Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Сёння — Дзень пажылых людзей, гэта значыць тых, каму за 60, пенсіянераў. Але сярод такой катэгорыі нямала працуючых, у тым ліку на кіраўнічых пасадах. Вось галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна з 23 кастрычніка 1975-га — 38 гадоў — з'яўляецца Рамуальд Уладзіміравіч Маліноўскі. У яго самы вялікі кіраўніцкі стаж на Міёршчыне. Чым ён забяспечаны?
— Напэўна, адносінамі да работы, — адказвае Рамуальд Уладзіміравіч.
— Якіх прынцыпаў ва ўзаемаадносінах з падначаленымі прытрымліваецеся?
— Трэба быць сумленнымі і прыстойнымі, без патрабавальнасці кіраўніку не абысціся, але неабходна ўлічваць закон спружыны: кіраўніцкі націск павінен мець разумныя межы, інакш механізм зламаецца.
— Што лічыце абавязковым для сябе?
—Добрасумленнасць і абавязковасць у рабоце, грамадскіх і асабістых справах. Павагу да падначаленых і людзей наогул. Цаню чужую працу.
Варта дадаць, што Р. У. Маліноўскі ўваходзіць у склад мноства раённых камісій, выбарных органаў, а важнейшымі грамадскімі абавязкамі лічыць паўнамоцтвы дэпутата і члена прэзідыума раённага Савета.
35 гадоў узначальвае аптэчную сістэму раёна Ніна Пятроўна Гарбачонак.
— Неабходна быць адказным чалавекам, умець працаваць з падначаленымі і вышэйстаячым кіраўніцтвам, — такія прыярытэты вызначыла яна для сябе. — І прымаць усе магчымыя меры для лепшага забеспячэння лекамі насельніцтва.
— А жанчынай-кіраўніком быць цяжка?
— Па сабе я гэтага не сказала б, можа таму, што і калектыў наш жаночы. Але ўсе добрыя спецыялісты, з імі працаваць лёгка. Вядома, матэрыяльна-тэхнічная база патрабуе пастаяннай увагі. У свой час нямала паклапацілася пра яе стварэнне, цяпер займаюся падтрыманнем і развіццём. Сёлета гэта невялікія работы ў Міёрах, Дзісне і Язне, а вось на 2014-ы намечаны рамонт.
— Службовыя абавязкі не перашкаджаюць спраўляцца з дамашнімі справамі?
— Не, паспяваю і там.
Як тут не пажадаць далейшых поспехаў!
Наступны суразмоўца — Васіль Пятровіч Шастакоў. У яго паслужным спісе 24 гады кіраўніцтва ААТ "Мікалаёўскі", які быў калгасам "Запаветы Леніна" і сельгаскааператывам, 6 гадоў на пасадзе старшыні Мікалаёўскага сельскага Савета.
— Кіраўнік абавязаны працаваць больш за іншых, клапаціцца аб усім, — сцвярджае Васіль Пятровіч. — А мой прынцып у рабоце — давярай і правярай. Так, трэба арганізаваць вытворчасць, зацікавіць людзей, даверыць ім пэўную справу, а потым пракантраляваць, як яны з усім справіліся. Але кіраўнік усіх не заменіць, ён абавязаны стварыць каманду аднадумцаў. Зразумела, некага даводзіцца прымушаць, а хто "не цягне" — і мяняць.
— Чым работа старшыні сельсавета адрозніваецца ад спраў дырэктара сельгаставарыства?
— У гаспадарцы заняты працаздольныя, яны свае жыццёвыя пытанні вырашаюць у асноўным самі, а пры неабходнасці і на аператыўную падтрымку могуць разлічваць. Клопат сельскага Савета — пенсіянеры, людзі, якія ўжо адышлі ад актыўных грамадскіх і гаспадарчых спраў, ім на вёсцы цяжэй, ды і з імі… А агарод дагледзець трэба, статак — таксама, дровы прывезці і спарадкаваць, не ва ўсіх узаемаадносіны з дзецьмі складваюцца. Але нашы людзі ў горадзе не ўжываюцца. Вось вярнулася ў сваю хатку ад дачкі бабулька: не магу, маўляў, я ўвесь час у чатырох сценах на 9-ым паверсе знаходзіцца, нават пагаварыць няма з кім, знаёмых не пабачыш. А таму трымаюць з апошніх сіл курачак, парсючка, агарод. Калі старыя ўдваіх — яшчэ лягчэй, асабліва цяжка аднаму дзядулю.
Дык вось, у аграгарадку ўжо агароджы трэба мяняць, людзі просяць старыя дрэвы зрэзаць, іншаму печ трэба дапамагчы адрамантаваць. А ў мяне ні сіл, ні грошай. Дарога на Арханава патрабуе рамонту, а сродкаў на гэта ні ў сельскім Савеце, ні ў дарожнікаў.
— Цяпер нашы законатворцы загаварылі аб павышэнні ролі мясцовых органаў улады. Як Вы бачыце магчымую рэарганізацыю?
— Магчымы варыянты. Напрыклад, скараціць і так невялікі апарат, пакінуўшы яму толькі юрыдычныя функцыі — афармленне ўласнасці, зямлі, выдача пасведчанняў, даведак, афармленне актаў грамадзянскага стану і іншае падобнае. Тады ўвесь комплекс гаспадарчых пытанняў, у тым ліку добраўпарадкаванне, дарогі, падтрымка льготных катэгорый насельніцтва і іншае, становіцца справай кіраўніка гаспадаркі ці яго намесніка па ідэалагічнай рабоце. Па большасці, яны і цяпер гэтым займаюцца, але пры фармальных зваротах старшыні Савета. Увогуле, мы адну справу робім, толькі ацэньваем яе па-рознаму, ды і глядзім неаднолькава.
Другі напрамак рэфармавання — даць сельскаму Савету рэальныя сродкі на рэалізацыю канкрэтных праграм.
Вялікі працоўны і кіраўніцкі стаж мае старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Франц Антонавіч Вішнеўскі. 12 гадоў ён з'яўляўся галоўным інжынерам у калгасе "Праўда", яшчэ 5 — намеснікам старшыні і дзесяцігоддзе ўзначальваў гэтую гаспадарку. Ужо трэці тэрмін займае выбарную пасаду прафсаюзнага лідара — з 1999 года. У чым бачыць сваю асноўную задачу?
— Гэта абарона інтарэсаў людзей працы, — адзначае Франц Антонавіч.— Дзейсны рычаг для таго—калектыўны дагавор. У ім павінны быць абумоўлены ўсе сацыяльна-эканамічныя пытанні, у тым ліку аплаты працы, розных даплат і льгот, гарантый. Адным словам, калектыўны дагавор—гэта заканадаўства калектыву, у прававым полі якога і трэба дзейнічаць. Усе бакі жыцця прадугледжаны ў такіх дакументах у Міёрскім ПМС, ААТ "Туркова", "Мікалаёўскі", "Любінова", "Гвардзейскі", ВУПКУ "Міёрскі" і іншых сельгаспрадпрыемствах.
Многае залежыць і ад фінансавага становішча, пры распрацоўцы калектыўных дагавароў яго трэба ўлічваць.
— Што лічыце важным для кіраўніка?
— На першым месцы знаходзіцца вытворчасць, потым — умовы працы. Трэба ўмець абыходзіцца з людзьмі. Займаючы пасаду старшыні, я заўсёды імкнуўся, каб з майго кабінета чалавек не выходзіў з апушчанай галавой. Важнае не тое, куды накіраваць трактар, камбайн, машыну, кіраўніку трэба заваяваць давер падначаленага. А ён грунтуецца на гаспадарскім падыходзе да ўсяго, у тым ліку да аплаты працы, тады і штомінутны кантроль за людзьмі не патрэбны. Адным словам, заўсёды трэба бачыць чалавека.
Разлічваю, што нашы чытачы прадоўжаць гэтую размову. Спадзяюся, што і новая рубрыка прыжывецца. Сапраўды, цікаўнасць — не загана.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.