20 Июля 2023

Раман з ружамі ў Міярчанкі Вольгі ШУЛЬГІ

gazeta
  • 543

 У адных раніца пачынаецца з кавы, у другіх – з прабежкі, у трэціх – з вандроўкі па сацсетках і так далей. Міярчанка Вольга ШУЛЬГА адкрывае летні дзень прагулкай па сваім разарыі, дзе вырошчвае 200 гатункаў руж. У руках мабільны тэлефон з уключанай фотакамерай – ні дня без фота кветак.

Багатым красаваннем радуюць любіміцы – крэмавая «Chandos Beauty» і пяшчотна-бэзавая «Love Song». Светла-фіялетавая «Blue for You» нагадвае шыпшыну. «Афрадыта» рассыпалася пяшчотна-ружовымі кветкамі, а «Буке парфэ» сабрала шчодрыя белыя суквецці. У разарыі Вольгі Шульга гатункі руж англійскай, нямецкай, французскай і іншых селекцый. Нядаўна папоўнілі сад японскія і таксама парадавалі пышным красаваннем, нягледзячы на асаблівасці нашага клімату. Гаспадыня ведае назву і характар кожнага. Толькі адна ружа без імені. 30 гадоў таму, калі пераехалі ў свой дом, выкапала яе з мамінага падворка.

– Любоў да кветак перадалася мне ад мамы. Нейкіх асаблівых раслін яна не вырошчвала, ды на той час і не было такога багацця гатункаў, аднак шмат красак падворак упрыгожвалі, – прыгадвае суразмоўніца. – Мне таксама розныя кветкі падабаюцца. Растуць у нас півоні, лілеі, дэльфініум, архідэі. Аднак ружы – мая самая вялікая любоў.

 Раман з ружамі ў Вольгі Міхайлаўны пачаўся пяць гадоў таму. Убачыла кветкавыя сады ў ружаводаў і загарэлася марай пра ўласны разарый. Пачаўся ён з гародчыка, які аддалі ў ахвяру прыгожаму. Цяпер кусты руж акружаюць дом з трох бакоў і з кожным годам усё шчыльней.

– Сёлета яшчэ 15 саджанцаў пасадзілі. Аднойчы захапіўшыся – не спыніцца. Першым часам шкада было зразаць кветкі на букеты, цяпер ружы і на падворку, і ў вазах дома, – з усмешкай заўважае гаспадыня. – Набываем саджанцы ў спецыялізаваных інтэрнэт-магазінах. Там жа – угнаенні і лекі ад шкоднікаў. У матэрыяльным плане даволі затратна, аднак асалода, якую атрымліваеш, любуючыся красаваннем, таго вартая.

Намаганняў у доглядзе за ружамі даводзіцца прыкласці нямала. Надзейны і добры памочнік у гэтай справе – муж Валерый Якаўлевіч. У летнюю засуху разам паліваюць разарый, уносяць угнаенні і апрацоўваюць расліны ад шкоднікаў. Разам укрываюць кусты на зіму: трэба паспець да снегу і каб зямля была крыху прыхоплена першымі замаразкамі. У якасці коўдры выкарыстоўвалі розны матэрыял: і траву, і салому, і галіны дрэў, і плёнку. Праз спробы і памылкі спыніліся на спанбондзе – зручна і не на адзін сезон хапае. Нахіляюць кусты, ставяць дугі і накрываюць у два слаі. Вясной, апрацаваўшы расліны ад шкоднікаў, пакідаюць пад адным слоем спанбонда. І толькі калі тэмпература паветра ўдзень дасягне 15 градусаў, раскрываюць іх цалкам. Таксама пасля зімовага сну ружы трэба абрэзаць. Як і пасля першага красавання, што завяршаецца прыкладна ў сярэдзіне ліпеня.

– Даглядаць за кветкамі вучылася праз ролікі ў інтэрнэце. Слухала блогераў-ружаводаў. Аднак інфармацыю трэба фільтраваць, – заўважае ружавод-аматар. – Галоўны сакрэт пышнага красавання руж – любоў да іх. Без яе шматлікія клопаты ў разарыі былі б у цяжар і не мелі б належнага выніку.

 Зноў загараецца разарый рознакаляровымі агеньчыкамі ў сярэдзіне жніўня і яшчэ ў верасні працягвае радаваць жывымі фарбамі. Пунцовымі, жоўтымі, ярка-бэзавымі, чырвонымі, барвовымі… Ружовая прыгажосць натхняе на новыя клопаты. Сёлета гаспадар змайстраваў арку, па якой адна адной насустрач падымаюцца пляцістыя ружовая і белая ружы.

У мабільным тэлефоне гаспадыні не хапае памяці, каб захаваць здымкі любімых гадаванцаў у розных ракурсах. Дзеліцца прыгажосцю на сваёй старонцы ў Інстаграм. У чорна-белыя зімовыя дні праглядаюць з мужам стракатыя летнія здымкі. З асалодай, цёплымі ўспамінамі і прыемным чаканнем новага ружовага сезона.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Историческое прошлое как визитная карточка Дисны

Назад к списку
Следующая →

Новые правила регулирования труда иностранцев

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]