19 Сентября 2023

Квэст для юных майстроў, салiстаў, праграмiстаў

gazeta
  • 842

 Ствараць камп’ютарныя гульні і мультфільмы, плесці з бісера і майстраваць з паперы, спяваць і танцаваць. Гэтаму і не толькі вучаць у раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. Бліжэй з напрамкамі дзейнасці ўстановы дзяцей азнаёмілі падчас Дня адчыненых дзвярэй.

Для сваіх юных гасцей педагогі ЦДМ падрыхтавалі квэст-гульню. Падарожнічаючы па станцыях – кабінетах, дзе праходзяць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах – дзеці паспелі паспрабаваць розныя творчыя накірункі.

На станцыі «Фантазёры» – так называецца гурток – педагог Вольга Іванова прапанавала зрабіць кніжную закладку. Выхаванцы Вольгі Юр’еўны вучацца маляваць, ляпіць, ствараць крэатыўныя сувеніры і вырабы.

На занятку па інтарэсах «Дэкор» у Алены Немянёнак дзеці працуюць з саломкай, тэкстылем і пражай, валяюць з воўны, плятуць з газетных трубачак. Для ўдзельнікаў квэст-гульні педагог правяла майстар-клас па вырабе жураўліка ў тэхніцы арыгамі. Для на першы погляд простага вырабу спатрэбіліся ўседлівасць і дакладнасць у лініях згібаў. Яшчэ адзін гурток Алены Рычардаўны – «Бісер». Тут дзіцячыя ручкі плятуць упрыгожанні, кветкі, дрэўцы.

Таксама працаваць з бісерам вучыць школьнікаў Надзея Радзькова. Яшчэ праводзіць заняткі па робататэхніцы. Папяровую анімацыю, асновы мантажу, стварэнне персанажаў яе выхаванцы вывучаюць у дзіцячай студыі мультыплікацыі «Светлячок». На занятках аб’яднання па інтарэсах «Вектар» дзеці развіваюць алгарытмічнае мысленне і ствараюць камп’ютарныя гульні. У адну з такіх Надзея Сяргееўна прапанавала згуляць удзельнікам квэсту.

 Харэаграфічнаму майстэрству вучыць Наталля Граковіч, а вакальныя дадзеныя дзяцей развівае Надзея Шымуковіч. Разам з ёй юныя госці ўстановы выконвалі артыкуляцыйныя практыкаванні, правяралі сваё пачуццё рытму, знаёміліся з музычнымі інструментамі праз гульню, якая да таго ж развівае ўважлівасць і зрокавую памяць.

На ўсіх станцыях дзеці справіліся з заданнямі, а на фінішы ўсіх чакалі салодкія прызы.

У ТЭМУ
Дзень адчыненых дзвярэй у ЦДМ стаў фінальным мерапрыествам Тыдня дадатковай адукацыі, што праходзіў з 4 па 10 верасня. У яго рамках адбылося пасяджэнне метадычнага аб’яднання педагогаў дадатковай адукацыі, ладзілі выставу творчых работ выхаванцаў, рэкламную акцыю «Далучайся» праз сацсеткі і візіты ў школы райцэнтра.

У раённым Цэнтры дзяцей і моладзі з улікам філіяла ў Дзісне займаецца больш за 500 вучняў. Дзейнічае каля двух дзясяткаў аб’яднанняў па інтарэсах розных накірункаў. Метадычныя распрацоўкі педагогаў і творчыя работы выхаванцаў штогод адзначаюць на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Студенческие будни: как вчерашние отличники Миорщины осваиваются в вузах

Назад к списку
Следующая →

Іван КАВАЛЕЎСКІ: «Жадаў служыць менавіта на роднай Міёршчыне, дзе ўсё блізка і знаёма»

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]