05 Октября 2023

Музыка як лад жыцця для міярчанкі Дар’і КАРАЛЬКОВАЙ

gazeta
  • 800

 Супалі ў сёлетнім календары Дзень настаўніка і Міжнародны дзень музыкі. Атрымалася двайное свята для маладога спецыяліста дзіцячай школы мастацтваў Дар’і КАРАЛЬКОВАЙ. Другі год педагог вучыць іграць на фартэпіяна сваіх выхаванцаў і сама развіваецца ў прафесіі і творчасці.

– Мой асноўны абавязак – канцэртмайстар. Па сумяшчальніцтве педагог і кіраўнік народнага вакальнага калектыву «Мёрыца», – акрэслівае малады спецыяліст кола творчых клопатаў. – Вучняў у мяне восем. З кожным займаюся індывідуальна. Імкнуся, каб дзеці камфортна адчувалі сябе на ўроку. Знаходзім агульную мову.

Калісьці Дар’я Каралькова таксама была вучаніцай Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў. Урокі ігры на фартэпіяна брала спачатку ў Сяргея Аляксеева, затым у Ірыны Болтач. Прызнаецца, асвоіць інструмент было няпроста, узнікалі думкі пакінуць гэты занятак. Між тым прадоўжыла вучыцца ў Наваполацкім музычным каледжы. Студэнцкую пару часам называюць бесклапотнай. Для Дар’і гэта быў перыяд грунтоўнай работы над сабой. Імкнулася да добрых вынікаў, якія мелі на ўвазе вялікую нагрузку і пастаянныя заняткі музыкай. Пра выбар фартэпіяна зусім не шкадуе. Рада, што першым працоўным месцам стала родная школа мастацтваў.

– Сама прасіла дырэктара ўзяць мяне на працу. Тут усё блізка і знаёма, пануе прыемная атмасфера. Кожны гатовы падказаць, падтрымаць, дапамагчы, – адзначае суразмоўніца. – Працаваць вельмі падабаецца. Прыемна дзетак вучыць, хоць напачатку гэтага баялася – адказнасць вялікая. Шанцуе на здольных вучняў. Падрастуць – будзем у конкурсах удзельнічаць.

Акрамя педагагічнай немалую частку часу ў буднях Дар’і Каральковай займае канцэртная дзейнасць. Спявае не толькі ў саставе «Мёрыцы». Дарэчы, на абласным конкурсе ансамбляў песні і музыкі «Жураўліны звон», што праходзіў падчас фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», калектыў атрымаў дыплом другой ступені. Са слоў кіраўніка, не чакалі такога выніку і ён вельмі парадаваў. Сольна Дар’я выступае на канцэртах, што праходзяць у раёне. На сцэне Цэнтра культуры і народнай творчасці з малых гадоў.

– Яшчэ ў школу не ха-дзіла, а ўжо наведвала дзіцячую эстрадную студыю ў РДК, якой кіраваў Сяргей Аляксееў. На праслухоўванне мама прывяла. З яе слоў, тады праспявала я не вельмі добра. Аднак кіраўнік сказаў, што патэнцыял ёсць. На заняткі заўсёды ішла з радасцю, – прыгадвае салістка. – Любіла спяваць у дзяцінстве і цяпер атрымліваю ад гэтага асалоду. Выбіраю лірычныя кампазіцыі. Калегі раяць паспрабаваць сябе ў іншых амплуа. Згодная з імі. Хочацца развіцця ў розных накірунках.

Музыка для Дар’і не проста хобі і сфера дзейнасці. Яна суправаджае паўсюль: на працы, дома, за рулём. Гэта лад жыцця – звыклы, утульны, прыемны.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

← Предыдущая

В Витебске прошел II областной слет молодых специалистов СМИ «Медиастарт»

Назад к списку
Следующая →

Харэограф Анастасія Ішчук з Міёр марыць пра ўласную студыю танца

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]