28 Июня 2021

Татьяна Гилеп из Дисны: «Вот мой уголок, мое счастье, мое все»

gazeta
  • 706

 У кожнага ёсць сваё месца сілы. Дзе душа знаходзіць радасць і спакой, дзе насычаемся энергіяй і ўпэўненасцю, адчуваем сябе шчаслівымі. Для Таццяны ГІЛЕП стала такім месцам Дзісна. Утульны маленькі гарадок называе найлепшым месцам у свеце.

 

– Тут цішыня і спакой, добрыя і ўважлівыя людзі, – гаворыць Таццяна Антонаўна. – У любую пару года наш гарадок утульны і прывабны. Зімой іду прагуляцца ў лясок, летнім вечарам люблю на мосце слухаць шэпт ракі і песню салаўя.

 
У Дзісне Таццяну Гілеп ведае кожны. Больш за дваццаць гадоў яна ўзначальвае мясцовае аддзяленне сувязі. Інжынер – гідратэхнік па спецыяльнасці знайшла сябе ў паштовай сферы. Лічыць, што гэта невыпадкова. Доўгі час працавала паштальёнам яе маці Вера Нічыпараўна. Сама пачынала аператарам. Знаёмілася з паштовай справай непасрэдна на рабочым месцы. І цяпер удзячна сваім настаўнікам у прафесіі – былому начальніку раённага вузла паштовай сувязі Лідзіі Пальчэх і яе намесніку Галіне Курыльчык.

 
– Штораніцы іду на працу з радасцю і ў добрым настроі, – кажа яна. – Кожны дзень напоўнены зносінамі. Гэта прыносіць задавальненне. Вядома, як і на любой рабоце, бываюць складаныя сітуацыі, здараюцца дробныя непрыемнасці. Аднак я не акцэнтую на гэтым увагу. Кіруюся парадай: зрабіце глыбокія ўдых і выдых, усміхніцеся і працуйце далей.

 
Акрамя паштовых паслуг Таццяна Антонаўна дапамагае гараджанам вырашаць іншыя пытанні. Некалькі скліканняў яна ў складзе гарадскога Савета дэпутатаў, год таму стала старэйшынай вуліцы Леніна. Гаворыць, грамадскія клопаты не ў цяжар. Асноўная сфера дзейнасці і так звязана са зносінамі з людзьмі, а гэта дадатковая магчымасць быць карыснай для сваіх землякоў.

 
– Звяртаюцца гараджане з пытаннямі наконт вывазу смецця, абкосу тэрыторыі, спілавання старых дрэў і іншымі. Дробныя праблемы стараемся вырашаць адразу, каб яны не сталі глабальнымі, – заўважае суразмоўніца. – Люблю слухаць людзей, дапамагаць ім. Мне гэта ў радасць. Часам дастаткова даць слушную параду, падтрымаць добрым словам. Бывае, чалавек настроены негатыўна, нават з агрэсіяй. Пагутарыш з ім, прапануеш паглядзець на праблему з іншага боку, і ўсё аказваецца не так складана, як адразу здавалася.

 
Псіхалогіяй Таццяна Антонаўна не захапляецца. Уменне слухаць, шукаць падыход да чалавека, дзяліцца пазітывам у яе ад прыроды. Як і аптымістычае светаўспрыманне з правілам ніколі не падаць духам і не апускаць рук. Са школы знаёма грамадская дзейнасць. Была старастай у класе, спраўлялася з такімі ж абавязкамі ў інстытуце. Кола зносін заўсёды мела шырокае.

 
Старанні і грамадскую пазіцыю Таццяны Гілеп адзначаюць не толькі ў родным горадзе. Сёлета яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Дарэчы, не ўпершыню.
– Для мяне гэта было нечаканым і прыемным сюрпрызам, – усміхаецца яна. – Радасна, што цэняць і заўважаюць.

 
Прычын для радасці ў Таццяны шмат. Жыве ў родным горадзе, з якім адчувае трывалую душэўную повязь. Занята справай, якая прыносіць задавальненне і патрэбна людзям. Чакае ў госці з Мінска дарагіх дзяцей – дачку Анастасію і зяця Вячаслава з любімымі ўнукамі – 12-гадовым Пашам і 4-гадовай Соняй. Ім таксама падабаецца Дзісна за яе размераны рытм жыцця, маляўнічыя краявіды і ўтульную цішыню. Усе разам прыходзяць на свята горада.

 
– Цудоўна, што ў Дзісны з’явілася сваё свята. Калі раней збіраліся толькі на Адзігітрыю, то цяпер ёсць яшчэ адна нагода, – радуецца Таццяна Антонаўна. – А я люблю свой горад і ў святы, і ў будні. Для мяне гэта самы лепшы куточак.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Обмен военнопленными между Россией и Украиной провели на территории Беларуси

Назад к списку
Следующая →

Ярко и шумно Дисна отметила День города

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]