15 Января 2019

Необычные новогодние истории от жителей Миорщины

gazeta
  • 505

 Першую палову студзеня называюць чароўнай. Адзін за другім бягуць у календары святы — Новы год, Нараджэнне Хрыстова, Стары Новы год, Вадохрышча. У гэты час здараюцца цуды. Спытаем у нашых чытачоў, якія цікавыя гісторыі адбываліся з імі навагодняй парой.

Дар’я ШУК, слесар АіРВГ Міёрскага РГЗ:
— Мне было сем год, калі разам з сям’ёй і роднымі сустракала Новы год на заснежанай лясной паляне. Гэта самая запамінальная навагодняя ноч.  Як звычайна, 31 снежня дома ішла актыўная падрыхтоўка да свята. Завіталі сваякі. Жанчыны накрывалі на стол, а мужчыны кудысьці паехалі яшчэ ўдзень. І вось познім вечарам вяртаюцца, загадваюць усім цёпла апранацца і браць з сабой прыгатаваныя ласункі. Куды едзем, не кажуць. Аказваецца, яны знайшлі ў лесе палянку, упрыгожылі там елку, нават падвялі святло. Узялі з сабой музычны цэнтр на батарэйках і бой курантаў слухалі па радыё. Было весела і цёпла. А калі сабраліся назад, пачалася мяцеліца. Ледзь знайшлі дарогу. Аднак вярнуліся шчаслівымі ад такіх навагодніх прыгод.

 Галіна ПАЎЛОЎСКАЯ, гаспадыня аграсядзібы “Мацейкава сяліба”:
— 2019-ы год пачаўся для мяне з нечаканых прыемных сустрэч. У маладосці працавала ў Даўгаўпілсе ў школе-інтэрнаце. З таго часу мінула тры дзясяткі год. І вось на свята Нараджэння Хрыстова атрымліваю віншаванні ад былых калег. Хтосьці цяпер у Расіі, некаторыя ў Амерыцы, іншыя засталіся ў Латвіі. Пакуль падтрымліваем зносіны праз інтэрнэт, а на лета дамовіліся сустрэцца на маёй аграсядзібе. Цуды сапраўды здараюцца, толькі трэба ўмець іх заўважаць.

 Вераніка ГРЭЦКАЯ, педагог-арганізатар СШ №3 імя Я. Томкі:
— Зімовыя цуды разам з мужам самі ствараем для трох нашых дзяцей. Малодшаму пяць год, ён шчыра верыць у Дзеда Мароза. У старэйшых раней таксама не было сумненняў у сапраўднасці гэтага навагодняга персанажа. Кожны год пад елкай малыя знаходзілі падарункі, пра якія марылі. А мы ім нагадвалі, што ў новым годзе таксама трэба добра сябе паводзіць, каб Дзядуля Мароз зноў паклаў пад елачку жаданыя сюрпрызы. Працягваем традыцыю. На гэты раз падарункі ад казачнага дзеда чакалі не толькі дзяцей, але і тату з мамай.

 Алена БЕЛАВУС, метадыст аддзела па адукацыі:
— Сустракалі 2019 год дома з сям’ёй. Раптам стук у дзверы. Адчыняем — а на парозе стаяць героі казак. Павіншавалі нас з Новым годам, вершы пачыталі, ласункамі пачаставалі. Аказваецца, гэта маміна сяброўка падрыхтавала такі сюрпрыз. Заходзілі не толькі да нас. Вось такі прыемны цуд, які дадаў пазітыву і радасці ў навагоднюю ноч.

 Аляксей УРУБЛЕЎСКІ, інжынер-энергетык філіяла “Павяцце” СУП “Чэрасы”:
— Сапраўднае цуда здарылася напярэдадні Новага года — атрымаў уласны дом ад гаспадаркі, дзе працую. Хата знаходзіцца каля лесу, самая крайняя ў вёсцы. Справіў наваселле. Пачынаю абзаводзіцца бытавой тэхнікай і мэбляй на свой густ. Купіў халадзільнік, вялікі абедзенны стол і чатыры табурэткі. У планах зрабіць сучасны рамонт.

 Аляксей КОРСАК, пажарны ПАВЧ №1 у Міёрах райаддзела па надзвычайных сітуацыях:
— Упершыню разам з жонкай адзначалі Новы Год такой вялікай дружнай кампаніяй — у коле сям'і маёй старэйшай сястры Таццяны. У яе трое дзяцей, самай малодшай Ксюшы хутка тры гадкі. Жывуць у міёрскай кватэры, а, дарэчы, у суседнім доме — мой брат Саша. Таксама сямейны чалавек. Адзначаў асобна, але разам з ім і старэйшым сынам Таццяны Уладзікам запускалі салюты. Было весела. А здымкаў і відэа колькі засталося на памяць! 

← Предыдущая

Костюковичи принимают День белорусской письменности

Назад к списку
Следующая →

Музей собирает предметы на выставку к 30-летию вывода войск из Афганистана

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]