05 Октября 2025

Жанна Войдашевич выбрала свою профессию будучи ученицей начальной школы

gazeta
  • 957

 Старэйшы сябар, дарадца, памочнік. Так вызначае для сябе слова «настаўнік» Жанна Вайдашэвіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Павяцкай СШ імя В. Бабічава. Сваю прафесію яна выбрала яшчэ вучаніцай пачатковай школы, сёлета сустрэла 35-годдзе педагагічнай дзейнасці.

Ад дзіцячай забавы да прафесіі

– Гэта маё жыццё, –  гаворыць педагог пра сваю справу. – Калі вярнуць час назад, нічога не стала б мяняць. Акрамя школы, больш не бачу сябе нідзе. Калегі не раз заўважалі, што ў мяне вочы гараць.

Жанна Пятроўна расказвае, што яе любімай дзіцячай забавай была гульня ў школу. Сур’ёзна ставілася да вучобы. Пачатковую школу скончыла ў роднай вёсцы Чурылава Дальняе, затым былі Паташнянская базавая і СШ № 2 у райцэнтры. Шчасціла на педагогаў – майстроў сваёй справы. Гэта і першая настаўніца Алена Фамінічна Дзедушкевіч, і сямейная пара Івана Васільевіча і Зоі Канстанцінаўны Гур’янавых з Паташнянскай школы, і настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 Ганна Мілецьўена Стацэвіч.

– Усе яны паспрыялі і падтрымалі мой выбар прафесіі. Быць настаўніцай я вырашыла яшчэ ў пачатковай школе. З часам прыйшло ўсведамленне, што хачу выкладаць беларускую мову і літаратуру. Можа быць, таму, што я з вёскі, у сельскіх школах навучанне вялося на беларускай мове, удзельнічала ў алімпіядах па гэтым прадмеце і атрымлівала дыпломы на раённым этапе, – распавядае суразмоўніца. – Скончыўшы сярэднюю школу, паступіла на філалагічны факультэт Віцебскага педінстытута. Працаваць пачала яшчэ студэнткай. На чацвёртым і пятым курсах вяла ўрокі ў СШ № 4 г. Віцебска. 

Кола абавязкаў і рэлакс

Першае рабочае месца Жанны Пятроўны на Міёршчыне, куды прыехала па размеркаванні ў 1991 годзе, – сярэдняя школа ў Папшулях. У 1993-м вярнулася ў родную Паташнянскую БШ, дзе працавала да закрыцця ўстановы ў 2013-м. Да настаўніцкіх спраў праз час дадаліся клопаты намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Далей прафесійная сцежка павяла ў Павяцкую СШ.

– Гэта быў вельмі важны і складаны этап, – дзеліцца суразмоўніца. – У новую для сябе школу прыйшла намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Вельмі ўдзячна сваёй папярэдніцы Ірыне Іванаўне Анашка, якая шчодра падзялілася вопытам, пакінула патрэбныя ў рабоце матэрыялы. Падтрымлівала і падказвала тагачасны дырэктар Ядвіга Эдуардаўна Гіржда. З 2017 года працуем поруч з дырэктарам Аленай Вітальеўнай Паўлоўскай, таксама знаходзім узаемапаразуменне. І тады, і цяпер адчуваю падтрымку калег. Мае просьбы чуюць, гэта вельмі прыемна. Прызнанне калег і вучняў – найлепшая ўзнагарода для настаўніка.

Кола абавязкаў намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце шырокае. Арганізацыя вучэбнага працэсу, падвозу дзяцей, кантроль за харчаваннем, аховай працы, наведванне вучэбных заняткаў, курыраванне інавацыйнай дзейнасці… Усё патрабуе аператыўнасці, дакладнасці, адказнасці, канструктыўнага вырашэння пытанняў. Адпачынак ад адміністрацыйных клопатаў для Жанны Пятроўны – урок. Цяпер выкладае родную мову і літаратуру ў дзевяцікласнікаў.

Адказнасць за пакаленні

Напоўнены справамі школьны дзень пралятае хутка. І таксама неўпрыкмет бягуць гады. Жанне Пятроўне не верыцца, што ў любімай прафесіі яна ўжо 35 гадоў. Дарэчы, гэты год адметны не толькі прафесійным юбілеем, а яшчэ і новым статусам. Жанна Пятроўна стала бабуляй. Унучка Насцечка – крыніца радасці і душэўнай цеплыні.

– Абодва сыны – Ігар і Павел – са сваімі сем’ямі жывуць у Міёрах і працуюць у металапракатнай кампаніі. Дзеці – мая апора і падтрымка, – дзеліцца суразмоўніца.

Рада настаўніца сустрэчам з былымі вучнямі. Заўважае, што выпускнікі бываюць у школе не толькі на вечары сустрэчы. Прыходзяць па суботах павітацца, пагутарыць, падзяліцца сваімі поспехамі, падзякаваць за веды і навыкі.

– Час змяняецца, але дзеці застаюцца дзецьмі. Іх трэба вучыць, даваць ім веды, кантраляваць. Сябе лічу патрабавальным настаўнікам, – заўважае Жанна Пятроўна. – Ва ўсе часы педагог нясе адказнасць за тое пакаленне, якое рыхтуе да выхаду ў жыццё.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

В рамках Единого дня информирования Валерий Драбо встретился с трудовыми коллективами ОАО "Николаёвский" и Ситьковской БШ

Назад к списку
Следующая →

Белстат: зарплата учителей за январь-август выросла на 23%

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]