Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Общество: Витебск выбирает BUTIKAVTO: в городе откроется второй автохаус сети
Пульс Миорщины: Подарок детям к празднику
Социальный вектор: Изменения в работе мобильного приложения M-Belarusbank
Актуально: С 5 по 16 октября проходит акция "Молодежь за безопасность"
Чым пішуць карціны? Фарбамі, алоўкамі, мялкамі. Ёсць яшчэ адзін варыянт адказу – кветкамі. Такім мастацтвам штогод займаюцца работнікі ўчастка добраўпарадкавання УП ЖКГ. Ствараюць на гарадскіх клумбах мудрагелістыя ўзоры з кветак, каб яркія фарбы цешылі нашы позіркі і душы.
На сустрэчу з работнікамі камунальнай службы апранула рабочую форму і прыхапіла пальчаткі. Хацелася не толькі пачуць расповяды пра кветкавыя клопаты, але і самой да іх далучыцца. Хоць ненадоўга.
Расліны і тэрапія
– Бачна, ці ёсць хто? – пытаюся ў фатографа, калі пад’язджаем да цяпліцы. Нам сказалі, што кветкаводы Алена Суравец і Алена Цярэшка яшчэ там, а пасля скіруюцца на гарадскія клумбы. Засталі іх за пагрузкай. Размеркаваўшы па скрынях і паліўшы саджанцы, адпраўляюць іх на пасадку. Чырвоная сальвія будзе красавацца ў гарадскім парку на клумбах, што з’явіліся сёлета ля помніка воінам-вызваліцелям.
Дзявятая гадзіна раніцы. Кветкаводы ў цяпліцы з 6.30. У перыяд пасадкі іх рабочы дзень пачынаецца рана. Для Алены Цярэшка гэта першая пасадачная кампанія. Прадавец па дыпломе стала кветкаводам сёлета ў сакавіку.
– Мая новая калега якраз петунію пікіравала. Мне спачатку нават у рукі страшна было ўзяць тыя маленечкія саджанцы, – успамінае першыя ўражанні. – Справа гэта клопатная, фізічна стамляешся, аднак вынік дорыць радасць.
Заходзячы ў цяпліцу, наўрад ці хто стрымаў бы вокліч захаплення. Позірку адкрываецца жывая рознакаляровая панарама разнастайных раслін.
– Частку гэтай прыгажосці ўжо на клумбы высадзілі, – заўважае Алена Суравец. – Сёлета ўпершыню пасадзілі фіялетавую і белую сальвіі. Коліус трох відаў. Некалькі разнавіднасцяў петуній і аксамітак. Практычна ўсе кветкі вырошчваем з насення.
У недалёкім мінулым Алена Леанідаўна – медработнік. Медыцыне прысвяціла 25 гадоў. Апошнім часам працавала медсястрой у стаматалагічным кабінеце. Змяніць месца працы прымусіў каронавірус. Пасля перанесенага захворвання стала складана спраўляцца са службовымі абавязкамі.
– Кветкі вярнулі мяне да жыцця, – усміхаецца суразмоўніца. – Працую ў цяпліцы год. Шмат чаму навучылася ў нашага майстра Надзеі Лонскай. Як правільна сеяць і пікіраваць расаду, як ствараць кветкавыя кампазіцыі на клумбах. Сваю новую работу ўсёй душой палюбіла. Яна няпростая, аднак прыемная і эстэтычная.
Рулетка ў справе
Пакуль кветкаводы адпраўляюць у горад эстэтычныя грузы, на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў ідзе пасадка аксамітак на адной з доўгіх клумб па перыметры тэрыторыі. Далучыліся да справы прыбіральшчыкі прыдамавых тэрыторый Валянціна Варонька, Таццяна Гаўрута, Алена Кабёлка і Валянціна Сцепулёнак. Высадзіць кветкі трэба ў цэнтры клумбы па ўсёй даўжыні трыма роўнымі радамі.
– Па краях будзе белая бягонія. Аксаміткі зацвітуць аранжавым колерам. Атрымаецца прыгожая кампазіцыя, – заўважае Валянціна Варонька, трымаючы ў руках рулетку. – З гэтым інструментам зручней. Адлегласць паміж радамі павінна быць 20 сантыметраў, а паміж кветкамі ў радку – 15.
Асцярожна бяру яшчэ невялікія саджанцы і апускаю ў зямлю з думкамі, каб раслі дужымі і прыгожымі. Стараюся вытрымліваць зададзеную адлегласць і сачыць за роўнасцю радка. Час ад часу Таццяна Гаўрута правярае, якой атрымліваецца агульная кампазіцыя, карэкціруе, куды які саджанец перамясціць. Ад уважлівага позірку былой швачкі не схаваецца нават нязначная няроўнасць.
– Раней зусім увагі не звяртала на кветкавыя кампазіцыі на гарадскіх клумбах. Цяпер гляджу на іх па-іншаму, – заўважае яна.
– Ой, дзяўчаты, у Алёнкі радок загуляў, – ускліквае Валянціна Варонька, – трэба паправіць.
Праз непрацяглы час пасля некалькіх карэкціровак тры роўныя радочкі аксамітак расцягнуліся ў цэнтры клумбы. Яшчэ толькі дзясятая гадзіна раніцы, наперадзе большая частка рабочага дня, на працягу якога камунальнікі намалююць не адзін кветкавы ўзор.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.