць паспрыяць хутчэйшаму вырашэнню праблемы. Трэба адзначыць, што в. Ідолта не так даўно набыла статус аграгарадка і дзіўна, што пры маштабным добраўпарадкаванні населенага пункта не заўважылі гэтую праблему.

 

Адказ начальніка філіяла “Міёрскае ДРБУ №203” на скаргу змясціўся ў двух радках: “Гравійная дарога паблізу ФАПа ў в. Ідолта не знаходзіцца на балансе ДРБУ №203”. Вось так канкрэтна, коратка, маўляў не наша справа і турботы не нашы.

 

Такі ж нешматслоўны адказ і ад старшыні Павяцкага сельвыканкама Л. Гардзель, хаця нам здавалася, што менавіта мясцовая ўлада павінна не толькі ведаць пра ўсе “гарачыя кропкі” на падведамнай тэрыторыі, але і прымаць меры для вырашэння ўзнікаючых праблем. Цытуем сціслае тлумачэнне: “Усе вуліцы ў населеных пунктах Павяцкага сельсавета знаходзяцца на балансе УП ЖКГ, у тым ліку і вул. Азёрная ў аг. Ідолта. УП ЖКГ вядома пра дадзеную праблему”. Узнікае сустрэчнае пытанне: “Калі ведаюць, то чаму не вырашаюць?”

 

Падрабязна патлумачыў сітуацыю в. а. дырэктара ВУПКУ “Міёрскі” В. Міхалкіў. Ён адзначыў, што нізінны ўчастак дарогі, сапраўды паблізу ФАПа на кароткі прамежак часу ( у перыяд разводдзя) становіцца складаным для праезду аўтатранспарту, бо дарога размываецца талай вадой. Для пешаходаў гэты ўчастак у любую пару года застаецца пераадольным. Неаднаразова сельгаспрадпрыемства ў гэтым месцы падсыпала гравій і разраўноўвала яго, але патрэбны больш маштабны рамонт, папярэднічаць якому павінна распрацоўка праекта на выкананне работ, а ВУПКУ “Міёрскі” ні профільных спецыялістаў у штаце не мае, ні ліцэнзіі на выкананне дарожна-рамонтных работ. У раёне ёсць службы, якія займаюцца такой дзейнасцю і могуць дапамагчы ў вырашэнні гэтага пытання. Кіраўнік гаспадаркі ўдакладняе, што пры бездарожжы да ФАПа можна дабрацца той жа дарогай, толькі з боку вёскі.

 

Дзякуй дырэкцыі сельгаспрадпрыемства за намаганні адрамантаваць дарогу і за падрабязны адказ. Звярнуліся і да дырэкцыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая непасрэдна адказвае за ўладкаванне вуліц у аграгарадку. У пісьмовым адказе в.а. дырэктара УП ЖКГ А. Каратаева “засвяцілася” надзея на станоўчае вырашэнне пытання: “…Па даведках, прадастаўленых старшынёй Павяцкага сельскага выканаўчага камітэта, грашовыя сродкі на рамонт вуліц у в. Ідолта ў сельвыканкаме маюцца.

 

Па запэўніваннях галоўнага інжынера ДРБУ №203 рамонт вуліц (у тым ліку і Азёрнай) будзе пачаты ў бліжэйшы час ( у чэрвені)”.

Такім чынам галоўнае звяно ў доўгім ланцужку на шляху вырашэння праблемы-Павяцкі сельвыканкам, якому на ўтрыманне і ўпарадкаванне ўсіх сельскіх дарог (з улікам работ па іх грэйдзіраванні, падсыпцы, абкошванні, расчыстцы снегу ў зімовы час і г. д) на гэты год выдаткавана  ўсяго 29 мільёнаў 189 тысяч рублёў, у тым ліку на першы і другі кварталы — 10 млн. Увогуле на тэрыторыі сельскага савета патрабуюць рамонту і іншыя дарогі, але з улікам невялікіх аб'ёмаў фінансавання правесці яго адначасова на ўсіх "праблемных" участках немагчыма. Галоўны інжынер ДРБУ-203 С. С. Панізнік пацвердзіў, што нізкі ўчастак дарогі, які займае прыкладна 200 метраў, на вул. Азёрнай у Ідолта, абследаваны,  вызначаны аб'ём работы і яна будзе выканана ў бліжэйшы перыяд. Па яго меркаванні, хопіць аднаго дня, каб  зрабіць бесперашкодны ў любую пару года даезд да ФАПа.

 

Э. БЛАЖЭВІЧ.

 

 

 

 

 

 

← Предыдущая

Врач-эпидемиолог Миорского РЦГЭ поделилась подробностями кампании по вакцинации

Назад к списку
Следующая →

Юные инспекторы на слёте

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]