Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Официально: 27 августа в Миорах пройдет профсоюзный правовой прием граждан
Официально: На Миорщине стартовала благотворительная акция «Соберем портфель вместе»
Социальный вектор: Минобразования определило тему первого урока в новом учебном году
Официально: Анатолий Сивко проинспектировал ход уборочной кампании в Миорском районе
Официально: Мониторинг цен и ассортимента: депутат Анатолий Сивко посетил автомагазин
Розніца паміж пашпартнымі дадзенымі і сапраўдным узростам міярчанкі Раісы Васільеўны Дзямід – адзін год. Нарадзілася ў канцы снежня 1939-га. Пасля вайны ў дакументах годам нараджэння ўказалі 1940-ы. За свае 86 (пашпартныя 85) перажыць давялося шмат. Ваеннае маленства, пасляваенныя голад і нястача, страты блізкіх, што адгукаюцца болем.
– Як жыла? Што мяне трымала? Сама не ведаю.., – заўважае суразмоўніца, азіраючыся на мінулае. – Напэўна, ратавала тое, што ўвесь час сярод людзей. Ды і людзі раней іншыя былі. Вясёлыя, адкрытыя. Хоць і жылі бедна.
Нарадзілася Раіса Васільеўна ў Мінску. Чацвёртае дзіця ў сям’і ваеннага і хатняй гаспадыні.
– Тату не памятаю. У пачатку вайны яго забралі на фронт. Адтуль не вярнуўся. Сем’і ваенных вывезлі ў Баранавічы. Жылі там да вызвалення, – расказвае яна. – Аднойчы мама купіла керасін і перадала яго партызанам. У гэты час спалілі нямецкія склады. За мамай прыйшлі. Мяне і брата Валодзю ўзяла з сабой, а старэйшым сёстрам Ані і Ніне загадала заставацца дома. Перакладчык кажа ёй: «Бачылі, як ішлі: 12 шыбеніц стаіць. Адна свабодная – для Вас». У гэты час Аня з Нінай з’явіліся. Ведалі, куды ісці. «Шкада, што дзеці адны застануцца. Больш так не рабіце», – сказаў перакладчык, і маму адпусцілі.
Пра сваё ваеннае маленства Раіса Васільеўна ведае з расповядаў маці і старэйшых сясцёр. Асобныя ўспаміны пакінулі пасляваенныя гады ў Арлоўскай вобласці, адкуль родам бацькі і куды вырашыла вярнуцца маці. Памятае засцеленую саломай ямку ў зямлянцы, што служыла ложкам. І цяпер расказвае на памяць вершык, які ў сем гадоў чытала са сцэны і за што атрымала пернік.
– Ласункаў не было. Бабуля – татава маці – варыла патаку з цукровых буракоў. Бліны з ёй елі, – расказвае суразмоўніца. – Харчаваліся тым, што на агаро-
дзе вырошчвалі. Бульба, морква, капуста, бручка. Бабуля на зіму храпкі (рус. кочерыжка) нарыхтоўвала, пасля нам давала.
Памятае Раіса Васільеўна брашуру з запрашэннем на працу ў Сахалін. Абяцалі жыллё, карову, зямлю. На пошукі лепшага жыцця з разбуранай вайной вёскі скіравалася некалькі сем’яў.
– Паехалі дзесьці ў красавіку. Спачатку ў таварным вагоне да Уладзівастока. Абутку ў мяне не было, а ў брата нешта было на нагах. Пабегае, мне дасць, я пабегаю, – успамінае. – З Уладзівастока плылі на параходзе. З нашай вёскі цётка Каця з двума дзецьмі ехала. Яе малодшаму сыну гады два – тры было. Ён захварэў і памёр. За параходам акулы плылі, яны ж гэта чуюць. Цётка нежывога хлопчыка клала паміж намі, каб пасля пахаваць. Так суткі мы яго ўтойвалі.
Новым месцам жыхарства стала вёска паміж гор з шырокай хуткай ракой. Сям’ю пасялілі ў доме са шлакаблоку, карову далі. Жыллё халоднае, карова шмат малака не давала.
– Маці пайшла даяркай у калгас. Старэйшыя сёстры таксама працавалі. Мы з братам хадзілі ў школу за дзевяць кіламетраў, а пасля ўрокаў беглі на ферму, каб дапамагчы каровам вады нанесці. Мама малака наліе. Голад жа быў, – расказвае Раіса Васільеўна. – Раніцай устану, бягу да мамы на ферму. Яна мне ў бутэльку малака наліе, і так з братам у школу ідзём.
На Сахаліне старэйшыя сёстры выйшлі замуж. Ганна там і засталася. Ніна з сям’ёй паехала ва Уфу. Брат пасля арміі скіраваўся на шахты ў Горлаўку. Пасля ўсе прыязджалі пагасцяваць да малодшай сястры ў Міёры. Нікога з іх ужо няма.
Раіса Васільеўна выйшла замуж за хлопца Міхаіла з вёскі Захарні, што на Міёршчыне. На Сахаліне ён праходзіў службу. Пасля абодва працавалі ў зверасаўгасе, дзе разводзілі пушных звяроў. Міхаіл быў кіроўцам, Раіса даглядала норак і была ў ліку найлепшых працаўніц.
– Рука ў мяне лёгкая, – усміхаецца. – Прыходзіць у красавіку час самцоў да самак пускаць. Пасля як выведуць прыплод – 12-13 малых.
Пераязджаць на Міёршчыну Раісе Васільеўне не хацелася. Муж угаварыў вярнуцца ў свае родныя мясціны. Прыехалі з маленькай дачушкай Таццянай. Перавезлі маёмасць: тэлевізар, радыёлу, мэблю. Тумбачка яшчэ служыць.
У Міёрах кватаравалі, пасля пабудавалі дом. Прыехала з Сахаліна маці. Тут нарадзіўся сын Ігар. Раіса Васільеўна ўладкавалася поварам у дзіцячы сад, дзе працавала каля 20 гадоў. Муж быў кіроўцам у сельгастэхніцы.
Пра свайго Міхаіла гаворыць з цеплынёй: добры гаспадар, сям’ю любіў. Лёс адмерыў ра-зам 13 гадоў. Сын вучыўся ў першым класе, калі таты не стала. Раіса Васільеўна адна падымала дзяцей, дабудоўвала дом. Дачка пасля школы атрымала прафесію бухгалтара ў Латвіі, дзе і засталася. У сына пасля арміі дыягнаставалі арытмію.
– Я з ім і ў Віцебск, і ў Мінск, і ў Маскву. У Маскве аперацыю зрабілі, але не дапамагло, – расказвае маці. – Ігар пайшоў з жыцця ў 24 гады. Паспеў ажаніцца. Праз два тыдні, як яго не стала, нарадзілася Волечка. Нявестка са мной жыла, мы ладзілі. Пасля бацькі яе ў Гарадок забралі. Колькі я плакала, асабліва па ўнучцы. Яе таксама ўжо няма. Пайшла з жыцця ў 24 гады з-за хваробы.
Праводзіла ў апошні шлях Раіса Васільеўна сваю маці. Яе не стала ў 92.
– Апошнія два гады ляжала. Каб маму даглядаць, давялося работу кінуць, – гаворыць суразмоўніца. – На той час дзесяць гадоў на аэрадроме поварам адпрацавала, куды перайшла з дзіцячага сада. Угаворвалі застацца, але што рабіць: мама ляжачая.
Як умелага кулінара Раісу Дзямід цанілі не толькі на працы. Гатавала на вяселлях, хрэсьбінах і так далей. У калісьці чужых Міёрах у яе з’явілася шмат сяброў.
Агульныя знаёмыя сасваталі з удаўцом Дзмітрыем Іванавічам. Ёй было 58, калі пачалі жыць разам. Крыху не хапіла да сярэбранага вяселля. Тры гады, як Раіса Васільеўна зноў адна. Адзінокай сябе не адчувае.
– Добрыя адносіны з суседзямі. Не забывае пра мяне сын стрыечнага брата першага мужа Аляксандр Дзямід. Дарэчы, мой хрэснік. У лазню да сябе возіць. Сябры сына пра мяне клапоцяцца: і прадукты з магазіна прывязуць, і падворак ад снегу расчысцяць, – расказвае яна. – Сацыяльны работнік раз на тыдзень прыходзіць.
Халадамі гаспадыня праводзіць дні дома ля тэлевізара. Глядзіць навіны, любіць музычныя тэлеперадачы. Заўважае, летам адчувае сябе лепш, даглядаючы агарод і цяпліцу, кансервуючы гародніну.
Сувязь з дачкой, двума ўнукамі і чатырма праўнукамі Раіса Васільеўна падтрымлівае праз мэсанджар. У кожным пакоі дома сямейныя здымкі. Часам гартае альбом – і ажываюць у памяці застылыя на фота імгненні.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.