26 Сентября 2018

Как отметили профессиональный праздник в Миорской библиотеке

gazeta
  • 498

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 З добрымі сябрамі за чаем, ласункамі і размовамі адзначылі прафесійнае свята бібліятэкары Міёрскай цэнтральнай бібліятэкі.

Бібліятэкі — гэта свабода. Свабода чытаць, свабода ў зносінах. Гэта адукацыя (якая не заканчваецца ў той дзень, калі мы пакідаем школу або ўніверсітэт), гэта вольны час, гэта сховішча і гэта доступ да інфармацыі.
Ніл Гейман, англійскі пісьменнік-фантаст.

ДЛЯ наведвальнікаў падрыхтавалі выставу сучасных і класічных твораў. Джордж Оруэл, Паула Коэльа, Рэй Брэдберы, Харукі Муракамі, Барыс Акунін. Мяркуючы па датах на лістках выдачы, кнігі гэтых аўтараў запатрабаваныя.


— З дзяцінства люблю чытаць. Цікавіць літаратура пра Вялікую Айчынную вайну. Падабаюцца дэтэктывы, так званыя мужчынскія раманы. З захапленнем чытала серыю “Спецназ ГРУ”, Андрэя Таманцава, Аляксандра Тамонікава. Дома няма інтэрнэту, ды мне ён і не патрэбны. Чытаючы кнігу, пражываю яе. Дзейнічаю і перажываю разам з героямі, — расказвае Ганна Сільвестраўна Лук’янава з Пад’ельцаў. — Жыву ў Міёрскім раёне дваццаць шэсць год і пастаянна наведваю бібліятэку. Прыходжу сюды нібы ў родны дом.


 Чытачоў, чый стаж вымяраецца дзясяткамі год, запрасілі ў чытальную залу. За круглым сталом з кветкамі і пачастункамі вялі гутарку пра ролю бібліятэк у сучасным грамадстве, пра асалоду, якую дораць кнігі. Нішто не заменіць шамаценне кніжных старонак, і ў бібліятэкі роўныя з інтэрнэтам правы на будучыню, заўважыла бібліятэкар Вольга Федуковіч.


У СВЯТОЧНЫ ДЗЕНЬ супрацоўнікі кніжнага храма атрымлівалі падарункі і самі падрыхтавалі сюрпрызы для гасцей. Дзень бібліятэк супаў з днём нараджэння чытачоў Марыі Іванаўны Шчаснай і Ларысы Рыгораўны Барок. У абедзвюх сёлета юбілеі. Прымалі віншаванні ад бібліятэкі, сяброў з клуба “Бажэна”. Павіншавала імянінніц залаты дырэктар кампаніі “Oriflame” Ірына Сінкевіч. У мінулым яна таксама бібліятэкар. Заўважае, што тут асаблівая атмасфера і кожнага сустракаюць з усмешкай.


ДОБРАЯ кніга вабіць цікавым сюжэтам, мудрымі заўвагамі. А яшчэ ў класікаў і сучаснікаў можна знайсці практычныя парады. Напрыклад, папоўніць калекцыю кулінарных сакрэтаў. Па рэцэпце з кнігі расійскай пісьменніцы Кацярыны Вільмонт “Дети галактики, или Чепуха на постном масле” прыгатавала пірог з капустай чытачка Ніна Ігошына. Атрымалася прыгожа на выгляд і прыемна на смак. Бібліятэкары падзяліліся рэцэптамі яблычных пірагоў, якімі любілі частавацца Аляксандр Пушкін, Марына Цвятаева, Астрыд Ліндгрэн.


Сустрэчу запоўнілі віншаванні і песні, конкурсы і віктарыны з прызамі. У бібліятэцы не бывае сумна. Ні ў святы, ні ў будні.

Любімы пірог Астрыд Ліндгрэн

Спатрэбіцца:
2 яблыкі,
400 г мукі,
150 г + 2 ч.л. цукру,
200 г малака,
100 г сметанковага масла,
2 яйкі,
1 ч.л. разрыхляльніку,
0,5 ч.л. карыцы.
Гатуем.
Мяккае сметанковае масла ўзбіць з цукрам і яйкамі.
Дабавіць малако і змешаную з разрыхляльнікам муку. Перамяшаць.
Цеста выліць у форму.
Зверху пакласці яблычныя долькі, пасыпаць цукрам і карыцай.
Выпякаць 40-60 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў. Падаваць з цёплым ці халодным ванільным соусам.
Для ванільнага соусу:
2 шклянкі малака,
па 0,25 шклянкі мукі і цукру,
1 ст.л. сметанковага масла,
ванілін на смак,
дробка солі.
Змяшаць у каструлі муку, соль, цукар і малако. Памешваючы, давесці да кіпення.
Варыць масу да загусцення. Пастаянна памешваць.
У канцы дабавіць сметанковае масла і ванілін.

← Предыдущая

Золотая свадьба семьи Лавровых из д. Александрово

Назад к списку
Следующая →

Как шло строительство Миорской больницы

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]