13 Марта 2024

Десять лет мастерит из дерева посуду и сувениры Владимир Моисеенок с Миорщины

gazeta
  • 1061

- Какой у вас главный инструмент? - спрашиваю у Владимира Моисеенка, мастера резьбы по дереву Дисненского городского Дома ремесел.

- Руки, - с улыбкой отвечает он.

 – Які ў Вас галоўны інструмент? – пытаюся ва Уладзіміра Майсяёнка, майстра разьбы па дрэве Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў.

– Рукі, – з усмешкай адказвае ён.

Дзесяць гадоў майструе з дрэва посуд і сувеніры, атрымліваючы асалоду ад любімага занятку і забываючыся ў творчым працэсе на ход часу.

– Калегі баяцца мяне замкнуць, калі ўвечары дадому збіраюцца, – гаворыць суразмоўнік. – Настолькі захапляюся справай, што зусім не гляджу на гадзіннік.

А вось майстраваць гадзіннікі Уладзіміру Майсяёнку даспадобы. Адзін з іх – у выглядзе савы. Гэтых птушак і яшчэ глушцоў асабліва любіць адлюстроўваць на сваіх вырабах. Чаму? Такім пытаннем не задаваўся. Проста прывабліваюць. Між тым сава, як вядома, сімвалізуе мудрасць, а глушэц – свабоду і дыханне жыцця. Выразае на сувенірах з дрэва жураўлёў. Птушка, што стала брэндам Міёршчыны, азначае чысціню, сумленнасць, бескарыслівую дапамогу.

Засталі майстра за вырабам скарбонкі ў выглядзе рыбкі на хвалі. Папярэдняя – парсючок – ужо гатова. У абедзвюх прадугледжаны адтуліны, таму разбіваць напоўненыя манеткамі ці купюрамі вырабы не давядзецца.

– Пасля мянажніцы буду рабіць, – дзеліцца бліжэйшымі планамі Уладзімір Ула-

дзіміравіч. – Майстраваў цукерачніцы ў выглядзе ліста дуба, клёна. Дома ва ўжытку драўляная лыжка ўласнай вытворчасці, кухонныя лапаткі і дошчачкі. А вось цацкі з дрэва не рабіў. Увогуле спрабаваць новае цікава. Некаторыя ідэі ў Інтэрнэце знаходжу, іншыя самі прыходзяць. Разьба па дрэве для мяне ўжо лад жыцця. У Дом рамёстваў не працаваць іду – любімай справай займацца.

Як атрымалася, што настаўнік музыкі па дыпломе ўзяў у рукі разцы?

– Скончыўшы Наваполацкае музычнае вучылішча, па размеркаванні трапіў у Браслаўскі раён. Затым вярнуўся ў родную Дзісну і выкладаў спевы ў мясцовай школе-інтэрнаце. Пасля прапанавалі ўзначаліць гарадскі Дом культуры, – прыводзіць факты біяграфіі суразмоўнік. – Вось з ГДК усё і пачалося. Часта накіроўвалі на курсы. Навучыўся плесці з саломкі і лазы, кераміку асвоіў. Найбольш захапіла разьба па дрэве.

ДАРЭЧЫ

Прадметы побыту з дрэва, якімі карысталіся жыхары Міёршчыны, сталі экспанатамі раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Напрыклад:
* коўш. Знойдзены ў лазні ў вёсцы Яўцерашкі Перабродскага сельсавета. Такой драўлянай вы-
дзеўбанай пасудзінай не толькі ваду налівалі. Выкарыстоўвалі коўш для перасыпання збожжа, мукі.
* лапата хлебная. З яе дапамогай садзілі цеста ў печ і даставалі хлеб. Звычайна мела прамавугольную ці круглаватую форму і доўгую – 110-135 см – ручку. Экспанат у музеі з 1992 года.
* лапата для даху. З дапамогай такой лапаты з рабрыстай асновай накрывалі саломай дах. Беларускія сяляне карысталіся гэтым інструментам да сярэдзіны 20 стагоддзя. У музей экспанат перадала жыхарка Міёр у 1991 годзе.
* таўкач. Гаспадарчая прылада ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом. Выкарыстоўвалася для розных патрэб. Каўчом таўклі бульбу, разбівалі пласты гліны на полі.

 Першыя вырабы з дрэва Уладзіміра Майсяёнка – лыжкі. Іх жа ў ліку першых выраблялі нашы продкі. Драўляныя лыжкі мелі шырокае распаўсюджанне ў быце. Змайстраваць такую на першы погляд простую рэч Уладзімір Уладзіміравіч прапаноўвае падчас майстар-класаў, якія сталі традыцыяй на свяце горада ў Дзісне. Назіраеш за дзеяннямі ўмельца – здаецца, лёгка і проста. Возьмеш інструмент у свае рукі – і ўсё бачыцца ў зусім іншым ракурсе.

– Перш-наперш сіла ў руках павінна быць, – заўважае творца. – І з інструментамі трэба асцярожна абыходзіцца. Параніцца разцом не раз здаралася. Неяк на «Славянскім базары ў Віцебску» завітаў у нашу палатку міністр культуры. Параніў палец, правяраючы разец на вастрыню.

Калекцыя разцоў ва Уладзіміра Уладзіміравіча багатая. Ёсць ручной работы, выкаваныя з напільнікаў. Гэта падарунак сябра. Самыя надзейныя. Там, дзе разец не дастане, мінігравер выручыць. Гэты прыбор майстар параўноўвае са стаматалагічнай бормашынай. Былая сокавыціскалка атрымала новае жыццё ў якасці інструмента для паліроўкі вырабаў. На дрэваапрацоўчым станку выточвае свістулькі, розныя дробныя дэталі. Развешаны на сцяне лобзікі, пілкі, шчоткі.

– Работа творчая, але пыльная. Нават калі лобзікам рэжаш, пыл з’яўляецца, – характарызуе сваю справу майстар. – Працую з ліпай. Гэта самая мяккая драўніна. Меў справу з бярозай. Увогуле, калі добра наточаны разцы і ёсць жаданне, з любым матэрыялам справішся.

Што сам умее, таму іншых вучыць. На заняткі гуртка разьбы па дрэве прыходзяць вучні сярэдніх класаў. І разам з майстрам акунаюцца ў захапляльны працэс, нібы ў іншае вымярэнне, дзе пануе асалода творчасці. n

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

 Разьба па дрэве як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тэрыторыі Беларусі вядома з 12 стагоддзя. Да 17 стагоддзя рэзчыкі карысталіся нажом і сякерай. Пасля ў іх арсенале з’явіліся падоўжаная піла, долата, стамеска, рубанак.

Традыцыйная беларуская народная разьба па дрэве не адрознівалася залішняй дэкаратыўнасцю. Найбольш старажытны і распаўсюджаны матыў – шматпрамянёвая разетка – сімвал сонца, што азначала пачатак жыцця і чысціню чалавечых думак. Выява каня абяцала шчасце і ўрадлівасць. Гусь, лебедзь і качка сімвалізуюць добры пачатак. Певень, паўлін, курыца аберагаюць ад злога вока.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

← Предыдущая

Анатолий Сивко посетил здание бывшего роддома в Миорах

Назад к списку
Следующая →

В «Военной академии Республики Беларусь» состоится День открытых дверей

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]