01 Октября 2010

Лёс так вызначыў

gazeta
  • 405
Нас вучыла і прывівала любоў да замежных моў выдатная настаўніца Вера Генадзьеўна Гайлеш. За час работы ў Верхнядзвінску, на Браслаўшчыне і ў Полацку яна праявіла сябе чулым чалавекам і моцным педагогам. Многія яе выхаванцы працуюць на Міёршчыне, у іх ліку дырэктар СШ №3 В. Г. Атрошка. Вера Генадзьеўна часта наведвае Міёры і раён. Тут у яе родныя ў вёсках Павяцце, Орцы, Ідолта і Пераброддзе.

Лёс так вызначыў    Гэтай цудоўнай жанчыне, педагогу ад Бога, спаўняецца 60. Перад юбілеем і напярэдадні прафесійнага свята віншуем і выказваем ёй найлепшыя пажаданні.
В. Г. Гайлеш захапілася замежнымі мовамі яшчэ ў школе, неаднаразова перамагала ў раённых і абласных алімпіядах па нямецкай. Закончыла СШ №2 Верхнядзвінска з залатым медалём і вытрымала конкурс у 15 чалавек на месца ў Смаленскім педагагічным інстытуце. Вучылася з запалам, як выдатніцу на апошнім курсе яе накіравалі на стажыроўку ў Германію, у горад Дрэздан. Яна магла там застацца выкладчыцай рускай мовы і літаратуры для нямецкіх школьнікаў. Аднак вярнулася ў родны Верхнядзвінск вучыць дзяцей у школе, якую закончыла сама. Выйшла замуж і пераехала з мужам у Браслаўскі раён. У Слабадской СШ працягвала вучыць дзяцей нямецкай і французскай мовам. Пра маладую таленавітую і перспектыўную настаўніцу пісала “Браслаўская звязда”.
Але лёс унёс свае карэктывы: Гайлешы пераехалі ў Даўгаўпілс. Вера Генадзьеўна спачатку працавала выхавальнікам у школе-інтэрнаце і перамагла ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы клас. Узнагародай стала паездка ў Ленінград і стажыроўка ў Канадзе ў гарадах Таронта і Атава. А потым зноў выкладала замежныя мовы ў адной з буйнейшых школ Даўгаўпілса, дзе вучылася і яе дачка Надзюша. Стала спецыялістам вышэйшай катэгорыі.

У пачатку 90-х Гайлешы на сямейным савеце прынялі рашэнне вярнуцца ў Беларусь. Надзенька паступіла на музычнае аддзяленне Полацкага педагагічнага каледжа, а вось Веры Генадзьеўне работы па спецыяльнасці не знайшлося. Яна ўладкавалася інспектарам па замежных мовах у гарадскі аддзел адукацыі, была перакладчыцай на фабрыцы мастацкіх вырабаў. А потым зноў вярнулася да выкладання замежных моў, цяпер у СШ №4 горада Полацка. А ў 1996 годзе яе запрасілі выкладчыкам у педагагічны каледж, які пазней далучылі да Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава.

Латвійская вышэйшая катэгорыя выкладчыка ў Беларусі аказалася несапраўднай, і Веры Генадзьеўне зноў давялося даказваць права на прафесійнае прызнанне. На гэта спатрэбілася каля 15 гадоў. Цяпер яна вучыць студэнтаў, будучых выкладчыкаў замежных моў. Актыўна супрацоўнічала з інстытутам імя Гётэ і яго філіялам у Мінску, там праходзіла перападрыхтоўку. Зноў стажыравалася ў Германіі. Прымае ўдзел у падтрыманні сяброўскіх адносін з горадам-пабрацімам Полацка нямецкім Фрыдрысхафенам як перакладчык.

Прыклад мамы натхніў і дачку Надзею на педагагічную працу. Яна закончыла Мінскі педуніверсітэт, музычны факультэт і магістратуру Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, працуе ў каледжы, які закончыла, выкладчыкам музыкі (баян, акардэон, піяніна).

А ў Веры Генадзьеўны ўжо 42 гады педагагічнага стажу. Гэта выдатны прафесіянал, добры і інтэлегентны чалавек.

Уладзімір АЛЕКСАНДРОВІЧ.


← Предыдущая

Обмен военнопленными между Россией и Украиной провели на территории Беларуси

Назад к списку
Следующая →

Сямейная дынастыя педагогаў

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]