16 Июня 2026

Выпускники школ Миорского района получили пять стобалльных результатов на ЦЭ

gazeta
  • 45216


Выпускнікі школ Міёрскага раёна атрымалі пяць стобальных вынікаў на цэнтралізаваных экзаменах. Гэта рэкорд. А ўсяго па рэспубліцы іх зарэгістравана 638. Хто яны, нашы выдатнікі і выдатніцы?

Максімальныя балы на ЦЭ па матэматыцы і рускай мове атрымаў выпускнік СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Уладзіслаў Кунцэвіч. Дзеліцца ўражаннямі:
– Пасля экзаменаў быў упэўнены, што вынік будзе добрым, але не ведаў, што набяру па 100 балаў!

Высокія балы – заканамерны вынік, лічыць Уладзіслаў. Формула поспеху стобальніка: пяцьдзясят на пяцьдзясят – заняткі з педагогамі і рэпетытарамі плюс самастойная работа. Спакойны і за вынік ЦТ па фізіцы. Удзячны настаўніцам рускай мовы Таццяне Сарока, матэматыкі – Алене Валеўка і Наталлі Ярмаковіч, фізікі – Алене Астапковіч.
У планах выпускніка паступленне ў БДУІР на спецыяльнасць «Праграмная інжынерыя», дзе летась прахадны бал складаў 394.

Максімальны вынік па матэматыцы паказала яго аднакласніца Аліна Хілько. Яна вядомая чытачам газеты як пераможца абласной алімпіяды па англійскай мове, а гэта азначае, што забяспечыла сабе 100 балаў на ЦЭ. Набрала 96 па рускай мове. Удзячная за падтрымку і трывалую базу ведаў настаўнікам матэматыкі Наталлі Ярмаковіч і рускай мовы Таццяне Максіменка, рэпетытару па матэматыцы Вользе Скавародка, маці Вользе Хілько (яна выкладае англійскую мову).

– Самым складаным быў экзамен па матэматыцы, а самым лёгкім – па англійскай мове. Але ў параўнанні з алімпіядай ЦТ выдалася лёгкім, – дзеліцца Аліна. – Руская мова таксама здалася нескладанай, але, напэўна, праз гэта згубіла пільнасць і крыху не дацягнула.

Рознабакова развітая дзяўчына марыць стаць эканамістам-праграмістам. Таксама будзе скараць БДУІР, дзе выбрала спецыяльнасць «Электронная эканоміка». Летась прахадны бал дасягнуў 394.

«Залатыя дзеці», кажа пра сваіх вучняў, выхаванцаў інжынернай групы, класны кіраўнік Алена Валеўка. Абодва атрымалі залатыя медалі. Адказныя, спакойныя, актыўныя ўдзельнікі школьнага жыцця. Аліна акрамя агульнаадукацыйнай скончыла школу мастацтваў (мастацкае аддзяленне), Улад – артыст і вядучы шэрагу мерапрыемстваў.

У ліку стобальнікаў па рускай мове выпускніца СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Анастасія Вішнеўская. Да экзаменаў рыхтавалася два гады, удзячная настаўніцы Таццяне Сарока і рэпетытару Валянціне Рудзёнак за падтрымку.

Першай добрую навіну даведалася мама, другой – Валянціна Уладзіміраўна.

– Яна вельмі ў мяне верыла. Перад экзаменам дала ўстаноўку адасобіцца (як адасобленыя члены сказа) і не хвалюючыся рабіць сваю справу. Нягле-дзячы на дрэннае самаадчуванне, я сабралася. Разумела, што гэта адказны момант, доўга думала і пераправярала, – узгадвае Анастасія.

У планах выпускніцы – паступленне на факультэт гуманітарных ведаў і камунікацый ВДУ імя П. Машэрава.

100 балаў па рускай мове атрымала і выпускніца СШ № 2 імя М. Ізварына Кацярына Матылёнак. Першымі пра яе поспех даведаліся аднакласнікі, бо вынікі прыйшлі падчас рэпетыцыі выпускнога канцэрта.

– Я меркавала, што ў мяне можа быць 100 балаў, аднак баялася, што магла прапусціць штосьці праз сваю няўважлівасць, – расказвае Каця.

Экзамен па гісторыі Беларусі яна здала на 92 балы, чакала вынікі ЦТ па англійскай мове. Удзячная Валянціне Рудзёнак, якая дапамагала рыхтавацца да экзамена па рускай мове.
– Галоўнае – заматываванасць на вынік. Калі апускаліся рукі – я ўзгадвала, для чаго гэта патрэбна, – кажа Кацярына Матылёнак. – І адразу з’яўляліся сілы.

Наперадзе ў выпускніцы – паступленне ў БДУЗМ на факультэт англійскай мовы.

Шэраг выпускнікоў дасягнулі вынікаў ад 90 да 100 балаў. 96 па рускай мове ў Кацярыны Мароз з СШ № 2 імя М. Ізварына, 98 па фізіцы ў яе аднакласніка Антона Вайсковіча. У выпускнікоў СШ № 3 вынікі наступныя: па 98 балаў па рускай мове і па матэматыцы ў Сямёна Абалевіча, па 96 па тых жа прадметах у Данііла Іванова.

Няхай паступленне ў жаданыя вну стане першым крокам матываваных выпускнікоў на іх шляху да мэты.

Алена ВАРОНІНА.
Фота з альбомаў выпускнікоў.
← Предыдущая

Школьный турслет прошел в урочище Наволока

Назад к списку
Следующая →

“Пытанне Прэзідэнту”

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]