12 Мая 2023

Жанна ЯРОМЕНАК пра працу старэйшай медсястрой у Міёрскай ЦРБ

gazeta
  • 644

 Дзень старшай медсястры-анестэзіста аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Міёрскай ЦРБ Жанны ЯРОМЕНАК заняты арганізацыяй работы персаналу, вядзеннем дакументацыі, доглядам пацыентаў. Часам застаецца на начныя і дзяжурствы па выхадных. Тым самым яшчэ больш адточвае практычныя навыкі.

Пацыенты аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі пад наглядам 24 гадзіны ў суткі. Некаторыя пры паступленні знаходзяцца на мяжы паміж гэтым і іншым светам. Дзякуючы зладжаным і ўмелым дзеянням медыкаў працягваюць дыхаць.

– Кожны раз радуемся, калі пацыент пачынае адчуваць сябе лепш, пакрысе ідзе на папраўку, – гаворыць старшая медсястра. – Калектыў аддзялення нібы адно цэлае. Зладжаная, згуртаваная, дружная каманда. Дзейнічаем плячо ў плячо. Тут нельга па-іншаму.

На пасадзе старшай медсястры Жанна Яроменак другі год. Удзячна сваёй папярэдніцы Валянціне Аўсяннікавай, у якой шмат чаму навучылася і пераняла наладжаную работу. Клопатаў хапае. Забяспечыць пост медыкаментамі, скласці справаздачы, правесці тэматычныя заняткі з медперсаналам, наведаць пацыентаў. Правіла быць чулай і добразычлівай у службовых абавязках не прапісана. Гэта само сабой зразумела.

– Медыцына – стан душы. Гэтым жывеш. Без любові да справы ў гэтай сферы працаваць вельмі складана, – заўважае Жанна Леанідаўна.

Школьніцай яна збіралася стаць эканамістам. Змяніла рашэнне ў канцы трэцяй чвэрці выпускнога класа.

– Мая сяброўка-аднакласніца, з якой сядзелі за адной партай, вырашыла паступаць у медвучылішча. З ёй за кампанію і я. Да таго ж у мяне старэйшая сястра – медык. Сяброўка не паступіла, а я па конкурсе прайшла, – расказвае суразмоўніца. – Калі б зноў выбіраць прафесію, то, кіруючыся рацыянальным падыходам, пайшла б у іншую сферу, а прыслухаўшыся да голасу сэрца – у медыцыну.

Прызнаецца, думкі змяніць род дзейнасці час ад часу ўзнікалі. Іх выклікалі складаныя і напружаныя рабочыя дні, пасля якіх накрывала цяжкая хваля стомленасці. Аднак тыя думкі, нібы цёмныя хмаркі, што гоніць вецер, хутка і бясследна знікалі за гарызонтам свядомасці.

Ёсць у Жанны Леанідаўны вопыт работы ў прыёмным аддзяленні. Аднак на сваім месцы адчувае сябе менавіта ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі. Навучылася спраўляцца са складанасцямі, што могуць узнікаць, працягвае ўдасканальваць практычныя навыкі. Адпачынак дораць хатнія справы, пакаёвыя расліны, якія любіць вырошчваць, цікавыя паездкі, што ладзіць для медработнікаў прафсаюзная пярвічка. Сёлета запланавалі наведаць Брэст.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з альбома Жанны Яроменак.

← Предыдущая

Чем полезна клюква? Информирует специалист санитарно‑гигиенического отдела Миорского РЦГЭ

Назад к списку
Следующая →

Данику нужна ваша помощь!

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]