01 Февраля 2026

"Таинственная Беларусь": восьмой том о привидениях

gazeta
  • 602

Вера ў прывіды, злых духаў, русалак, вядзьмарак, іншыя нячыстыя сілы характэрна для ўсіх народаў. Навукоўцы звязваюць гэта з даўнім культам продкаў і пакланеннем духам памерлых, але не толькі. Невыпадкова восьмы том навуковых прац «Таямнічая Беларусь», які выйшаў у Мінску, прысвечаны прывідам у традыцыйнай культуры – нашай і суседзяў.

Пра здані па-навуковаму

Энцыклапедычны слоўнік «Беларуская міфалогія» сведчыць, што здані, прывіды, пужалкі ў выглядзе людзей, жывёл, розных прадметаў ці агнёў, якія даводзілася людзям «бачыць» на могілках ці паблізу іх, на месцах трагедый, на скрыжаваннях дарог, на старых дварышчах і гарадзішчах, а таксама ў лесе, на полі, з’яўляюцца найчасцей на змярканні ці ноччу. Сучасныя навукоўцы сярод аб’ектаў з’яўлення незвычайных істот ці з’яў называюць гарадзішчы і ўзгоркі, палацы і маёнткі, камяні, крыніцы, азёры, балоты, дрэвы, курганы… Сярод прывідаў часцей за ўсё сустракаюцца жаночыя персанажы (дзяўчаткі і дзяўчаты, князёўны, русалкі, вядзьмаркі), на другім месцы – мужчыны (салдаты, нейкі святы, сівы дзед, манах).

На прывіды багатыя суседнія раёны, не пакрыўджана імі і наша Міёршчына. У 1984 годзе археолаг Людміла Дучыц ад жыхароў вёскі Чурылава запісала паданне пра стары пень. Апавядалі, што на ім бачылі дзядулю з сівой барадой і з мехам за плячыма. А на шляху з Чурылава ў Лявонпаль дарогу пераходзіла сагнутая старая ростам пад тры метры. У яе на галаве была чырвоная павязка, а ў руцэ кошык. Па народным тлумачэнні, гэта ішло золата. Калі б хто дакрануўся, то яно рассыпалася б. З-за пляча ў жанчыны паказвалася воўчая пыса – па павер’ях, гэта было серабро.

Белая Панна фігурыруе ў паданні пра ўзгорак на азёрнай выспе каля вёскі Стары Пагост. Паводле публікацый Пагашчаніна (Вацлава Ластоўскага?), мясцовая жыхарка апавядала яму, што калі малой яна пасвіла гусей, то ў купальскі поўдзень бачыла, як расступілася гара і з’явілася Белая Панна, а перад ёй цэлы воз людскіх касцей, то былі косці тых, хто не ведаючы «слова», а кіруючыся толькі смеласцю, спрабавалі ўвайсці ў палац, які праваліўся.

Паводле другога падання, Белая Панна была дачкой князя. У яе закахаўся чужаземны купец. Уначы князь адсек купцу галаву, калі той спаў, і закапаў яго скрыні золата на востраве. Калі князь вяртаўся дадому, то яго самога забіў слуга, які потым патануў у возеры. Князёўна навечна засталася пільнаваць скарбы.

Даўнюю гісторыю мае паданне пра прывід Дзедзінскага палаца. Але з дакументаў цяжка выявіць месцазнаходжанне будынка, бо такую назву мелі сяло, маёнтак і фальварак. У 1987 годзе мясцовы жыхар Ян Сіповіч (1920 года нараджэння) апавядаў сябрам гуртка «Арганаўты мінулага»: «Жыў даўным-даўно ў палацы багаты пан. Меў шмат дзяцей, усе легкадумныя, таму ніводзін не цешыў бацьку. Баяўся пакінуць ім сваё багацце, пойдзе яно марнатраўна. Вырашыў пан, калі занядужыў, даверыцца свайму вернаму служку, каб потым ён распарадзіўся грашыма і пакрысе аддаваў іх дзецям. Цёмнай восеньскай ноччу яны закапалі скарб. Ды толькі слуга не вытрымаў выпрабавання – зарэзаў гаспадара. Але нядоўга цешыўся забойца. Глухімі начамі прывід пана пачаў з’яўляцца ля палаца і ў роспачы гукаць нявернага: вярні мне грошы. Не вытрымаў служка і ў хуткім часе павешаўся сам. Скарб так ніхто і не знайшоў. Таму ў восеньскія дні пад Дзяды прывід гаспадара кожны год з’яўляецца, вые, стукае і скрабецца ў вокны. Я сам назіраў гэта…»

Пра прывід Дзедзінскага палаца ў зборніку навуковых прац «Таямнічая Беларусь» апавядае выдатнік адукацыі і краязнаўца Вітольд Ермалёнак. Ён спасылаецца на іншых відавочцаў з’явы. Але гісторыя роду Рудніцкіх, якім належыў палац, не можа пацвердзіць рэальнасць падання. Затое нешта падобнае адбылося ў суседнім маёнтку Забалоцце, які належыў тады Дмахоўскім. Гаспадар шляхецкай сядзібы Міхаіл Дмахоўскі, які тады жыў у Вільні, знік у жніўні 1832-га з усімі каштоўнасцямі. Пошукі нічога не далі. Толькі праз некалькі гадоў следству ўдалося высветліць, што стары чалавек быў жорстка закатаваны сваім лёкаем (слугой) і яго хаўруснікамі. Ці не водгукі гэтай трагедыі дайшлі да Дзедзіна паданнем пра прывід.
…На падставе апублікаваных матэрыялаў пра здані і прывіды аўтары навуковага зборніка робяць выснову, што пры вуснай перадачы рэальных падзей успаміны і перажыванні могуць пачаць уласнае «жыццё». Адбываецца інтэрпрэтацыя вопыту і падзей. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

← Предыдущая

Лучшие санитарные дружины Миорщины

Назад к списку
Следующая →

Первый шаг к зависимости: опасность наркотиков

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]