21 Февраля 2026

Валентина Ковалевская 26-ой год работает в Дисненской средней школе

gazeta
  • 1043

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі. Праз больш чым стагоддзе заклік Францішка Багушэвіча не страчвае актуальнасці. Гэтыя словы сталі грамадзянскім крэда для настаўніцы Валянціны Кавалеўскай. 

Маміна парада

– Колькі заўгодна можна вывучыць моў, але перш-наперш трэба ведаць родную. Пра гэта пастаянна заўважаю вучням, – гаворыць настаўніца. 

Валянціна Кавалеўская 26-ы год працуе ў Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна. Агульны педагагічны стаж блізіцца да сарака. Першае месца працы – дзіцячы сад, куды ўладкавалася выхавацелем пасля педвучылішча. Затым у школе-інтэрнаце працавала піянерважатай, вяла ўрокі беларускай і рускай мовы і літаратуры, настаўнічала ў пачатковых класах. Вышэйшую філалагічную адукацыю атрымала завочна. У сярэдняй школе замяніла сваю маці Антаніну Васільеўну Каралёву. 

– Менавіта мама настаяла на тым, каб я стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Я асабліва не супраціўлялася, – усміхаецца Валянціна Фёдараўна. – Любіла чытаць. Дома была вялікая бібліятэка. Школьніцай зачытвалася творамі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна. 

Любімых аўтараў настаўніца перачытвае, рыхтуючыся да ўрокаў. На пытанне пра крылатыя выразы беларускіх творцаў, якія сталі яе ўнутраным перакананнем, акрамя слоў Францішка Багушэвіча прыводзіць радкі Францыска Скарыны: «…людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць».

Усё жыццё Валянціны Фёдараўны звязана з Дзісненшчынай. Ранняе дзяцінства – у Калатушкаве, школьныя гады – у Дзісне, сямейныя радасці – у Восцевічах. 

– У старэйшых класах я, як і большасць сучасных вучняў, гаварыла, што паеду з Дзісны. Слова стрымала – пераехала ў Восцевічы, – смяецца суразмоўніца.

Пра пашану да родных слова і краю

Прывіваць павагу да роднай мовы і малой радзімы настаўніца лічыць сваёй галоўнай задачай. Зразумела, важна ведаць правілы арфаграфіі і пунктуацыі, змест літаратурных твораў і так далей. Аднак годнага беларуса, па меркаванні Валянціны Фёдараўны, вызначае пашана да сваёй мовы і роднага краю.

– Для сучасных вучняў родная мова складаная. Асабліва ў сярэдніх класах, – адзначае настаўніца. – Аднак да старэйшых класаў сітуацыя змяняецца. Веды маюць назапашвальны эфект. Хто працуе, у таго добры вынік. Напрыклад, у 11 класе беларускую мову вывучаем на павышаным узроўні. Нядаўна праводзіла адкрыты ўрок, калегі адзначылі добрае маўленне вучняў.  

Валянціна Фёдараўна згодна з тым, што адна з прычын у складанасці вывучэння беларускай мовы – адсутнасць моўнага асяродку. Так склалася, што ў паўсядзённасці большасць ужывае рускую мову. Пусцеюць вёскі, дзе гучала няхай не літаратурная, але жывая «трасянка». Аднак застаюцца кнігі. 

– Дзеці мала чытаюць. Раней чыталі больш, у тым ліку пазапраграмныя творы. І беларускай літаратурай цікавіліся, – заўважае настаўніца. 
Сярод метадаў, якімі імкнецца зацікавіць родным словам, – прыклады з жыцця. 

– Аднойчы на курсах перад намі выступала дзяўчына, якая свядома вырашыла размаўляць на беларускай мове. Яе маладому чалавеку таксама давялося родную мову вывучыць, – расказвае Валянціна Фёдараўна. – Прыводжу гэтую гісторыю хлопцам-старшакласнікам. А раптам ім такая патрыётка сустрэнецца?  

Урокі ў школе і дома

Прашу суразмоўніцу назваць топ-5 любімых беларускіх слоў. Крыху задумваецца. 

– Радзіма, валошка, спадарыня, каляжанка, хмарачос, – прыводзіць пералік і адметны факт: – Беларуская мова па мілагучнасці займае другое месца ў свеце пасля італьянскай. 

Што да формы ўрока, настаўніцы бліжэй класічны, правераны часам варыянт. Таксама праводзіць урокі-падарожжы, вусныя часопісы, гульню «Што? Дзе? Калі?» Прызнаецца, што па-ранейшаму хвалюецца перад адкрытымі ўрокамі. І мінімум тры гадзіны затрачвае на падрыхтоўку да наступнага дня. 

– З шасці да дзевяці гадзін вечара дома за працай. Калі трэба сшыткі праверыць, то і даўжэй. У нядзелю да абеду адпачываю, а затым зноў за ўрокі, – расказвае настаўніца. – Якім бы ні быў напрацаваны вопыт, да ўрокаў трэба рыхтавацца пастаянна. Змяняецца час, з’яўляюцца новыя падыходы, прыходзяць іншыя дзеці. 

Назіраючы за зменлівасцю пакаленняў, філолаг заўважае падобнасць некаторых інтарэсаў. Напрыклад, не было ў Валянціны Фёдараўны класа, якому б не спадабалася аповесць У. Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Выклікае цікавасць «Знак бяды» В. Быкава. 

– Трэба ведаць пра трагічныя старонкі сваёй гісторыі, каб яны больш не паўтарыліся, – заўважае Валянціна Фёдараўна і яшчэ раз падкрэслівае: – І мову сваю трэба ведаць і паважаць. Гэта важна для кожнага народа. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

← Предыдущая

В Миорском ТЦСОН прошла инфо-встреча «Беларусь против табака: здоровый маршрут»

Назад к списку
Следующая →

В Миорах проводили зиму и встретили весну

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]