15 Февраля 2025

О чем писали в юбилейные для района годы, рассказала корреспондент "Миорских новостей" часть 5

gazeta
  • 528

Гартаючы старонкі газеты, працягваем расказваць, пра што пісалі ў юбілейныя для раёна гады. Чытаем падшыўку раённай газеты за 1990 год (Працяг. Пачатак 15.01.2025, 23.01.2025, 30.01.2025, 08.02.205).

Студзень

Летась насельніцтва Міёр павялічылася на 156 маленькіх жыхароў. Менавіта столькі нованароджаных было зарэгістравана ў аддзеле загса. Дзве мамы адарылі сваіх шчаслівых мужоў двайнятамі. 106 пар злучылі ў Міёрах свае лёсы.
***
Нядаўна ў Міёрах упершыню адбыліся спаборніцтвы «Мама, тата, я – спартыўная сям’я». Ідэя правесці гэтыя цікавыя паядынкі нарадзілася ў Вольгі Шульга, сакратара камсамольскай арганізацыі цэнтральнай раённай бальніцы, а рэалізаваць яе дапамог райкам камсамола. Пераможцай стала сям’я Шумілавых.
***
За кошт сродкаў калгаса «Іскра» пабудаваны Дом культуры. Вядзецца жыллёвае будаўніцтва, шмат заасфальтавана ўнутрыгаспадарчых дарог.
***
За лічаныя дні, нібы ў казцы, побач з аўтастанцыяй з’явіўся каркас новага будынка. Гэта будынак «Рамбыттэхнікі». Усе работы выконвае брыгада Ф. Марозькі, а кіруе ходам будаўніцтва малады майстар, нядаўні выпускнік інстытута Леанід Касевіч.
***
Клапоцяцца на мясакамбінаце пра чалавека, умовы яго працы і адпачынку. Вуліца новых дабротных дамоў вырасла тут нядаўна. У новы дом перасялілася і сям’я Івана Крупенькі.
***
Пад старшынствам загадчыка ідэалагічнага аддзела райкама КПБ Алы Смерцьевай адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі па напісанні кнігі «Памяць». Яна будзе ўтрымліваць звесткі па гісторыі роднага краю, раскажа пра прыроду Міёршчыны і яе слаўных людзей.
***
Міёры ў апошні час ператварыліся ў самую сапраўдную будаўнічую пляцоўку. Тут узводзяцца 36-кватэрны дом, аўтастанцыя, будынак рамбыттэхнікі, раённы музей, кацельня «Паўночная», ідзе вялікая рэканструкцыя на мясакамбінаце.
***
Працяглы час жыхары вёскі Слабада ставілі пытанне аб будаўніцтве новага магазіна, сталовай. Цяпер, можна сказаць, гэты наказ выкананы. Новы гандлёвы цэнтр неўзабаве прыме наведвальнікаў.
***
Сёлетні навучальны год дзеці калгаснікаў з «Маладой гвардыі» пачалі ў новай школе.
***
Летась раён рэалізаваў дзяржаве 53312 тон малака – 103,5 % да плана і 11158 тон мяса – 101 % да плана.
***
У Дзісненскай ПМК-47 створаны добрыя ўмовы для працы механізатараў. Тут уведзена ў дзеянне новая майстэрня з душавымі, саўнай, бытавымі пакоямі, пакоем для псіхалагічнай разгрузкі і г. д.

Люты

Нядаўна ўступіла ў дзеянне спартыўная зала пры Узмёнскай сярэдняй школе. Шумна тут бывае днём, да позняга гарыць святло вечарам. Кожны знаходзіць сабе занятак па душы, бо дзейнічаюць тут розныя секцыі і гурткі.
***
Па вуліцы Кірава, № 1 у будынку электрасетак адкрыўся новы магазін па продажы запасных частак да аўтамабіляў і матацыклаў.

 Сакавік

Сацыяльная сфера паварочваецца тварам да сельскага жыхара – так можна сказаць пра пераўтварэнні, якія адбываюцца ў калгасах і саўгасах раёна. Новае сведчанне таму – будынак ФАПа ў Ідолце.
***
У вёсцы Язна ўзводзіцца новая школа.
***
У мінулым годзе ў Міёрскім камбінаце бытавога абслугоўвання былі асвоены новыя віды паслуг: малацьба збожжа, выцісканне фруктовых сокаў, замена электраправодкі.

Чэрвень

У маі мінулага года ў калгасе «Шлях да камунізму» быў арганізаваны падсобны промысел. Дзевяць чалавек на чале з брыгадзірам Георгіем Гагохія шыюць шторы, ручнікі, вырабляюць металічную сетку для агароджы.
***
Шырокім фронтам вядзецца на Міёршчыне жыллёвае будаўніцтва. У гаспадарках раёна штогод узводзяцца дзясяткі новых дамоў. Новыя пасёлкі выраслі ў калгасах імя Дзяржынскага, імя Цітова, саўгасе «Дзісненскі».

Ліпень

Усяго ў раёне ў студзені – чэрвені ўведзены ў эксплуатацыю 124 кватэры або 7760 м2 жылля.
***
Амаль год працуе ў Дзісне кандытарскі цэх у будынку былога сепаратарнага пункта малаказавода. 22 работнікі працуюць у дзве змены і выпускаюць карамель «Аловак» і ірыс «Пчолка». За дзень вырабляецца 700-800 кілаграмаў салодкай прадукцыі, а месячны план – 13 тон. Яна разыходзіцца па ўсёй вобласці.

Жнівень

На Міёршчыну толькі з пачатку года прыехалі 30 сем’яў з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Усе людзі працаўладкаваны, пераважнай большасці прадастаўлена жыллё.
***
У Туркова, што ў калгасе імя Дзяржынскага, смерч прыйшоў у адно імгненне з боку вёскі Іванькі. Быццам лёгкія сняжынкі раптам закружыліся дахі хат, хлявоў, дошкі, тоўстыя бярвенні, затрашчалі дрэвы-гіганты. Больш за ўсіх дасталося новай хаце святара Мікалая Рунды.

 Верасень

Гасцінна расчыніла дзверы 1 верасня новая Язненская сярэдняя школа.

Лістапад

Насупраць новай аўтобуснай станцыі пачынае будаўніцтва 30-кватэрнага дома МПМК-55 для сваіх работнікаў.
***
У дзень святкавання Казанскай багародзіцы ў Міёрах праведзена асвячэнне месца будаўніцтва праваслаўнай царквы.
***
126 цялушак у дзевяці вагонах адправілі ў лістападзе жывёлаводы раёна ў Казахстан. Гэта апошняя партыя маладняку для ўзнаўлення малочнага пагалоўя кароў у братняй рэспубліцы. Усяго ў Казахстан адпраўлена з нашага раёна 500 цялушак. У сваю чаргу нашы спецыялісты завозяць у раён высокапрадукцыйны статак з іншых рэгіёнаў. У прыватнасці, 1044 племянныя цялушкі дастаўлены з Прыбалтыкі. Па чыгунцы завезены ў раён 80 племянных свінак для свінагадоўчага комплексу калгаса «Гігант». А ўсяго для комплексаў калгасаў «Гігант» і імя Цітова паступіла каля тысячы галоў племянных свіней.
***
Будуецца новая малочнатаварная ферма ў калгасе «1 Мая».

Снежань

На тэрыторыі калгаса імя Кірава нядаўна пачаў дзейнічаць яшчэ адзін фельчарска-акушэрскі пункт, на гэты раз у вёсцы Брыжынкі. Было даведзена да ладу старое памяшканне.
***
У вёсцы Басянкі калгаса «Язна» завяршаецца будаўніцтва новага клуба, расшырана мясцовая АТС на 250 нумароў.
***
Усё больш школ і класаў раёна вывучаюць беларускую мову. Так, поўнасцю выкладанне ўсіх прадметаў на роднай мове сёлета пачалося ў першых класах Дзісненскай СШ, у пачатковых класах Кублішчынскай няпоўнай сярэдняй і Лявонаўскай пачатковай школ. А Камянполлеўская пачатковая школа, у якой раней навучанне вялося на рускай мове, ужо цалкам стала беларускай. На беларускую мову пераведзены ўсе сельскія дзіцячыя сады. А ў садку райаграпрамтэхнікі з роднай мовай пачалі знаёміцца малодшыя групы.
***
У саўгасе «Юбілейны» нядаўна пачалося ўзвядзенне асобных жылых дамоў для працаўнікоў гаспадаркі. Будуецца таксама фельчарска-акушэрскі пункт.
***
Шырокім фронтам цывілізацыя паступае на вёску Басянкі – цэнтр калгаса «Язна». Тут правялі водаправод, устанавілі калонкі, праклалі дарогу ў Басянкі-3.
***
Спецыялісты-будаўнікі з Полацка зманціравалі ў саўгасе «Юбілейны» два клюшачнікі.
***
Мантажнікі з Фарынава зманціравалі двухпавярховы будынак для няпоўнай сярэдняй школы ў вёсцы Волкаўшчына, на цэнтральнай сядзібе калгаса «Рассвет».

Працяг будзе.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі.

← Предыдущая

Анастасия Щербицкая и Александр Жойдик: лица Язненского ПМК

Назад к списку
Следующая →

Как подготовиться к рассадному сезону, узнавала корреспондент Миорских новостей

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]