06 Июля 2023

У Міёрах прайшла сесія раённага Савета дэпутатаў

gazeta
  • 780

 Кожны хоча жыць ва ўтульных і камфортных умовах. У многім ад якасці работы жыллёва-камунальнай службы залежаць паспяховае развіццё эканомікі, дабрабыт насельніцтва, здароўе людзей, працаздольнасць і настрой у грамадстве. Як выконваецца Дырэктыва № 7 ад 4 сакавіка 2019 г. «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны» на Міёршчыне, прааналізавалі на сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Нікалаёнак заўважыў, што ў склад ЖКГ ўваходзіць жыллёвая гаспадарка, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, добраўпарадкаванне і санітарная ачыстка населеных пунктаў, азеляненне гарадоў. Галоўныя задачы на бліжэйшую перспектыву ў гэтым накірунку – цеплавая мадэрнізацыя жылфонду, паляпшэнне якасці пітной вады, укараненне новых падыходаў да абыходжання з бытавымі адходамі, справядлівая тарыфная палітыка, выкарыстанне мясцовых відаў паліва ў цеплаэнергетыцы, удасканаленне структуры ЖКГ. Па многіх напрамках работа ўжо вядзецца. Напрыклад, эксплуатуюцца станцыі абезжалезвання ў аграгарадках Ідолта і Павяцце, Туркова. Плануецца ўзвесці міні-станцыі ў Волкаўшчыне, Пераброддзі і Наўгародах.

Жыллёвы фонд, які эксплуатуе УП ЖКГ, налічвае 181 жылы дом агульнай плошчай 116,4 тысячы м2. Штогод праходзіць бягучы рамонт, які закранае дахі, замену труб халоднага і гарачага водазабеспячэння, цеплаабменнікаў. Летась, напрыклад, на яго выдаткавалі 22,9 тысячы рублёў.

Сёлета запланаваны значна большыя аб’ёмы – на суму 121,2 тысячы. У тым ліку рамонт жылфонду сумеснага домаўладання, дзяржаўнага жылфонду, інтэрната, а таксама абнаўленне фасадаў будынкаў.

Падтрыманне парадку на зямлі заўсёды значылася ў ліку прыярытэтных задач у нашай краіне. ЖКГ ажыццяўляе мноства мерапрыемстваў у гэтым накірунку. Асноўныя з іх – падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавых тэрыторый шматпавярховак, утрыманне і рамонт аб’ектаў добраўпарадкавання і вулічна-дарожнай сеткі, знешняе асвятленне населеных пунктаў.

Летась на ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання гарадоў і вёсак раёна выкарысталі звыш 1,35 мільёна рублёў. Сёлета на знешняе добраўпарадкаванне прадугледжана амаль 695 тысяч рублёў.

Сумеснай пастановай райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў № 41р ад 16 лютага зацверджаны мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні Міёр, Дзісны і тэрыторый сельскіх населеных пунктаў раёна. Летась у іх рамках рэгулярна праводзілі ўборку, садзілі кветкі, касілі газоны, абразалі сухія галіны і фарміравалі кроны дрэў, вывозілі сухое лісце. Рэканструяваны абеліск на плошчы Леніна ў райцэнтры. У зонах адпачынку на паўвостраве і Асінаўцы, у Пераброддзі адноўлены малыя архітэктурныя формы. Ачышчаны прыбярэжныя зоны пляжаў, з уборкай воднай акваторыі дапамаглі выратавальнікі.

Стараннямі камунальных работнікаў Міёры і Дзісна вясной і летам расцвітаюць яркімі фарбамі. 10,3 тысячы саджанцаў знайшлі месца на кветніках. Падсеялі і газоны на плошчы 240 м2. Падрэзалі кроны 120 дрэў у райцэнтры і 48-мі ў Дзісне. Шумяць маладой лістотай восем саджанцаў бэзу і 16 – спірэі.

Сёлета на тэрыторыі раёна з’явілася 1 485 новых дрэўцаў і кустарнікаў. Выдалены старыя і сухастойныя.

Абслугоўвае жыллёва-камунальная служба і могілкі. На балансе 172, у тым ліку пяць гарадскіх. Рамонт агародж, уладкаванне пляцовак і ўстаноўка кантэйнераў для збору адходаў, іх вываз, выдаленне аварыйных і пашкоджаных дрэў. З гэтымі задачамі спраўляюцца.

Таксама даглядаюць і прыбіраюць прыдамавыя тэрыторыі ў Міёрах і Дзісне. Адрамантавалі спартыўныя і дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі ў райцэнтры.

Зімой у камунальнікаў дадаецца клопатаў: чысцяць ад снегу і пасыпаюць пясчана-солевай сумессю дарогі, грэйдуюць вуліцы прыватнага сектара.

На абслугоўванні камунальнай службы звыш 262 кіламетраў вулічна-дарожнай сеткі. Найбольш крытычныя ўчасткі чакае рамонт. Летась ямкавы прайшоў на вуліцах Кірава, Кастрычніцкая, Ізварына, Леніна, Верхнядзвінская, а таксама па Юбілейнай і Леніна ў Дзісне. Бягучы рамонт ахапіў вуліцы 350-годдзя Міёр, Свярдлова і Кірава. Адноўлены тратуары на Кастрычніцкай і Я. Томкі.

На кантролі бесперабойная работа сістэм асвятлення. На абслугоўванні ў гарадах раёна 857 прыбораў. З’явілася электразабеспячэнне паркавай зоны ў Дзісне.

На Міёршчыне створаны неабходныя ўмовы і інфраструктура для збору, вывазу і размяшчэння цвёрдых камунальных адходаў. Дзейнічаюць два палігоны. Выхад адходаў прадугледжаны ў 105 населеных пунктах. Забіраюць смецце з 76 кантэйнерных пляцовак. З насельніцтвам заключана амаль 6,5 тысячы дагавораў, гэтая работа працягваецца. На базе ЖКГ дзейнічаюць лінія па сартаванні смецця і пункты прыёму другасных матэрыяльных рэсурсаў. Магчыма здаваць іх у залік аплаты за камунальныя паслугі.

Пад апекай камунальнай службы 17 кацельняў і 45,9 кіламетра цеплавых сетак. Зніжаюць выдаткі ад страт цеплавой энергіі замена зношаных участкаў на папярэдне ізаляваныя трубы, а таксама цеплаабменнікаў.

Па ўсіх праблемных пытаннях у сферы ЖКГ можна звяртацца ў адзіную дыспетчарскую службу на нумар 115. Летась зарэгістравана 3 158 заявак, у тым ліку 879 – на тое, што паслугі аказалі з недахопамі, 147 – на аказанне платных паслуг. Іх колькасць вырасла ў параўнанні з 2021-м годам. Найбольшая  доля – 20 % – мае дачыненне да электразабеспячэння, на другім месцы з 14 % пытанні аўтадарог і тратуараў, 10 % – наконт каналізацыі. Згодна з аналізам, 59 зваротаў выканалі з пратэрміноўкай, 40 адпраўлены на дапрацоўку.

Як заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба, дэпутацкі корпус – галоўны памочнік у рабоце з людзьмі. Многія разумеюць паслугі жыллёва-камунальнай службы як натуральную з’яву. Між тым для гэтага прыкладаюцца немалыя намаганні. І самі жыхары Міёршчыны, працоўныя калектывы могуць рабіць пасільны ўнёсак у справу добраўпарадкавання сваіх тэрыторый. Трэба разам падтрымліваць парадак у нашым агульным доме.

Алена ВАРОНІНА.
Фота для ілюстрацыі.

← Предыдущая

В объективе - молодые кадры: Валерий Драбо встретился с корреспондентом редакции Валерией Воронько

Назад к списку
Следующая →

Прышкольны лагер працы і адпачынку «Экіпаж «Нашчадкі» дзейнічаў у Міёрах

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]