05 Февраля 2016

Учительского счастья пять десятков отмерено

gazeta
  • 485
Учительского счастья пять десятков отмереноРазважлівая, памяркоўная, справядлівая, са святлом дабрыні ў вачах і спакоем у голасе — такой ведаюць Галіну Пракоф'еўну Панкрат былыя калегі і вучні. 49 год прысвяціла жанчына школе і дзецям. Здаецца, бег часу амаль не змяніў настаўніцу, і ў свае 70, якія сустрэла сёлета ў пачатку студзеня, Галіна Пракоф'еўна выглядае так, як і 13 год таму, калі аўтар гэтых радкоў адзінаццацікласніцай захоплена слухала яе расповяды на ўроках рускай літаратуры ў Сіцькоўскай сярэдняй школе.

Не памятаю, каб Галіна Пракоф'еўна павышала голас, нават калі для гэтага з'яўляліся падставы. На ўроках заўсёды панавала добразычлівая атмасфера, настаўніца падтрымлівала дзяцей, вучыла думаць і разважаць самастойна.
—Павысіць голас—значыць распісацца ва ўласным бяссіллі,—упэўнена педагог.—Самае важнае—ведаць псіхалогію дзіцяці і разумець яго. Лічу, што з гэтага і пачынаецца праца настаўніка. Калі дзіця адчувае, што яго разумеюць, то ўдасца наладзіць з ім кантакт. Перш-наперш у вучні трэба бачыць асобу.
 
Гэтым правілам Галіна Пракоф'еўна кіравалася на працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці, якая пачалася ў 1965 годзе ў Сенькаўскай школе Верхнядзвінскага раёна, што амаль на граніцы з Лат-віяй. Туды маладую настаў-ніцу пачатковых класаў накіравалі пасля вучобы ў Полацкім педвучылішчы. Працоўныя будні чаргаваліся з сесіямі ў Вялікалуцкім педагагічным інстытуце. 

На першым працоўным месцы затрымалася 4 гады, затым вырашыла вярнуцца на родную Міёршчыну. Прапанавалі выкладаць рускую мову і літаратуру ў Акунёўскай сярэдняй школе. Адтуль да малой радзімы—вёскі Харакова, што ў Туркоўскім сельсавеце—бліжэй. З радасцю спяшалася на ўрокі, добрыя адносіны склаліся з дзецьмі. Да цяперашняга часу падтрымлівае сувязь з выпускнікамі 1973 года. Былыя вучні ўжо на заслужаным адпачынку, а кагосьці і няма сярод нас. Часта тэлефануюць, прыязджаюць у Акунёва, каб прайсціся па мясцінах дзяцінства і прыгадаць залатую школьную пару.

У 1978 годзе Галіну Пракоф'еўну прызначылі на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, а яшчэ праз 5 год стала выконваць абавязкі кіраўніка ўстановы адукацыі. 
—Адміністрацыйная дзейнасць—гэта не маё,—прызнаецца субяседніца.—Душа ляжала да настаўніцкай справы. 
Доўга не згаджалася ўзначаліць Сіцькоўскую сярэднюю школу, будаўніцтва якой пачалося ў сярэдзіне 80-х, але ў рэшце рэшт прыняла прапанову. Той час быў няпростым: хапала клопатаў у новай школе, дома патрабавалі ўвагі маленькія дзеці. Аднак менавіта гэты перыяд для Галіны Пракоф'еўны застаўся самым яркім і запамінальным.

—Самі мэблю збіралі, кабінеты афармлялі, фарбавалі,—успамінае яна.—Аднойчы ў школу завітаў кіраўнік раёна і вельмі здзівіўся, што дырэктар таксама з пэндзлем у руках. За дапамогу і ўзаемаразуменне была вельмі ўдзячна кіраўнікам колішняга калгаса "Шлях да камунізму"—Юрыю Міхайлавічу Скавародку, які і выступіў ініцыятарам будаўніцтва школы, і яго пераемніку Зыгмунту Іосіфавічу Пад'ельскаму. Заўсёды цікавіліся, як ідуць справы, дапамагалі з транспартам, аказвалі матэрыяльную падтрымку. Быў перыяд калі ад калгаса вучням, якія паспяхова заканчвалі чвэрць, плацілі стыпендыю. 

Спатрэбіўся час, каб у школе сфарміраваўся калектыў. Моладзь у вёсцы не затрымлівася. Надзейнай апорай для дырэктара сталі настаўнікі Людміла Іванаўна Яроменак, Раіса Аляксандраўна Шымуковіч, Васіль Аляксандравіч Даўбешка, Вера Мікалаеўна Яленская, Пётр Іванавіч і Лія Іосіфаўна Панкрат, якія і цяпер працягваюць несці сваю пачэсную педагагічную вахту. 

На працягу 13 год кіравала Галіна Пракоф'еўна школьным караблём, затым яшчэ 5 адпрацавала намеснікам дырэктара, і нарэшце з'явілася магчымасць займацца толькі навучаннем дзяцей. На заслужаны адпачынак не спяшалася, ды і школе патрэбны быў вопытны педагог. Апошнія  гады займалася з вучнямі-пачаткоўцамі. Цяпер яе выхаванцы ў 4-м класе і, сустракаючыся з настаўніцай, абавязкова дзеляцца сваімі радасцямі і поспехамі ў вучобе.

—Час праляцеў незаўважна,—гаворыць Галіна Пракоф'еўна.—А школа мне часта сніцца. Не дзіўна, столькі год ёй прысвечана. Напэўна, больш сіл аддавала школе, чым уласнаму дому і сям'і.
Цяпер вольнага часу ў жанчыны больш. Перачытвае рускую і замежную класіку, выпісвае шмат перыядычных выданняў, захапляецца сканвордамі і крыжаванкамі. Са справамі па гаспадарцы спраўляюцца разам з мужам Віктарам Аркадзьевічам. Аднак асабістымі клопатамі дні не абмяжоўваюцца. Галіна Пракоф'еўна—старэйшына вёскі Сіцькова і душой хварэе за мястэчка, якое стала для яе родным. Дапамагае вырашаць пэўныя праблемы аднавяскоўцам. Клапоціцца пра забеспячэнне палівам, сочыць за добраўпарадкаваннем. Трымае пастаянную сувязь са старшынёй Мікалаёўскага сельсавета Анатолем Іванавічам Кудрашовым і дэпутатам Міёрскага раённага Савета Ірынай Амбросьеўнай Крук. 

—Рада, што ў вёсцы захавалася інфраструктура: дзейнічаюць ФАП, аддзяленне сувязі, магазін,—гаворыць жанчына.—Для мясцовых жыхароў гэта важна. 
Радуецца Галіна Пракоф'еўна за сваіх дачку і двух сыноў, якія цяпер са сваімі сем'ямі жывуць у Віцебску. Яна багатая бабуля: мае 7 унукаў. Самаму старэйшаму 16 год, малодшаму—2. З радасцю чакае іх у госці і сама час ад часу наведваецца ў абласны цэнтр. Вось і свой юбілей сустракала ў цёплым коле родных людзей.

—Калі б усё пачаць спачатку, зноў выбрала б такі самы шлях,—гаворыць настаўніца.—Пра школу марыла з самага дзяцінства і больш нідзе сябе не ўяўляла. Жыццё прысвяціла любімай справе і ні пра што не шкадую.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Костюковичи принимают День белорусской письменности

Назад к списку
Следующая →

Общество инвалидов ждёт друзей и поддержки

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]