Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Актуально: Во время затмения 28 августа Луна почти полностью покраснеет
Общество: Обмен военнопленными между Россией и Украиной провели на территории Беларуси
Актуально: В Китае разработали летающий спасательный круг с автономной системой навигации
Происшествия: При проведении спецмероприятий витебские таможенники установили два факта незаконного ввоза товаров из России
Официально: 27 августа в Миорах пройдет профсоюзный правовой прием граждан
“Як у ваенны час...”
У раённым спісе па артыкуле 1.1 ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС з 27 асоб Мікалаю Мілто алфавіт адвёў 15-е месца. І па ўзросце тагачасны дзяржаўта-інспектар Пастаўскага РАУС быў прыкладна на сярэднім узроўні сярод работнікаў органаў унутраных спраў, якіх накіравалі ў зону адсялення. За месяц да чэрвеня таго памятнага 1986-га яму толькі споўнілася 30.
Нас, работнікаў міліцыі, асабліва не пыталіся, хто выказвае жаданне папрацаваць у небяспечнай зоне: раз служыш — выконвай загад, — апавядае Мікалай Сямёнавіч. — Так аказаўся ў складзе ўжо другога віцебскага зводнага атрада прыкладна са ста чалавек, які на месяц прыехаў на змену сваім калегам. Нам выдалі палявую форму, працівагазы, дазіметры, размясцілі ў будынку школы вёскі Савічы (прабачце, калі назаву не вельмі дакладна — усё ж мінула столькі часу) Брагінскага раёна. Выконвалі практычна тыя ж задачы, што і на месцах пастаяннай службы: падтрыманне грамадскага парадку і забеспячэнне бяспекі руху. Хаця былі асаблівасці — папярэджанне марадзёрства ў пусцеючых населеных пунктах, суправаджэнне прадстаўнікоў мясцовай улады, якія ўгаворвалі тутэйшых жыхароў пакінуць небяспечную зону.
Лета ў той год аказалася спякотным, — працягвае дзяліцца ўспамінамі Мікалай Сямёнавіч. — Вёскі на поўдні Беларусі былі вялікія, багатыя. Толькі тады іх выгляд не радаваў: жыхароў імкліва менела, шмат будынкаў пуставала, да іх туліліся ўжо бяздомныя каты і сабакі, дамашні статак людзі забралі з сабой. Уражанне такое — нібы перад вайной ці ў вайну. Першымі пакінулі родныя мясціны маладыя сем’і з дзецьмі, старэйшыя выехаць не спяшаліся, угаворваць іх было вельмі цяжка псіхалагічна. І гэта зразумела, як пакінуць назаўсёды ўсё тое, што створана нялёгкай працай на працягу дзесяцігоддзяў, як адарвацца ад прывычнага ладу жыцця. Некаторыя ад’ехалі, а потым вярнуліся…
Непасрэдна ў 30-кіламетровую зону мы не заязджалі, калясілі па Брагінскім і Хойніцкім раёнах, ля Нароўлі, — сведчыць ліквідатар. — Як вярталіся, самі прымалі душ, праводзілі дэзактывацыю машын. Нярэдка назіралі, як іншыя прыцягнутыя да ліквідацыі наступстваў аварыі людзі на тэхніцы зграбалі верхні слой глебы і адвозілі яго на захараненне. Ім было яшчэ цяжэй, бо ўсе адчувалі сухасць у роце… А навокал пакінутыя без нагляду сады спакушалі спелымі чарэшнямі, агароды — клубніцамі. Есці іх катэгарычна забаранялася, але, здаралася, абмывалі плады вадой і спажывалі.
Праз месяц на змену нам прыехалі выпускнікі вышэйшай школы міліцыі, сярод іх быў Юрый Лявіцкі, якога нядаўна праводзілі ў апошні шлях,— падводзіць вынікі размовы Мікалай Сямёнавіч. — Гэта пацвярджэнне таго, што і той, здавалася б, невялікі перыяд знаходжання ў небяспечнай зоне здароўя нам не прыбавіў. І зараз адгукаецца болем у суставах ног і рук.
Гэта сцвярджае мой другі суразмоўца Калікс Федуковіч, якога ў сям’і і ўсе знаёмыя звычайна завуць Мікалаем. Ён не з такога вялікага спісу ліквідатараў па артыкуле 1.2. Але не толькі міярчане ведаюць Мікалая (так буду называць яго і я)Міхайлавіча найперш як вясёлага гарманіста, душу любой кампаніі, апошнім часам — актыўнага ўдзельніка клуба “Бажэна”. Невыпадкова працоўны шлях ён пачынаў культработнікам, у 1964-м прызначылі загадчыкам Новапагосцкага СДК. Там тады была вялікая самадзейнасць , спяваў хор настаўнікаў, выязджалі з канцэртамі. Сцвярджае, што сам выступаў на сцэне 26 гадоў. Задаволены: любімы інструмент — гармонік — паступова вяртаецца да слухача.
У 1986-м Мікалай Міхайлавіч ужо вопытны вадзіцель Міёрскай райсельгасхіміі, у гэтай арганізацыі за рулём самазвала ЗІЛ-130 з першых дзён яе стварэння. Новая машына і “спакусіла” пакінуць райсельгастэхніку. Пасля аварыі на ЧАЭС райаб’яднанне абавязвалася накіраваць на ліквідацыю яе вынікаў свой мехатрад. Яго склад фарміраваўся вельмі проста: паедзеш са свамі работнікамі сам, ці райваенкамат цябе накіруе туды, дзе больш патрэбны.
Такім чынам Мікалай Федуковіч разам з іншымі работнікамі райсельгасхіміі аказаўся ў другім складзе змены мехатрада ў калгасе імя Леніна Слаўгарадскага раёна на Магілёўшчыне. Ехаў на два тыдні, затрымаўся на месяц, некім было яго падмяніць.
Жылі ў не вельмі добраўпарадкаваным інтэрнаце, харчаваліся ў калгаснай сталоўцы, пілі толькі сокі з магазіна, пры гэтым імкнуліся набываць старыя, з іржавымі накрыўкамі слоікі, якія сведчылі, што посуд трапіў сюды задоўга да аварыі ў Чарнобылі, прыгадвае Мікалай Міхайлавіч.
— Чым займаліся?
— Я працаваў на ОРУПе — машыне па транспарціроўцы і ўнясенні ў глебу даламітавай мукі. Наш атрад узнімаў выяўлены дазаметрыстамі радыёактыўны слой зямлі, вывозіў яго на захоўванне, а потым засыпаў участак даламіткай, якую дастаўлялі здаля — з Быхава. Адтуль рабілі за дзень не больш за два рэйсы на машыне, а на трактары Т-150 — нават адзін. Не ведаю, які эфект быў ад такой аперацыі, бо пылападобны сыпучы матэрыял ветрам разносіла па ўсім наваколлі. Але ад нас патрабавалі — мы гэтым займаліся. Побач працавалі Ігар Алісеенка, Леанід Буда, Іван Сушчык, якога ўжо няма сярод нас, прозвішчы іншых памяць не захавала.
Абстаноўка і настрой былі вельмі напружанымі, і праца — нялёгкай. Штодзень абмывалі тэхніку дэзактывуючымі растворамі, і самі асцерагаліся, наколькі гэта магчыма, трапіць пад апраменьванне. Але як ад той напасці ўратавацца, калі штодзень адчувалі саладкаваты прысмак у роце. Казалі, што гэта сведчанне прысутнасці барыю. Слодыч знікла, як вярнуліся ў родныя мясціны. Цяпер час ад часу былая радыяцыя як дрыль свідруе суставы рук і ног, ад болю крыху ратуе толькі мазь “Конская сіла”.
На першым часе вынікі небяспечнай камандзіроўкі кампенсавалі неўтрыманнем падаходнага падатку, некаторымі бясплатнымі лекамі, павялічаным аплочваемым водпускам і рэгулярным медаглядам. Цяпер ад гэтага пераліку засталіся толькі медагляды, але і ад магчымасці прайсці іх без чаргі адмаўляюся, няёмка перад іншымі хворымі. Падтрымліваюць пасільная праца на агародзе і гармонік з вясёлай частушкай.
А тады асаблівага выбару не было, кожны выконваў свой абавязак.
Фота Казіміра Блажэвіча.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.