Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Фота аўтара.
Каляровая воўна цешыла позіркі і сагравала рукі. На душы было цёпла ад прыемнага патрэсквання дроў у каміне і нязмушаных размоў паміж людзьмі, многія з якіх бачыліся ўпершыню. Пазнавальным і творчым атрымалася закрыццё адпачынкавага сезону на “Мацейкавай сялібе” ў Пераброддзі.
Эфектыўны адпачынак — гэта змена відаў дзейнасці. На аграсядзібе “Мацейкава сяліба” ў Пераброддзі асартымент цікавых спраў шырокі.
Каштоўнасць часу, праведзенага
разам
Самае дарагое, што можам зрабіць блізкім — падарыць ім свой час. Так лічыць гаспадыня аграсядзібы Галіна Паўлоўская. Таму ў “Мацейкавай сялібе” акцэнт на сямейны адпачынак. Штогод з мая да кастрычніка тут рады адпачывальнікам.
— У чэрвені дзейнічаў сямейны лагер. Адпачывалі пяць сем’яў. Прапаноўвала экскурсіі па музеі вясковага побыту і працы, майстар-класы па розных відах творчасці, якія праводзілі майстры з Міёр. Знаёміліся з культурнымі і забаўляльнымі набыткамі Міёршчыны, Браслава, Полацка, — расказвае Галіна Уладзіміраўна. — Шмат гасцей сёлета прымала. Двойчы — у маі і падчас фестывалю “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” — спынялася на адпачынак пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гібб. Прыязджалі сем’і з Беларусі і Расіі. Многія сталі нашымі сябрамі і штогод тут адпачываюць.
Адметнасць сёлетняга сезону ў тым, што ў Год малой радзімы здзейснілася даўняя мара гаспадыні — пачаў дзейнічаць куток “Мацейкавы рамёствы”. Колішнія гаспадарчыя пабудовы Галіна Уладзіміраўна разам з мужам ператварылі ў музей і творчую майстэрню. Экспанатамі для музея сталі рэчы роднага дзядулі Мацея, якога лічылі ўмелым майстрам у перабродскіх ваколіцах і чыё імя носіць аграсядзіба.
Пра цяпло сяброўства
і сілу нашых каранёў
З экскурсіі па музеі вясковага побыту і працы пачала гаспадыня сустрэчу “Крэатыўны ўзрост” (так вырашылі назваць завяршальнае мерапрыемства адпачынкавай пары). Пра скрыні, маляванкі, сярпы, саху і іншыя рэчы даўняга хатняга і гаспадарчага ўжытку, пра побыт вяскоўцаў расказвала сваім сябрам. Ра-зам праводзіць лета запрасіла калег па аграэкатурыстычнай справе. Яны прыехалі з Нясвіжа, Міра, Верхнядзвінска, Лепельскага раёна. Адразу з балота завіталі госці з Язна. Гаспадыня аграсядзібы “Белыя росы” Наталля Жойдзік з язненскімі настаўнікамі напярэдадні скіраваліся ў паход па маршруце балота Жада — экасцежка. Набралі журавін па дарозе, яшчэ ў рукзаку Наталлі—сыр і масла з уласнай гаспадаркі ўсім на пачастунак.
Як заўважыла гаспадыня “Сядзібы бабы Мароз” Вольга Мароз, у сферы аграэкатурызму непатрэбна канкурэнцыя, тут вучацца адзін у аднаго, пераймаюць вопыт. Яшчэ ў ліку гасцей клуб “Бажэна”, мастачка з Міёр Вольга Чарняўская, якая летам праводзіла на аграсядзібе майстар-класы для адпачывальнікаў.
Кожная рэч у музеі для Галіны Паўлоўскай — каштоўнасць. Партрэт каровы на ўваходзе, які намалявала знаёмая з Мінска; змайстраваная дзядулем лаўка, што за сто год не страціла трываласць; драўляная лапата, на якой садзілі ў печ хлеб, кошык для прасейвання зерня, вялікая скрыня, у якой прывезла пасаг бабуля; цымбалы, што зрабіў дзед і на якіх граў тата. Пра ўсё гаворыць з цеплынёй.
— Нашы карані робяць нас мацней, дадаюць дабрыні, — падводзіць вынік напрыканцы расповяда.
Вочы не вераць,
а рукі стараюцца
З музея пераходзім у майстэрню. Будзем “маляваць” воўнай. Галіна Уладзіміраўна заўважае, што ёсць розныя тэхнікі работы з гэтым матэрыялам. Асвоім асновы воўнавай акварэлі.
Перад вачыма каляровая раздрукоўка асенняга пейзажу. Падобная павінна атрымацца з воўны. Якім чынам? Перш-наперш вымаем з рамак, што прывезлі з сабой, кардонную аснову. На адзін бок наклейваем белую папяровую сурвэтку. Пакрысе ўсцілаем яе тонкім дыванком неафарбаванай воўны. Аснова гатова. Цяпер у рабоце каляровы матэрыял і фантазія. Накладаем карычневыя ствалы дрэў і стракатую асеннюю лістоту, блакітна-сінюю рачулку і яшчэ зялёную траву. Захапіліся так, што не заўважылі, як на дварэ прайшоў моцны дождж і зноў стала сонечна. Арыентаваліся на адзін узор, атрымалася ў кожнага па-свойму.
— Любая творчасць — гэта тэрапія. Калі чымсьці захапляешся, душа расцвітае, змяняюцца рэаліі, знаходзіш аднадумцаў, — гаворыць Галіна Уладзіміраўна. — Нават не ўяўляла, што будзе вялікі попыт на майстар-класы па рабоце з поўсцю. Ахвотна працавалі з ёй і дзеці, і дарослыя. Многія адпачывальнікі здзіўляюцца, што з такога матэрыялу можна ствараць карціны.
Іспыты па філасофіі
і харэаграфіі
Творчы працэс змяніўся зносінамі ў пакоі, дзе асаблівую ўтульнасць стварае камін. Перш-наперш частуюць фірменнай стравай — смачнай і сытнай юшкай. На яе заўсёды попыт на фестывалі “Перабродская зорка”. Гатуе юшку мясцовая жыхарка Галіна Генадзьеўна Паўлоўская. Даспадобы прыйшоўся і сыр умелай гаспадыні.
Каб пазнаёміцца бліжэй, госці па чарзе расказваюць пра сябе. Затым Галіна Уладзіміраўна прапаноўвае своеасаблівы асенні экзамен. Выцягваем папяровыя кляновыя лісточкі з афарызмамі і разважаем пра іх сэнс. “Будзьце занятыя. Гэта самыя танныя лекі на зямлі і адны з самых эфектыўных”, — трапіла выказванне Дэйла Карнегі. Можна дапоўніць — будзьце занятыя любімай справай. Прагучала шмат мудрых і слушных думак, у сапраўднасці якіх большасць з гасцей упэўнівалася на сабе.
Усмешак і актыўнасці дадалі госці з Лепельшчыны — гаспадар аграсядзібы “Поўсвіж” Васіль Шкіндзер і яго сябар Ула-дзімір. Абодва граюць на музычных інструментах, ведаюць народныя танцы, збіраюць фальклор у сваёй мясцовасці. На нейкі час звычайны пакой ператварыўся ў танцпляцоўку з самабытным музычным суправаджэннем. Мелодыі, танцы і песні паставілі кропку ў крэатыўнай сустрэчы.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.