24 Июня 2021

Медиков поздравили с Днем медицинского работника в Миорской ЦРБ

gazeta
  • 1046

 Віншаванні і пажаданні ў першую чаргу здароўя гучалі на ўрачыстасці з нагоды Дня медыцынскіх работнікаў, што адбылася ў мінулую пятніцу ў Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы. Эпідсітуацыя пакуль не дазваляе адзначаць свята з канцэртамі ў РДК, між тым атмасфера ў невялікай актавай зале медустановы таксама панавала цёплая і пазітыўная.

 

Складанасці загартоўваюць

У медыцыну прыходзяць, каб дапамагаць людзям, і без гэтага сябе не ўяўляюць, адзначыла галоўны ўрач Міёрскай ЦРБ Алена Сівая. Калегам пажадала быць здаровымі. Наколькі гэта важна, усе яшчэ больш усвядомілі ў перыяд пандэміі каронавіруса. Мінулы і сёлетні год для медыкаў аказаліся няпростымі. Разам з тым галоўны ўрач падкрэсліла, што калектыў умее працаваць у складаных умовах. Працягвалі работу ўсе аддзяленні, ішло абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Бальніца набыла датчык для даследаванняў сэрца, дзве машыны хуткай дапамогі. Таксама адрамантавалі медабсталяванне.

 

Старанне заўважаюць

Напярэдадні прафесійнага свята медработнікаў адбыліся ўрачыстасці ў Віцебску і Мінску. Бралі ў іх удзел міёрскія ўрачы. Запрасілі іх не проста так. На мерапрыемстве ў абласным цэнтры анестэзіёлагу-рэаніматолагу (загадчыку аддзялення) Георгію Раманенку ўручылі знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». У сталіцы на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі ўдзячнасць Прэзідэнта аб’явілі ўрачу агульнай практыкі (загадчыку аддзялення ўрача агульнай практыкі) паліклінікі Міраславе Кунцэвіч. З Віцебскай вобласці такой пашаны ўдастоены тры чалавекі.

 

 Падтрымку аказваюць

Кожны год міёрскіх медыкаў віншуюць са святам прадстаўнікі раённай улады. Завітаў на ўрачыстасць намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба. Заўважыў, што ўрач – адна з тых прафесій, што ад Бога. Гэтую справу выбіраюць душой і імкнуцца перш-наперш не да матэрыяльных выгод, а да добрага самаадчування пацыентаў. Запэўніў, што райвыканкам і далей будзе аказваць падтрымку медыцынскай сферы.

 
– Годна перажылі цяжкі год. Медыцына гатова да выклікаў сучаснасці. Але няхай іх не будзе. Лепш займацца прафілактыкай, – гаварыў Валерый Анатольевіч.
Як удзячнасць за адказную працу ўручыў узнагароды. Ганаровай граматай райвыканкама адзначылі анестэзіёлага-рэаніматолага Станіслава Мандрыка. Удзячнасць аб’явілі старшай медыцынскай сястры-анестэзістцы Валянціне Аўсяннікавай.

 

 Віншаванні дасылаюць

Атрымліваць задавальненне ад сваёй працы, заставацца вернымі прафесіі і ганарыцца ёй жадала калегам старшыня прафкама Святлана Карпеза. Даслалі віншаванні міёрскім медыкам з іншых медустаноў і арганізацый. Удзячная пацыентка Нона Саркісян з Міёр тэлефанавала не толькі адміністрацыі раённай бальніцы, але і ў галоўнае ўпраўленне аховы здароўя аблвыканкама, каб сказаць добрыя словы ў адрас міёрскіх медыкаў.

 
З вобласці разам з віншаваннямі перадалі ўзнагароды. Ганаровыя граматы Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама папоўнілі скарбонку поспехаў урача анестэзіёлага–рэаніматолага Макара Ажэля, намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Анжэлікі Сухоўскай, медсястры агульнай практыкі аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі Ірыны Кулеш. Шматлікія медработнікі атрымалі ўзнагароды Міёрскай ЦРБ.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Миорскую центральную районную библиотеку посетили ученики СШ № 2

Назад к списку
Следующая →

"Дисненская волна" приглашает!

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]