Пераслоўка – Ленінград – Котбус (Германія) – Санкт-Пецярбург – Пераслоўка. Гэтыя пункты абазначаны ў жыццёвым маршруце Генадзя Пятровіча МАТЭЛЕНКА. Беларус па нацыянальнасці з расійскім грамадзянствам і відам на жыхарства ў роднай краіне лічыць сябе грама- дзянінам Савецкага саюза, пра што сведчыць выцвілы на сонцы чырвоны сцяг з сярпом і молатам, які развяваецца ў двары дома.
Аб’явы ў газеце і здымкі ў альбоме– Сцяг гэты колькі гадоў таму ў краме ў Себежы купіў, калі пенсію атрымліваць ездзіў. Урачыста ўздымалі яго на флагшток з аднавяскоўцамі, – па-добраму ўсміхаючыся, прыгадвае суразмоўнік.
Генадзь Пятровіч – былы ваенны. Выбар прафесіі прадвызначылі аб’явы ў газетах, якіх маці Еўдакія Андрэеўна – старшыня Узмёнскага сельвыканкама – у сувязі з родам дзейнасці выпісвала шмат. У адных запрашалі ў вучылішча будучых маракоў, у другіх – лётчыкаў і так далей. Генадзь вырашыў паступаць у вышэйшае агульнакаманднае вучылішча ў Ленінград. Выпуснік Верхнядзвінскай дзесяцігодкі, сустрэўшы разам з аднакласнікамі світанак, у той жа дзень паехаў у ваенкамат у Міёры. Там пазнаёміўся з будучым аднакурснікам з Лявонпаля Пятром Пірагом (пра яго «Міёрскія навіны» пісалі ў нумары № 16 за 23 лютага 2021 года). У тоўсты альбом з кардоннымі лістамі ўклеены і здымкі з таварышам па вучобе.
Прыцягвае ўвагу чорна-белае сямейнае фота. На ім шчаслівыя бацькі з маленькім сынам Андрэем. Пасля ў сям’і народзіцца дачушка Святлана.
– У 1974 годзе я скончыў вучылішча і адразу ажаніўся. З жонкай Раісай Генадзеўнай пазнаёміўся яшчэ курсантам. Яна працавала ў ваенгандлі ў Ленінградзе, а сама родам з Цюменскай вобласці, – расказвае Генадзь Пятровіч. – Першае месца службы – мотастралковая вайсковая часць пад Ленінградам. Спачатку быў памочнікам начальніка штаба батальёна. Праз паўгода прызначылі камандзірам вучэбнага ўзвода. Там прайшлі тры гады.
«Куды едзеш, сынок? Вяртайся!»
Далей службовыя шляхі прывялі ў вайсковую часць у Гарбалава, што за 60 кіламетраў ад Ленінграда. Прызначылі сакратаром камітэта камсамола ракетнага дывізіёна. Пасля былі Колпіна за 30 кіламетраў ад горада і абавязкі намесніка камандзіра часці па палітычнай рабоце. Запомніліся выезды на ўборку ўраджаю. У 1980-м салдаты дапамагалі ўбіраць пшаніцу ў Стаўрапольскім краі, у 1982-м
– у Валгаградскай вобласці. У 1985-м Генадзь Пятровіч выязджаў з салдатамі на сельгасработы ў Казахстан, а ўжо праз год апынуўся ў мотастралковым палку за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад нямецкага Дрэздэна. Там быў намеснікам камандзіра батальёна па палітычнай рабоце. На новае месца службы прыехала яго сям’я. Вярталіся назад у 1991 годзе, калі перастаў існаваць Савецкі Саюз.
Запомнілася Генадзю Пятровічу, як хтосьці з ваенных сказаў: «Куды ты
едзеш, сынок? Назад вяртайся!» Завітаў у аддзел кадраў – параілі звольніцца з арміі. На што адказаў: «Я служыць хачу!» Месца працы знайшоў у адным з раённых ваенкаматаў Санкт-Пецярбурга. Вёў работу з прызыўнікамі, ажыццяўляў набор у аўта- школу. У 1998 годзе выйшаў у адстаўку. Пасля яшчэ год працаваў вартаўніком у школе, а затым вырашыў вярнуцца ў Пераслоўку. У родныя мясціны прасілася душа. Там засталася адзінокая маці-пенсіянерка. З бацькам развіталіся назаўсёды яшчэ ў 1992-м.
Жыццяпіс у сінім сшыткуСям’я падтрымала рашэнне паехаць да маці, але самі вырашылі застацца ў Пецярбургу. Зносіны падтрымлівалі па тэлефоне, час ад часу прыязджалі ў госці.
Еўдакіі Андрэеўне лёс адмераў 92 гады, не стала яе ў 2017-м. Пакінуць родны дом Генадзь Пятровіч ужо не мог.
– Каза, сабака, кот і я, – смяецца, расказваючы пра цяперашняе жыццё-быццё 69-гадовы гаспадар.
У ціхай невялікай Пераслоўцы яму не да суму. Сочыць за парадкам у хаце і на падворку. Радуюць вока пяшчотнай зелянінай калісьці высаджаныя туі, беражліва захутана ад халадоў ружа, у кардоннай каробцы чакаюць высадкі цыбуліны гладыёлусаў. Кветкі Генадзь Пятровіч любіць, і яны штолета аддзяч- ваюць багатым красаваннем.
У вольны час глядзіць навіны, чытае газеты і кнігі. А яшчэ старанна вядзе два дзённікі. У адзін штодня запісвае паказчыкі артэрыяльнага ціску. Пасля перанесенага колькі гадоў таму інсульту за гэтым трэба сачыць пастаянна. У другім дзённіку – фіксацыя падзей.
– Вось вы паедзеце – я запішу, хто прыязджаў, для чаго, колькі часу ў мяне правялі, – гаворыць Генадзь Пятровіч. – Купіў пра запас яшчэ два сшыткі.
Шмат фактаў зберагаецца ў тоўстым сшытку з сіняй вокладкай. Напэўна, сярод сённяшніх запісаў будзе і пра тое, як тэлефанаваў родным у Расію павіншаваць са святам. У маі чакае ў госці сына Андрэя з сям’ёй. І гэта таксама знойдзе адлюстраванне ў яго жыццяпісе.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА