26 Октября 2021

Раиса Иванова, жительница Переброда, свободное время посвящает рукоделию

gazeta
  • 470

 Жыхарка Пераброддзя Раіса ІВАНОВА вольны час на пенсіі прысвячае рукадзеллю. За творчай справай забываюцца ўсе нягоды і праблемы,
а вынік дорыць радасць.

 

«Будзь як дома!» – прыветна запрашае ў хату Раіса Міхайлаўна. Дом у гаспадароў Івановых незвычайны. Асобныя пакоі больш нагадваюць адначасова і творчую майстэрню, і міні-музей вырабаў ручной работы. Дэкаратыўныя шкатулкі і вазачкі, вязаныя дыванкі, арыгінальныя сумкі і іншыя цікавыя рэчы запаўняюць прастору, і вельмі няпроста засяродзіць позірк на нечым адным.

 

Перш-наперш гасцінная гаспадыня запрашае на кухню. На стале – свежыя піражкі з яблычным варэннем і толькі што завараны травяны чай.
– Усе травы, што ў ваколіцах растуць, нарыхтоўваю. Чабор, святаяннік, трыпутнік, мята, – пералічвае Раіса Міхайлаўна гаючыя дары прыроды. – Яшчэ сушу лісты яблынь, парэчак, маліны. Усю зіму карысны чай п’ём. Любіць яго старэйшы ўнук Даніла. Ён часта да нас з Верхнядзвінска прыязджае.
Піражкі ў Раісы Івановай – проста цуд. Мяккія, пульхныя, салодкія. Словамі не апісаць іх неверагодны смак.
– Калі няма настрою, лепш на кухню не заходзіць. Гатаваць з душой трэба. Гэта самае галоўнае. Што да прадуктаў у рэцэпце, я ўсё на вока раблю, – заўважае гаспадыня. – Увогуле гатаваць люблю. Асабліва мясныя стравы.

Успаміны розных адценняў

За чаяпіццем Раіса Міхайлаўна расказвае пра сваё жыццё. Рознае яно. Са светлымі падзеямі і трагічнымі момантамі, з радасцямі і выпрабаваннямі.

 
На свет яна з’явілася ў Латвіі. Затым бацькі – выхадзец з Гродзенскай вобласці і ўраджэнка Міёршчыны – падаліся з Рыгі на цаліну ў Казахстан, пасля – у Карэлію, адтуль вярнуліся ў Міёрскі край у вёску Лінкаўшчына.
– Тата на будаўніцтве працаваў, мама даглядала дзяцей – нас трое было – і займалася хатняй гаспадаркай, – распавядае субяседніца. – Школу я ў Пераброддзі скончыла. Яна дарагая мне яшчэ тым, што ўзводзіў гэты будынак і мой тата. Пасля тут вучыліся мае дзеці.
За прафесіяй Раіса Міхайлаўна скіравалася ў Даўгаўпілс. Атрымала ў вучылішчы спецыяльнасць кантралёра-перамотчыка і працавала на заводзе, дзе выраблялі капронавыя ніткі. У хуткім часе выйшла замуж за хлопца з Яўцерашак, што непадалёку ад Пераброддзя.
З мужам Генадзем Сцяпанавічам разам 48 гадоў. Пачыналі сямейнае жыццё ў латвійскай вёсцы, дзе трымалі вялікую гаспадарку дома і працавалі ў калгасе. У канцы 70-х вярнуліся на родную Міёршчыну. Шмат разам перажылі. Заўчасна развіталіся з родным братам Раісы Міхайлаўны, са сваім сынам, які не паспеў адзначыць 18-годдзе. Бег часу паціху суцішваў боль у душы.
 
Свайго роду тэрапіяй для Раісы Івановай стала рукадзелле.
– Бяруся за справу – і сумныя думкі адступаюць, і нічога не баліць, – гаворыць яна.
Заўважае, што майстраваць сваімі рукамі ёй падабалася заўсёды. Толькі раней няшмат было часу. Яго займалі сямейныя клопаты, хатняя гаспадарка, праца ў калгасе, дзе паспела пабыць даяркай, загадчыцай фермы, поварам у сталовай, кантралёрам на вагах, і на мясцовым комплексным прыёмным пункце КБА, адкуль выйшла на адпачынак. Між тым паспявала звязаць дзецям у школу новыя світары і касцюмы.
Цяпер замест адзення вяжа кручком стракатыя дыванкі. Іх ужо даволі вялікі стосік набраўся. Нядаўна пачала шыць сумкі з тканіны. Займаецца пэчворкам, стварае дэкаратыўныя падушачкі. Асвоіла дэкупаж на бутэльках. Розныя пластыкавыя ёмістасці становяцца асновай для шкатулкак і вазачак. Аздабляе іх тканінай, карункамі, ніткамі, разнастайнымі дэкаратыўнымі элементамі. Ідэі чэрпае з ролікаў па рукадзеллі на YouTube, а матэрыялы для творчасці набывае ў спецыялізаваным магазіне ў Браславе.
– Як заходжу туды, так і прападаю, – усміхаецца майстрыца.

 
Сваімі вырабамі Раіса Міхайлаўна радуе родных і блізкіх, знаёмых і сяброў. Дачцэ Ларысе, што жыве на Кубані, паказвае навінкі, калі выходзяць на сувязь праз скайп. Сын Андрэй жыве ў Верхнядзвінску, бачыць маміны работы без пасрэдніцтва гаджатаў. Да пандэміі каронавіруса паспела ўзяць з сабой рукатворныя падарункі пляменніца з Канады. Цяпер госці ў Івановых бываюць не так часта, але прыемны сюрпрыз у гаспадыні знойдзецца для кожнага.

← Предыдущая

Лучшие санитарные дружины Миорщины

Назад к списку
Следующая →

В Дисне проходили съёмки фильма «Жихарь»

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]