27 Июля 2023

Работы міёрскага мылавара Алены КОНАХ здзіўляюць і дораць радасць

gazeta
  • 795

 Кошык з кветкамі, бутэрброд з ікрой, мядзведзік з букетам, апетытная порцыя марожанага. Што іх аб’ядноўвае? У нашым выпадку ўсё гэта – мыла. Работы міёрскага мылавара Алены КОНАХ здзіўляюць і дораць радасць. І самой майстрыцы, і тым, у чые рукі трапляюць.

– Аднойчы сабралася да знаёмай і ўзяла з сабой мыла ў выглядзе кекса для яе маленькага сына. Тая нарэзала на кавалачкі – да чаю падаць – і сама на смак паспрабавала, – прыгадвае суразмоўніца пацешны выпадак. – Нічога страшнага. У аснове мыла – гліцэрына і какосавае масла. Ёсць дабаўкі, аднак яны не шкодныя.

Рукі ў Алены Конах умелыя. Займалася вязаннем, майстравала сувеніры з кафейнага зерня. І ўсё шукала справу, якая б яшчэ больш здзівіла і захапіла. На сувенірнае мыла натрапіла ў Інтэрнэце. Нядаўна скончыла анлайн-школу мылаварэння.

– Вучоба доўжылася два месяцы. Практычна на кожны дзень атрымлівала дамашняе заданне варыць мыла. Затым трэба было зрабіць якаснае фота вырабу і адаслаць настаўніку. Сама сабе давала ўстаноўку: не маю права сапсаваць. Ні разу не атрымала заўваг, гэта прыемна, – расказвае майстрыца. – Хтосьці з вучняў-мылавараў пісаў, што прыгатаванне каштавала нерваў. Мяне ж, наадварот, гэты працэс супакойвае. Перад пачаткам раскладаю ўсе неабходныя матэрыялы ў зручным парадку, за справай губляецца ход часу. Цікава заліваць мыла, кожны раз з хваляваннем дастаю яго з формачак. Нават калі рабіць у адной і той жа, вырабы будуць адрознівацца.

 У завяршэнні вучобы Алена атрымала сертыфікат і прадоўжыла займацца мыльнай справай. Працэс захапіў усю сям’ю. У якасці мылавараў паспрабавалі сябе і муж, і сын, і дачушка. Для ўсіх гэта свайго роду арт-тэрапія. Да таго ж прыемна мыцца незвычайным мылам, якое зрабіў сам.

– Мылам у выглядзе цацкі, шакаладкі ці іншага ласунка з ахвотай памыюцца нават тыя дзеці, каму гэта не вельмі падабаецца, – упэўнена майстрыца.

Разнастайнасць відаў сувенірнага мыла Алены Конах здзіўляе. Ад долькі мандарына да кветкавых кампазіцый у кошыках. Варыянты для мужчын: піва з рыбай, бутэлька каньяку, злітак золата. Аматарам салодкага – пасыпаныя цукровай пудрай круасаны, марожанае, кексы. Такія падарункі выклікаюць прыемныя эмоцыі і доўга радуюць арыгінальным знешнім выглядам і чароўным водарам.

– Хтосьці не адразу карыстаецца. Пакідае ў якасці дэкору. Тэрмін прыдатнасці мыльных сувеніраў – да трох гадоў. Пасля водар слабее, але мыла не страчвае сваіх якасцяў, – адзначае ўмеліца. – На курс мылаварэння я ішла за маральным задавальненнем. Хацелася самарэалізацыі не толькі ў якасці жонкі, маці і гаспадыні, але і ў творчасці.

Майстрыцы цікава спрабаваць новыя віды і формы вырабаў. Нядаўна пачала вырабляць масажнае мыла з люфай. Два ў адным: люфа – натуральная мачалка з валакністай масы гарбуза, залітая мыльнай асновай. Зручна, практычна, і канешне, духмяна.

 З усмешкай прыгадвае Алена, як дрыжалі рукі, калі першы раз залівала мыла. Цяпер смела эксперыментуе. Прыдумала ўласныя «цеста» для кексаў і методыку заліўкі. Набівае руку ў стварэнні кветкавых кампазіцый. Раней ніякіх спраў з фларыстыкай не мела. Для кветак падбірае разнастайныя аддушкі з розным водарам, які застаецца на скуры. Туалетная вада пасля душа не спатрэбіцца. Дарэчы, наконт парфумы. Акрамя сувенірнага мыла, у анлайн-школе вучылі рабіць натуральныя цвёрдыя духі і доглядавую касметыку. У гэтым Алена таксама плануе практыкавацца далей.

– Ідэй і задумак шмат. Вельмі ўдзячна сваім родным, якія ацанілі маю ідэю стаць мылаварам. Іх падтрымка для мяне вельмі важная, – гаворыць яна. – Хочацца ствараць, здзіўляцца самой і радаваць.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва Алены КОНАХ.

← Предыдущая

Белорусов ждут три выходных подряд в мае 2027 года

Назад к списку
Следующая →

Набліжаецца вецер? Інспектар міёрскага РАНС расскажа аб правілах бяспекі

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]