Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Официально: Выездной прием граждан в аг. Николаево проведет Валерий Драбо
Профилактика: Единый день безопасности 24 сентября пройдет в Миорском районе
Социальный вектор: В белорусских школах детей начнут учить защищаться от мошенников и правильно тратить деньги
Профилактика: Государственная инспекция по маломерным судам информирует
Спорт: На пути к Олимпийским вершинам: история миорчанина Сергея Радишевича
2025-ы піша эпілог. Змест – адметныя падзеі мінулых дзён. Важная дата для дзіцячага сада № 3 – 40-годдзе ўстановы.
Краінай вечнага дзяцінства назвала дзіцячы сад загадчыца Валянціна Аляксеева. Цяпер тут 64 выхаванцы, дзейнічае пяць груп, сярод якіх дзве рознаўзроставыя і група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.
– Нам даверылі самае каштоўнае – дзяцей. Імкнёмся рабіць жыццё выхаванцаў яркім, камфортным, поўным адкрыццяў і дасягненняў, – адзначае Валянціна Рыгораўна. – Склаліся традыцыі, якія далучаюць малых да родных вытокаў: святы «Восеньскі кірмаш», «Дажынкі», «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» і іншыя. Для павышэння якасці адукацыйнага працэсу аказваюцца платныя паслугі з улікам запытаў бацькоў: дзейнічаюць харэаграфічны, фізкультурна-спартыўны, гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Штогод установа сярод пераможцаў раённых конкурсаў. Так, сёлета атрымалі дыплом І ступені на раённым этапе абласнога агляду-конкурсу на найлепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы. Такі ж вынік конкурсу на найлепшы куточак эксперыментавання. Тры дыпломы І і два ІІІ ступені заваявалі нашы выхаванцы ў конкурсе творчых работ «Жураўлям прысвячаецца». За намі перамога ў раённым аглядзе-конкурсе на найлепшую навагоднюю ілюмінацыю.
У 2009 годзе Валянціна Аляксеева пасля 13 гадоў працы выхавацелем змяніла на пасту першую гаспадыню сада Ірыну Кодзіс.
– Ірына Гедыёнаўна за 24 гады шмат зрабіла для дзіцячага сада. Сабрала каманду творчых педагогаў, згуртавала калектыў, – адзначае Валянціна Рыгораўна і знаёміць з гісторыяй установы: – Будавала садок раённае вытворчае аб’яднанне па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі (сучасны райаграсэрвіс), і да 1995 года ён быў падведамны гэтай арганізацыі. Затым перавялі ў распараджэнне аддзела па адукацыі.
Сярод супрацоўнікаў ёсць тыя, хто ў садку з першых дзён. У жніўні 1985-га працаваць выхавацелямі прыйшлі Алена Смагіна і Наталля Бойка. Цяпер заняты памочнікамі выхавацеля.
– Шчаслівая, што працую тут. Гэта мой другі дом, – падкрэслівае Алена Васільеўна. – Амаль год на пенсіі і не ведаю, як расстацца з дзіцячым садам.
– Гэтая прафесія – пакліканне, – лічыць Наталля Міхайлаўна. – Сустракаючы дарослых выхаванцаў, успамінаю іх малымі. Памятаю ўсіх першых 12 выпускнікоў.
Двое першых выпускнікоў Наталлі Танкавід пасля прывялі да яе дзвюх дачок.
– У гэтым садку з 1989 года. Сёлета выпусціла старэйшую групу, займаюся з выхаванцамі рознаўзроставай, якім ад двух да чатырох гадоў, – расказвае Наталля Аляксандраўна. – У рабоце натхняе і радуе вынік. Калі бачу, што атрымалася навучыць дзяцей, калі іх бацькі застаюцца ўдзячнымі.
Найлепшымі свае справу і садок, дзе працуе з 1992 года, лічыць Алена Савуць.
– Выхавацель – першы пасля маці настаўнік для дзіцяці. Што я магу даць малым? Перш за ўсё любоў. Люблю іх такімі, якія ёсць, – адзначае Алена Канстанцінаўна.
Сад № 3 – першае і адзінае месца працы Алены Афанасьевай. Пачынала ў 1988 годзе выхавацелем, была памочнікам. З 2014-га загадвае гаспадаркай.
Стартавай пляцоўкай у прафесіі стаў садок для Кацярыны Юхноўскай. Займаецца з дзеткамі чацвёрты год.
– Пачынала кіраўніком фізічнага выхавання, трэці год на групе. У мяне 20 выхаванцаў, у маі выпускны. Гэта мой першы выпуск, – расказвае Кацярына Юр’еўна. – Падабаецца працаваць з малымі. Яны добрыя, чулыя, любяць дапамагаць, з цікавасцю рыхтуюцца да школы.
У першай малодшай групе, якую наведваюць дзеткі ад двух да трох гадоў, працуе Аліна Ткачова, чый стаж шэсць гадоў. Пачынала ў родным Наваполацку, тры гады, як пераехала ў Міёры.
– Са школьнай пары вакол мяне былі маленькія дзеці. Атрымлівалася іх забаўляць. Гэта паўплывала на выбар прафесіі, – заўважае Аліна Канстанцінаўна. – Падабаецца ў гэтым садку. Тут асаблівая душэўная атмасфера.
Як заўважалі старэйшыя педагогі, нягледзячы на розніцу пакаленняў, ёсць у краіне дзяцінства велічыні пастаянныя. Гэта дзіцячыя даверлівасць, дабрыня, шчырасць. А яшчэ – жывы інтарэс да навакольнага свету. Задавальняюць яго ў тым ліку праз даследчыя праекты. Творчая ініцыятыва ідзе ад намесніка загадчыка Надзеі Мацвеевай, якую з садам № 3 звязваюць 24 гады.
– Выбіраючы тэматыку праектнай дзейнасці, арыентуемся на інтарэсы дзяцей, – расказвае Надзея Міхайлаўна. – Адаслалі на раённы этап конкурсу «Я – даследчык» дзве работы. У намінацыі «Навука вакол нас» працу «Як утвараецца лёд» рыхтавала Маргарыта Ерафеева. Работа «Што такое мурал?» натхніла Яўгена Бандарэнку з бацькамі наведаць адметнасці, адлюстраваныя на мурале-маляванцы, размешчаным на шматпавярхоўцы ў райцэнтры.
Адзін з метадаў даследчай дзейнасці – інтэрв’юіраванне. Дзеці выступаюць у ролі карэ- спандэнтаў. Так, для праекта «Дзе хаваецца здароўе?» задавалі такое пытанне загадчыцы, поварам, іншым выхаванцам.
Вынік праекта «Прыродныя сімвалы Беларусі» – створаны ў 2024 годзе музейны пакой «Лянок». Сярод экспанатаў – сноп лёну, вырашчанага на тэрыторыі садка; фотаздымкі, што адлюстроўваюць працэс «ад насення да кашулі»; дэкор Надзеі Мацвеевай у тэхніцы джутавай філіграні. Экскурсіі тут праводзяць выхаванцы.
Сярод галоўных прафесій у садку загадчык называе повара. Гатуюць для малечы Алена Радзішэвіч і Ірына Гуцалюк. З іх слоў, найбольш дзеці любяць стравы з тварагу, пюрэ, катлеты. Самім жа падабаецца гатаваць усё. За справай з шасці раніцы – у 8.30 снядак павінен быць на століках.
– Работа адказная, – заўважае Алена Аркадзьеўна. – Забіраючы малых дадому, бацькі абавязкова спытаюць, што яны елі.
За здароўем дзетак сочыць медсястра Наталія Зінькевіч. За добрае сэрца і прафесіяналізм яе цэняць калегі, выхаванцы і іх бацькі.
Усяго ў калектыве 29 супрацоўнікаў. Загадчык падкрэслівае важны ўнёсак кожнага: ад вартаўніка і прыбіральшчыкаў да выхавацеля і яго памочніка.
– Наш калектыў – працавітыя, творчыя, адказныя супрацоўнікі, якія любяць дзяцей. У гісторыю сада ўпісаны імёны выхавацеляў Людмілы Качан, Таццяны Дудалевай, Рыты Пахірка, Вольгі Савуць, повараў Надзеі Чарневіч, Марыі Сцепулёнак, кладаўшчыка Тэрэсы Мурзіч, медсястры Галіны Грыбач, прыбіральшчыцы Веры Граковіч, якія шмат гадоў клапаціліся пра развіццё і камфорт выхаванцаў. На жаль, пайшла з жыцця, але засталася ў нашай памяці дворнік Крысціна Урбановіч, – гаворыць Валянціна Рыгораўна. – А яшчэ наш калектыў – мілыя, добрыя выхаванцы і іх бацькі. Усіх віншуем з зімовымі святамі, якія кожнага вяртаюць у пару дзяцінства. Нам жа пашчасціла ў ёй застацца.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЕВІЧА.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.