26 Июля 2022

Завуццеўскі сельсавет. Пазнаёмiмся бліжэй

gazeta
  • 504
Добраўпарадкаванне, патрыятычнае выхаванне, асабістая культура. На трох асноўных момантах завастрылі ўвагу ўдзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, што адбылося ў Завуццеўскім сельсавеце. Праграма насычаная, маршруты цікавыя.

Вандроўка з актуальнымі размовамі

Першы пункт – аграсядзіба «Мазурны бераг», дзе гаспадарыць Эдуард Цярэшка. Асаблівы выгляд надаюць месцу шырокія брукаванкі. Са слоў гаспадара, камень для вымошчвання дарожак зручней, чым плітка, бо не баіцца перападаў тэмператур. Казачнымі здаюцца прыгожыя драўляныя домікі. Звяртае на сябе ўвагу высокая груда камянёў, абрысы якіх нагадваюць розныя фігуры. З пірса адкрываецца прыгожы від на Заходнюю Дзвіну. Ва ўнутраным абуладкаванні дамоў, у знешнім афармленні тэрыторыі бачны фантазія і гаспадарчы падыход. 
Разам з Эдуардам Казіміравічам скіроўваемся на героіка-патрыятычны комплекс «Дзісненскі рубеж», створаны па ініцыятыве патрыёта. У чарговы раз у пачатку мая адсюль стартаваў аўтапрабег «Дарогамі вайны, дарогамі Перамогі». Са слоў арганізатара, у ім прынялі ўдзел 500 чалавек. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Размову пра захаванне памяці пра Вялікую Айчынную вайну прадоўжылі на брацкай магіле ў Дзісне, дзе пахаваны 3 800 жыхароў горада яўрэйскай нацыянальнасці, якіх 14 чэрвеня 1942 года расстралялі фашысты. Як заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба, гэтая трагедыя раўназначная той, што адбылася ў Хатыні, і пра яе павінны ведаць не толькі на Міёршчыне.
Да спраў надзённых вярну- ліся падчас гутаркі з ляснічым Дзісненскага лясніцтва Міхаілам Шульгой. Актуальнае пытанне – забеспячэнне насельніцтва дрывамі. У першую чаргу ўвага на шматдзетныя сем’і, інвалідаў, адзінокіх пажылых сяльчан.
У Завуцці паназіралі за будаўніцтвам моста праз раку Аута. Здача запланавана ў лістападзе, аднак кіраўнік работ заверыў, што справяцца раней. 

У Малінаўцы завіталі ў двор да старэйшыны Вадзіма Бабінскага. Яго стараннямі на вясковых могілках з’явілася агароджа: арганізаваў збор сродкаў сярод сяльчан. Заўважыў, да справы не ўсе далучыліся, між тым сетку набылі і ўстанавілі. У свае 70 гадоў старэйшына выглядае бадзёрым і падцягнутым. Гаспадарка ў параўнанні з мінулым меншая – свінні, куры, каты і сабакі, аднак таксама патрабуе клопату і догляду. На падворку – чысціня і парадак. 
Падтрымліваць парадак на тэрыторыі сельгасаб’ектаў – звычайная справа ва УП «Цітова». Тут наведалі мехмайстэрню, прайшліся па жывёлагадоўчым комплексе. У Цвеціне завіталі ў магазін, сталовую, на ФАП. Усклалі кветкі да абеліска воінам-землякам – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. 
Пра духоўны складнік рэчаіснасці прымусіла задумацца прамова настаяцеля храма Узвіжання Крыжа Гасподняга Васіля Мешчаракова. Святар заўважыў, што будаваць зямное жыццё важна на трох прынцыпах: вера, надзея, любоў. Перш-наперш трэба верыць і спадзявацца, тады прыйдзе любоў. Таксама акцэнтаваў увагу на ўзаемадапамозе і ўважлівасці адзін да аднаго, незалежна ад сацыяльных статусаў, і падкрэсліў: ствараць рай трэба ў сваёй душы.

Парадак пачынаецца з патрэбы ў ім


Пра работу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы, навядзенні парадку на зямлі расказаў калегам старшыня Завуццеўскага сельвыканкама Аляксандр Качан. Адзначыў, што найбольш актуальнае ў насельніцтва пытанне – стан дарог. У мінулым годзе ДРБУ № 203 сумесна з ААТ «Папшулі» на пяці кіламетрах дарогі Папшулі – Крупенішча зрабілі ямкавы рамонт. Неабходны ён на шляху Цвеціна – Субачава. 

На парадку дня пытанне па заключэнні дагавораў з УП ЖКГ на вываз смецця. Камунальная служба збірае бытавыя адходы ў дзевяці населеных пунктах. Заключана 316 дагавораў, што складае 51,8%. Работу ў гэтым напрамку неабходна працягваць. 
Важна клапаціцца пра месцы, дзе знайшлі вечны спачын нашы родныя. На тэрыторыі сельвыканкама 21 пахаванне. У мінулым годзе на ўсіх адбыліся суботнікі. У належным стане падтрымліваюць дзевяць воінскіх пахаванняў, чатыры помнікі і стэлу. 
У размове пра добраўпарадкаванне, нельга абмінуць праблему баршчэўніка Сасноўскага. У 2021 годзе на тэрыторыі сельсавета з пачатку вегетатыўнага перыяду выдалілі расліну на плошчы ў дзевяць гектараў. Селета апрацавалі дзесяць гектараў, справа працягваецца. 
– Калі ў кожнага з’явіцца патрэба быць культурным, жыць прыгожа, пачынаць добраўпарадкаванне перш за ўсё з сябе і з таго месца, дзе працуеш, усе мы будзем жыць лепш, – падкрэсліў Аляксандр Аляксандравіч. 
За адказныя адносіны да належнага выгляду тэрыторый старшыня сельвыканкама адзначыў УП «Цітова», ААТ «Папшулі», Завуццеўскую школу, Дзісненскі лясгас, Цвецінскі, Завуццеўскі і Папшулёўскі ФАПы, Цвецінскі цэнтр нацыянальнай культуры і фальклору, Папшулёўскі сельскі клуб. 

Асобныя з гэтых аб’ектаў у якасці прыкладаў добраўпарадкавання назвала загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела РЦГЭ Алена Танкавід. Разам з тым звярнула ўвагу на неабходнасць своечасова вывозіць арганіку ад ферм, абкошваць тэрыторыі ля мехдвароў, даглядаць крыніцы цэнтралізаванага водазабеспячэння. 
Падводзячы вынікі, удзельнікі прэзідыума адзначылі, што на тэрыторыі Завуццеўскага сельсавета нямала годных аб’ектаў, дзейнічае самае моцнае ў раёне сельгаспрадпрыемства. Важна працягваць справу, скіраваную на агульны дабрабыт, і ўмець знаходзіць падыходы да насельніцтва. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял аўтара
← Предыдущая

В Миорском ТЦСОН прошла инфо-встреча «Беларусь против табака: здоровый маршрут»

Назад к списку
Следующая →

тест

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]