14 Июля 2018

Как канун Ивана Купалы или Иванову ночь проводили в Миорах

gazeta
  • 574

 Больш фота па спасылцы http://album.mijory.by/thumbnails.php?album=57 

Свята Купалле ўзгадваецца ў летапісах 1175 года. У большай меры яго святкавалі беларусы і ўкраінцы. У рускіх народных календарах гэты дзень вядомы як Пярэдадзень Івана Купалы або Іванава ноч.

Купальская ноч — самая кароткая. Народнае павер’е папярэджвае, што спаць нельга. У гэтую пару адбываюцца цуды і шкодзіць нячыстая сіла. Час запальваць кастры. Яркае полымя купальскага вогнішча асвяціла паўвостраў у Міёрах.

 БЛІЖЭЙ да дзесяці гадзін вечара на звычайна ціхім у такі час паўвостраве шматлюдна. З уваходу чуецца музыка, ля некалькіх гандлёвых палатак салодка пахне цукровай ватай і пап-корнам. Бацькі становяцца ў чаргу, каб парадаваць дзетак ласункамі і шарамі са святлодыёднай падсветкай. Затым ідуць бліжэй да сцэны.


“Зорку Купалля” — так называлася тэатралізаванае прадстаўленне Міёрскага РДК — распачалі героі Ягор, Марыся і Даміцэля. Нагадалі, што ў гэты дзень трэба нарыхтоўваць травы, якія сонца насыціла гаючай сілай, а ўначы весяліцца ля купальскага вогнішча. Перш чым паднесці факелы да высокіх бярвенняў, пайшлі на возера сустракаць галоўных герояў свята — Купалу і Купалінку. Яны прыплылі на лодцы з супрацьлеглага берага.


 ПРАЗ некалькі хвілін на атуленым прыцемкам паўвостраве запалаў касцёр. Пакуль дзеці і моладзь кружыліся ў карагодзе, на сцэне працягвалася купальская гісторыя. Ягор адправіўся шукаць папараць-кветку. Сустрэўся з нячыстай сілай, якая імкнулася перашкодзіць на шляху да мары. У народзе кажуць, што знайсці чароўную кветку можна толькі чалавек смелы і добры. Герой вярнуўся дадому са сваім скарбам. Казка мела шчаслівы фінал. На развітанне артысты памахалі гледачам змочанымі ў вадзе букетамі купальскіх траў і кветак. Каб усе былі здаровымі і дужымі.


 

У КОЖНАГА папараць-кветка асабістая, незвычайная. Гэта нашы мары, памкненні. Яны здаюцца недасяжнымі, а калі прыкласці намаганні — здзяйсняюцца. Гледзячы на полымя купальскага кастра, загадваем новыя жаданні. Іскры ад вогнішча імкнуцца ў неба і знікаюць, нават не зраўняўшыся з  верхавінамі дрэў. Абы ў душы не згасалі агеньчыкі надзеі, смеласці, дабрыні. Тады адступіць зло і светлыя спадзяванні спраўдзяцца.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ. 

← Предыдущая

Как медалист СШ № 3 выбрал БГУИР

Назад к списку
Следующая →

Сушильщики зерна сдавали в Миорах экзамен

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]