15 Декабря 2023

Семнадцать лет управделами Тереза Борановская документально сопровождает жителей Новопогостского сельсовета

gazeta
  • 967

 Асабістыя радасныя і сумныя падзеі падзяляе з вяскоўцамі кіраўнік спраў сельвыканкама. Акрамя шырокага спектра абавязкаў на яго ўскладзена рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану. Сямнаццаць гадоў дакументальна суправаджае жыхароў Новапагосцкага сельсавета Тэрэза Бараноўская.


Заключэнне шлюбу, рэгістрацыя нараджэння і смерці, устанаўленне бацькоўства, выдача даведак аб нараджэнні і смерці. Гэтыя працэдуры таксама ў кампетэнцыі Тэрэзы Бараноўскай.


– Я чалавек эмацыянальны і чулы. Перажываю, калі рэгіструю любую падзею, бо ўсе жыхары сельсавета – яны мае. Усіх ведаю. Радуюся, калі нараджаецца сям’я, калі ў ёй з’яўляецца дзіця, калі ў першым афіцыйным дакуменце малога ўказаны і мама, і тата. Смуткую, калі чалавек адыходзіць у іншасвет, – расказвае суразмоўніца.
Заўважае, што самая прыемная частка яе работы – рэгістрацыя шлюбаў. З гэтага моманту бярэ адлік сямейная гісторыя. Адчувае і сваю асабістую адказнасць перад кожнай парай. Берагчы каханую наказвае жаніху, падтрымліваць свайго абранніка раіць нявесце. І абодвум – быць адно аднаму надзеяй і апорай, паважаць і цаніць, прагаворваць праблемы. Неяк падлічыла статыстыку за дзесяцігоддзе. З мноства пар, якіх выпускала ў сумеснае жыццё, скасавалі шлюб толькі тры. І гэта таксама нагода для разважанняў:


– Адразу ўзгадвала іх рэгістрацыі. Як пяшчотна глядзелі адно на аднаго, трымаліся за рукі. Значыць, быт «заеў» або штосьці не склалася, не змаглі дамовіцца. За стандартнай фармуліроўкай «не сышліся характарамі» звычайна хаваюцца, каб не пасвячаць грамадскасць у свае праблемы.
Тыя, хто адольваюць разам усе жыццёвыя нягоды, – добры прыклад для пераймання. Не раз у сельвыканкаме ўрачыста засведчвалі юбілейныя вяселлі. «Залатыя» і «сярэбранае» некалькі гадоў таму рэгістравалі ў Снегах і Новым Пагосце. Між тым маладыя ўсё часцей проста распісваюцца.


Сёлета ўзялі шлюб дзве пары, зарэгістравалі нараджэнне аднаго дзіцяці. Вядома, хтосьці аддае перавагу аддзелу загса. Прыгожыя краявіды побач, адна Набярэжная чаго варта! А для Тэрэзы мілыя сэрцу родныя мясціны. І ўсе важныя падзеі ў жыцці яе сям’і занатаваны менавіта ў Новапагосцкім сельвыканкаме. Іх з Сяргеем шлюб у 2004 годзе рэгістравала Раіса Гернат, тады сакратар, і старшыня Мікалай Багданаў. Першы танец маладыя танцавалі пад музыку бабіннага магнітафона. Захапляліся шыкоўнай залай, абабітай тканінай, дзе на шэрым фоне буялі барвовыя кветкі. Залівалі пакой святлом рознакаляровыя свяцільні. Пасля рамонту інтэр’ер змяніўся, але па-ранейшаму тут прыгожа і ўтульна.
Пасля рэгістрацыі муж і жонка скіраваліся да брацкай магілы, дзе аддалі даніну памяці загінулым воінам, а затым павянчаліся ў царкве.
Інспектар па кадрах і бухгалтар-касір калгаса «Рассвет» Тэрэза Бараноўская знахо- дзілася ў водпуску па доглядзе двайнятак Лёшы і Колі, калі даведалася, што шукаюць спецыяліста ў сельвыканкам. Усё склалася, як і павінна было быць. Адсюль яшчэ два разы скіроўвалася ў водпуск па доглядзе дзяцей – сына Сашы і дачушкі Дашы.


Цярпення і мудрасці ў выхаванні маладым бацькам заўсёды жадае шматдзетная матуля. Заўважае: няважна, кім стануць сын ці дачка, галоўнае – каб выраслі добрымі людзьмі. Разам з цёплымі пажаданнямі ўручае паштоўку або сувенір. Апошнім часам жыхары сельсавета называюць малых простымі і прыгожымі імёнамі: Аліса, Ангеліна, Ганна, Кацярына, Мілана, Сафія, Аляксандр, Віктар, Мацвей, Раман, Уладзіслаў, Кірыл. З рэдкіх – Дамініка і Дарына.


Дзіця павінна расці ў поўнай сям’і, упэўнена кіраўнік спраў сельвыканкама:
– Перш за ўсё, зарэгістраваны шлюб – гэта абавязацельствы адзін перад адным. Абараняе сям’ю і дзяржава. Для маладых існуе шмат магчымасцей, у першую чаргу, стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Шматдзетным асаблівая ўвага і падтрымка з боку дзяржавы. Але падыходзіць да стварэння сям’і трэба сур’ёзна і адказна.


Разам з тым нараджаюцца дзеткі і па-за афіцыйным шлюбам. У такім выпадку тата павінен пісьмова пацвердзіць сваё бацькоўства, інакш у пасведчанні аб нараджэнні яго не ўкажуць. Па словах Тэрэзы Іванаўны, бывае, што ўсе тры этапы – шлюб, нараджэнне і ўстанаўленне бацькоўства – рэгіструюць разам.


Асабліва цяжка ў маральным плане афармляць пасведчанні аб смерці. Кожны такі выпадак пражывае разам з блізкімі. 
Каб быць дасведчанай у прафесіі, кіраўнік спраў знаходзіцца ў пастаянным самаразвіцці. Праходзіць курсы, вучобу ў аддзеле загса, сочыць за змяненнямі заканадаўства, кансультуецца ў арганізацыях. Сваёй галоўнай мэтай лічыць камфорт людзей, якія звяртаюцца па дапамогу. Каб не давялося ім пасля візіту ў сельвыканкам дадаткова збіраць інфармацыю. Людзі заўсёды знаходзяць адказы ў спецыяліста, які суправаджае іх у розныя перыяды жыцця.


Алена ВАРОНІНА.

Фота з архіва Тэрэзы БАРАНОЎСКАЙ.

← Предыдущая

Инспекция МНС напоминает о возможности использования сервиса «Личный кабинет плательщика»

Назад к списку
Следующая →

21 декабря в Миорском районе профсоюзный приём граждан

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]