07 Июня 2023

Запрашае каледж у Глыбокім

gazeta
  • 648

 З кожным годам расце колькасць вучняў, якія пачынаюць прафесійнае станаўленне з атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёлета на 12 % павялічаны прыём у каледжы пасля дзявятага класа. З’явіліся новыя запатрабаваныя і перспектыўныя спецыяльнасці, спектр якіх ахоплівае розныя сектары эканомікі. Сярод нашых землякоў карыстаецца папулярнасцю Глыбоцкі дзяржаўны каледж. Чым прываблівае абітурыентаў, гутарым з адказным сакратаром прыёмнай камісіі Алінай БУДЗЬКО.

– Каледж рыхтуе кваліфікаваных і запатрабаваных для народнай гаспадаркі спецыялістаў. Штогод, зыходзячы з запытаў рэгіянальнай эканомікі, абнаўляецца і змяняецца пералік спецыяльнасцей. Мы імкнёмся ўкараняць перадавыя падыходы ў арганізацыі адукацыйнай дзейнасці, ствараем спрыяльныя ўмовы для развіцця інтэлектуальных, творчых, спартыўных здольнасцей студэнтаў, а таксама іх пражывання і адпачынку, – знаёміць з навучальнай установай Аліна Іванаўна. – Установа пачынала дзейнічаць у 1954 годзе як Докшыцкае вулішча механізацыі сельскай гаспадаркі № 31, у 1958-м пераведзена ў Глыбокае. Узводзіліся вучэбныя карпусы, развівалася матэрыяльна-тэхнічная база, абнаўляўся пералік спецыяльнасцей, мяняліся назвы. За ўвесь час існавання каледж падрыхтаваў звыш 26 тысяч рабочых кадраў.

Вашы студэнты сёння – хто яны і які прафесійны шлях выбралі.

– У каледжы навучаецца 291 чалавек з Браслаўскага, Вілейскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Міёрскага, Мядзельскага, Полацкага, Шаркаўшчынскага і іншых раёнаў. Асвойваюць спецыяльнасці «Грамадскае харчаванне», «Тэхналогія вытворчасці швачных вырабаў», «Сацыяльная работа», «Тэхнічнае забеспячэнне сельгасработ», «Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў», «Вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ», «Тэхналогія зварачных работ», «Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ». Як бачыце, спектр шырокі, і кожны можа выбраць для сябе справу па душы.

З новага навучальнага года на ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўводзіцца новая кваліфікацыя – «арганізатар вытворчасці», запатрабаваная на прадпрыемствах, у арганізацыях АПК, іншых галінах народнай гаспадаркі, там, дзе займаюцца вытворчасцю і перапрацоўкай сельскай прадукцыі, ажыццяўляюць яе захоўванне і рэалізацыю. Акрамя таго, з ёй даюцца дзве рабочыя кваліфікацыі: кладаўшчык і трактарыст.

Таксама арганізавана прафесійнае навучанне для дзесяці- і адзінаццацікласнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Глыбоцкага раёна.

Цяпер асвойваюць аграрную справу 15 навучэнцаў з Міёрскага раёна. Дзеці прыходзяць з якаснай агульнаадукацыйнай падрыхтоўкай, добрасумленна ставяцца да вучэбнай дзейнасці, у асноўным асэнсавана падышлі да выбару прафесіі, актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах.

Важны паказчык для фарміравання іміджу навучальнай установы – яе матэрыяльна-тэхнічная база. Гэта напрамую ўплывае на якасць адукацыі. 

– Нам ёсць чым зацікавіць. 27 сучасных вучэбных кабінетаў, два камп’ютарныя класы, чатыры майстэрні, сем лабараторый, спартыўная зала, стадыён, бібліятэка, здраўпункт, аўта- і трактарадром, сталовая, інтэрнат, вучэбная гаспадарка.

Матэрыяльна-тэхнічная база пастаянна развіваецца, толькі за апошнія гады з’явіліся грузавы аўтамабіль, два збожжаўборачныя камбайны, аўтобус, глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат, прэс-падборшчык, чатыры трактары «Беларус». Прычым адзін з іх восенню атрымалі за перамогу на абласным конкурсе трактарыстаў-машыністаў сельгасвытворчасці.

Абноўлена абсталяванне для лабараторыі прыгатавання страў і кулінарных вырабаў для вучэбнай дзейнасці па агульнаадукацыйных і спецыяльных прадметах і інш. 

У вашай навучальнай установы ёсць свая «фішка».

– Гэта цэнтр дакладнага земляробства, які ўключае клас з камп’ютарамі, навігацыйнае аўтакіраванне трактарам, сучасную метэастанцыю. Навучэнцы, а таксама і працаўнікі аграпрамысловага комплекса, вывучаюць і выкарыстоўваюць спадарожнікавыя і камп’ютарныя тэхналогіі пры арганізацыі сельгасвытворчасці.

Дысцыпліну дакладнага земляробства вывучаем ва ўзаемадзеянні з многімі арганізацыямі, напрыклад, «Беларускімі воблачнымі тэхналогіямі», Беларускай дзяржаўнай сельгас- акадэміяй. Сучасныя тэхналогіі і новую тэхніку асвойваем з дапамогай ААТ «Мінскі трактарны завод».

Таксама з 2020 года рэалізуем рэспубліканскі эксперыментальны праект, мэта якога – фарміраванне навыкаў прадпрымальніцтва і фінансавай граматнасці ў навучэнцаў.

Існуе меркаванне, што сучаснай моладзі нецікава вучыцца.

– Гэта словы тых, хто не гатовы развівацца і вучыцца разам з ёй. Нашы дзеці жывуць насычаным цікавымі і карыснымі справамі жыццём. Для гэтага выкарыстоўваем розныя формы работы і мерапрыемстваў: прадметныя тыдні, конкурсы прафмайстэрства, алімпіяды па вучэбных прадметах, спартыўныя спаборніцтвы, акцыі. Дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах, у тым ліку спартыўных, творчых і іншых накірункаў. Ёсць факультатывы па вучэбных занятках, у тым ліку па падрыхтоўцы да паступлення ў вну.

Цікаўнасць дзяцей да вучобы і карыснага баўлення часу даказваюць узнагароды ў конкурсах. Толькі па выніках мінулага года дадалі ў скарбонку ўзнагарод дыплом 2-й ступені ў рэспубліканскім конкурсе Нацбанка відэаблогераў «Грошы маюць значэнне», перамаглі ў конкурсе сярод навучэнцаў устаноў адукацыі сельскагаспадарчага профілю ў рамках праекта Technology Skills, праходзілі вытворчую практыку ў ААТ «Тэхналогія земляробства» трое нашых навучэнцаў. Да таго ж на рахунку каледжа шматлікія перамогі на абласным і раённым узроўнях у спартыўных спаборніцтвах.

Алена ВАРОНІНА.
Фота для ілюстрацыі.

← Предыдущая

Летние лайфхаки: как упростить жизнь на кухне

Назад к списку
Следующая →

В Миорах открылся банкетный зал

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]