08 Апреля 2021

Учитель Новопогостской школы Марина Лапковская: «Учитель в самом широком смысле слова - основа всего»

gazeta
  • 530

 Настаўнік біялогіі і хіміі Новапагосцкай школы Марына ЛАПКОЎСКАЯ з усмешкай прыгадвае, як маладым спецыялістам плакала ноччу, рыхтуючыся да ўрокаў і афармляючы акты на спісанне прадукцыі са школьнага агарода. Калі планы-канспекты былі знаёмы, то дакументацыя аказалася ў навінку. Пасля засвоіла шмат таго, чаму не вучылі ў інстытуце. Прафесія настаўніка шматгранная і патрабуе пастаяннага развіцця.

 

У зялёным акружэнні

Калі апісаць адным словам кабінет хіміі і біялогіі, самае трапнае – зялёны. Здаецца, суцэльнай паласой цягнецца ўздоўж сцяны сакавітая зеляніна раслін. Выстраіліся ў рад вазоны з кветкамі на падваконніках.
– Нядаўна вучні выконвалі практычную работу па вырошчванні пакаёвых раслін. Збіралі чаранкі, трымалі іх у вадзе, затым высаджвалі. Вось вынікі, – паказвае настаўніца. – Я кветкі вельмі люблю. Іх тут заўсёды шмат.

 

У гэтым кабінеце Марына Лапкоўская 28-ы год вядзе ўрокі хіміі і біялогіі. Першае працоўнае месца выпускніцы Віцебскага педінстытута (цяпер ВДУ імя П. М. Машэрава) стала пастаянным. Марына Пятроўна знайшла сябе ў прафесіі настаўніка, хоць у юнацтве будавала іншыя планы.

 

Замест медыцыны ў педагогіку

Школьніцай Марына марыла апрануць белы халат урача, лячыць людзей, ратаваць жыцці. Старанна вывучала хімію і біялогію, каб паступіць у медінстытут. Змяніць прафесійны арыенцір параіла маці. Палічыла, што дачцэ – уражлівай і чулай, якая ўсё прымае блізка да сэрца і з-за ўсяго перажывае – у медыцыне будзе эмацыянальна цяжка. Да матуліных слоў Марына прыслухалася і стала думаць, дзе яшчэ зможа праявіць сябе. Разглядала нават варыянт культурна-асветніцкага вучылішча. Забягаючы наперад, заўважу, што ў Новым Пагосце працяглы час была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці.

 
– У маю школьную пару самымі прэстыжнымі прафесіямі ў вёсцы лічыліся ўрач і настаўнік. Замест медыцынскага вырашыла паступаць у педінстытут, – гаворыць Марына Пятроўна. – Да таго ж у нашай Язненскай школе выкладалі цудоўныя педагогі. З цеплынёй успамінаю класнага кіраўніка Зінаіду Міхайлаўну Верам’ёву, настаўніцу хіміі Вольга Афанасьеўну Бахір, біялогіі – Кацярыну Ільінічну Жолуд. Хацелася быць да іх падобнай.

 

Са Слабады ў Новы Пагост назаўжды

Скончыўшы хіміка-біялагічны факультэт педінстытута ў 1993 годзе, Марына Пятроўна прыехала на Міёршчыну.
– На той час большасць аднакурснікаў імкнулася вярнуцца ў родныя мясціны. Вёска тады развівалася, у сельскіх школах было шмат вучняў і жыццё вірыла, – заўважае яна. – Узрадавалася, што мяне накіравалі ў Слабаду, бо ў суседні Верхнядзвінск паехала сяброўка, з якой пяць гадоў вучыліся. Засмуцілася, даведаўшыся, што месца ў Слабадской школе ўжо занята і трэба ехаць у Новы Пагост. У той дзень такая бура разгулялася: моцны вецер, дождж, дрэвы ўздоўж дарог, нібы касой скошаныя, ляжалі. Я тады падумала, што сама прырода супраць, каб я ў Новапагосцкай школе працавала. Неспрыяльнае надвор’е аказалася слабым прадказальнікам адносна прафесійнай будучыні настаўніцы. Хоць напачатку, вядома, цяжкасці былі.

 

Кола настаўніцкіх клопатаў

– Акрамя ўрокаў даверылі школьны агарод, што займаў некалькі гектараў, – расказвае субяседніца. – Трэба было вырошчваць расаду, размяркоўваць, дзе і што пасадзіць, арганізоўваць летнюю практыку вучняў, рэалізоўваць ураджай. Капусту прадавалі ў Дзісну на кансервавы завод. Работу на агародзе адлюстроўвала дакументальна: складала каштарыс, акты спісання і так далей.

 
Справіўшыся з першымі складанасцямі, настаўніца атрымала новыя веды і ўменні, набыла ўпэўненасці ў сабе і пасля не баялася эксперыментаў. Так, з 2009 па 2013 гады працавала па праграме «Зялёныя школы», асноўная задача якой заключалася ў выхаванні экалагічнай граматнасці вучняў. Вывучалі біяразнастайнасць ваколіц, вучыліся эканомна расходваць ваду і электраэнергію, сартаваць бытавыя адходы. Цяпер такая работа працягваецца на факультатыве. З 2007 года Марына Лапкоўская ўзначальвае школьную прафсаюзную пярвічку. Гэты ўчастак адказнасці патрабуе спецыяльных ведаў і адпаведных якасцей.

 
– Трэба кожнага выслухаць, зразумець, падтрымаць. Важна быць на сувязі з ветэранамі. Іх у нас 27. Акрамя старэйшых калег з Новага Пагоста ў зоне ўвагі педагогі з зачыненых Волкаўшчынскай і Перабродскай школ. Віншуем іх са святамі, – адзначае Марына Пятроўна. – Прафсаюзная дзейнасць – тая справа, дзе адзін у полі не воін. У мяне цудоўныя калегі-памочнікі Леаніда Закрэўская, Жанна Мароз, Вяслава Кісель, Генадзь Хахель. За дапамогу і ўзаемаразуменне ўдзячна дырэктару Людвізе Марат і яе намесніку Вользе Усціновіч. Увогуле ў нашай школе добры калектыў, у якім камфортна працаваць.

 
Штодзённай задачай настаўніцы застаецца несці дзецям веды пра свет, што нас акружае. Марына Лапкоўская – прыхільніца пошукавага метаду, калі вучням ставіцца праблема, і яны шукаюць рашэнне. У параўнанні з пачаткам 90-х гадоў цяпер арсенал сродкаў навучання істотна пашырыўся. У кабінеце хіміі і біялогіі побач з дошкай – сучасны мульціборд з шырокім экранам. Разам з тым, як заўважае педагог, гаджаты хоць і спрасцілі доступ да інфармацыі, але аслабілі матывацыю і цікаўнасць школьнікаў.

 
– Сучасныя тэхналогіі ў навучанні патрэбны, але важна захоўваць баланс паміж імі і традыцыйнымі падручнікамі і дапаможнікамі. Інакш кніга зусім перастане быць для вучня сябрам і дарадцам, – мяркуе настаўніца.

 

Настаўнік – аснова ўсяго

Вучні называюць Марыну Пятроўну дэмакратам. І сама яна не лічыць сябе строгім настаўнікам. Тыя якасці, што, па меркаванні маці, маглі перашкодзіць ёй у медыцыне, аказаліся да месца ў педагогіцы. «Вы добрая», – часта чуе ад школьнікаў і выпускнікоў.
– Да ўсіх вучняў стаўлюся аднолькава, – гаворыць педагог. – Аднак маім дзецям часам здавалася, што ад іх на ўроках патрабую больш.
Разам з мужам Віталем Аркадзьевічам, якога сустрэла ў Новым Пагосце, Марына Пятроўна выхавала двух сыноў. Аляксандр атрымаў прафесію геадэзіста, жыве і працуе ў Шаркаўшчыне. Дзмітрый – студэнт пятага курса Полацкага дзяржуніверсітэта, вучыцца на інжынера-будаўніка.

 
Настаўніца не тоіць, што за рабочымі справамі не заўсёды магла праводзіць час з роднымі людзьмі. І цяпер па вечарах піша планы ўрокаў, працуе з дакументацыяй. За час работы ў школе глыбока асэнсавала сутнасць сваёй прафесіі.

 
– Настаўнік у шырокім сэнсе слова – аснова ўсяго. Без яго дапамогі немагчыма рэалізацыя чалавека як асобы і прафесіянала, – разважае Марына Пятроўна. – Навучаючы іншых, важна вучыцца самому. І гэты працэс пастаянны. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Новые требования в области кибербезопасности начнут действовать с 1 июля. Поясняем новации

Назад к списку
Следующая →

Бригада взаимопомощи "Талака" из Миорского ТЦСОН спешит на помощь пожилым людям

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]