28 Июня 2023

У Міёрах прайшло пасяджэнне раённага савета пажылых грамадзян

gazeta
  • 910

 Накірункі дзейнасці і бліжэйшыя планы абмеркавалі на пасяджэнні раённага савета пажылых грамадзян. Таксама ў парадку дня знайшлі адлюстраванне пытанні прафілактыкі кіберзлачынстваў, выкананне правіл пажарнай бяспекі, вывучэнне спектра сацыяльных паслуг.

Кола дзейнасці шырокае

Раённы савет пажылых грамадзян створаны на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага асблугоўвання насельніцтва як орган, што з’яўляецца пасрэднікам паміж мясцовай уладай і пажылымі жыхарамі раёна. Узначальвае структуру Пётр Пятроў, былы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі. Кола дзейнасці шырокае: ад абароны інтарэсаў пажылых людзей і арганізацыі іх вольнага часу да ўдзелу ў разнастайных мерапрыемствах, выступленняў з ініцыятывамі. Адна з іх – пасадзіць дрэўцы на пустцы непадалёк ад брацкай магілы яўрэяў у Міёрах. За яе рэалізацыю прымуцца ў спрыяльнае надвор’е. Паколькі савет створаны параўнальна нядаўна, удзельнікі пажадалі вывучыць вопыт падобных структур у суседніх раёнах.

Махлярам – не верыць

Запрасілі на нараду суб’ектаў прафілактыкі. Участковы інспектар міліцыі Мікалай Швед нагадаў быць асцярожнымі са званкамі на мэсэнджары з незнаёмых нумароў. Тэлефонныя махляры прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, банка, выклікаюць давер суразмоўнікаў і такім чынам завалодваюць іх грашыма. Часцей за ўсё ахвярамі зламыснікаў становяцца пажылыя людзі. Выйсці на след махляроў праблемна, паколькі тэлефануюць з-за мяжы. Самы просты спосаб засцерагчы сябе ад кіберзлачынстваў – не адказваць на званкі з незнаёмых нумароў.

Клапаціцца пра ўласную бяспеку

Правілы бяспекі нагадаў намеснік начальніка РАНС Павел Бурак. Працягвае дзейнічаць забарона на наведванне лясоў. Яе парушэнне цягне адміністрацыйную адказнасць. На вадаёмы шлях адкрыты. Аднак выратавальнік не раіць купацца ў незнаёмых месцах. Тым больш – заходзіць у ваду ў стане алкагольнага ап’янення. Менавіта па гэтай прычыне здараецца большасць трагедый.

Лета – час прывесці ў парадак пячное ацяпленне. У тым ліку ў лазнях і гаспадарчых пабудовах, дзе стан печак, са слоў Паўла Алегавіча, найбольш непакоіць выратавальнікаў. Як і звычка пакідаць без нагляду гаджаты на зарадцы ці ўключанае ў разетку зараднае прыстасаванне. Выпадкі, калі гэта прыводзіла да ўзгарання, здараліся і ў нашым раёне.

Ведаць адрасы падтрымкі

Клопат пра пажылых людзей – не толькі маральны абавязак іх родных і блізкіх, але і адзін з накірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. З паслугамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН азнаёміла загадчык Ірына Крук. Запатрабаваны ў раёне сацыяльныя работнікі, не застаюцца без справы сядзелкі. Можна звяртацца за разавымі паслугамі. Напрыклад, абкос тэрыторыі, рамонт агароджы, замена праводкі і так далей. Аказваюць іх на платнай аснове па сацыяльных цэнах.

У складанай жыццёвай сітуацыі гатова падтрымаць раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Пра адрасы дапамогі расказала яе старшыня Ганна Ліскова. З апошніх – фінансавая падтрымка сем’яў, што прыехалі з Украіны, і дапамога прадуктовымі наборамі жыхарам Дзісны, якія пацярпелі ад вясенняй паводкі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

← Предыдущая

В объективе - молодые кадры: Валерий Драбо встретился с корреспондентом редакции Валерией Воронько

Назад к списку
Следующая →

Заплаці аліменты і спі спакойна

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]