13 Июля 2025

Команда десятиклассников Миорщины «Охотники за тайнами» вошла в число победителей слета юных краеведов

gazeta
  • 609

 Каманда дзесяцікласнікаў з СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі «Паляўнічыя за таямніцамі» ўвайшла ў лік пераможцаў рэспубліканскага злёту юных краязнаўцаў. Пуцёўкай на рэспубліку стала перамога ў абласным злёце, дзе міёрскія краязнаўцы сталі першымі з сямнаццаці каманд.

У складзе каманды – Уладзіслаў Дзівін, Дзмітрый Каськевіч, Ганна Нікалаёнак, Ангеліна Шульга, Анастасія Кыцева. Рыхтаваліся да злётаў пад кіраўніцтвам і з дапамогай намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталіі Гагалінскай і настаўніка гісторыі Максіма Філіповіча.

Як і абласны, рэспубліканскі злёт юных краязнаўцаў праходзіў у анлайн-фармаце і ўключаў вочныя этапы. Анлайн прадстаўлялі візітоўку, дзе не больш чым за 20 хвілін трэба было пазнаёміць журы са сваім рэгіёнам, школай, кожным удзельнікам каманды. Таксама анлайн праходзіла краязнаўчая канферэнцыя «Таямніцы малой радзімы», дзе выступілі з даследчымі работамі на тэму Вялікай Айчыннай вайны Уладзіслаў Дзівін і Ганна Нікалаёнак, і конкурс «Гадоў былых жывая памяць», што ўяўляў сабой тэатралізаваную відэадэманстрацыю пэўных падзей Вялікай Айчыннай на тэрыторыі рэгіёна.

– Узялі за аснову гісторыю сям’і Манцэвіч, вядомых мясцовых падпольшчыкаў. Распрацавалі сцэнарый, згодна з якім галоўным героем стаў сын Юрка. Ён ідзе на службу ў жандармерыю, каб дапамагаць падпольшчыкам і партызанам, выконвае розныя іх даручэнні: украсці друкавальную машынку, дакументы і так далей, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталія Гагалінская. – У якасці рэквізіту выкарыстоўвалі экспанаты нашага школьнага гістарычнага музея. За прадастаўленыя касцюмы ўдзячны Цэнтру культуры і народнай творчасці. У конкурсе «Гадоў былых жывая памяць» камандзе прысудзілі другое месца.

 На конкурс «Сем цудаў маёй малой радзімы» і краязнаўчую квіз-гульню ўдзельнікі злёту скіраваліся ў Мінск у Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. У якасці сямі цудаў рэгіёна прадставілі балота Ельня, вадаспад на рацэ Вяца, касцёлы Маці Божай Шкаплернай у Ідолта і Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў Міёрах, вёску Лявонпаль, экасвята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», а таксама музеі сваёй СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. На квіз-гульні, дзе патрабавалася пазнаць адметныя мясціны Беларусі, помнікі архітэктуры, славутых людзей, міёрскія «Паляўнічыя за таямніцамі» паказалі найлепшы вынік з сямі каманд і занялі першае месца. У агульнакамандным заліку – трэція.

– Гэта цудоўны вынік, – падкрэслівае Наталія Леанідаўна. – Трэба заўважыць, у каманду трапілі невыпадковыя ўдзельнікі. Усе яны – інтэлектуалы. Захапляецца гісторыяй і краязнаўствам Уладзіслаў Дзівін. Ганна Нікалаёнак і Ангеліна Шульга – экскурсаводы ў школьных музеях, у алімпіядах па прадметах удзельнічаюць Дзмітрый Каськевіч і Анастасія Кыцева. Для нас была нечаканасцю перамога ў абласным злёце. Рыхтуючыся да рэспубліканскага, настройваліся на поспех.

Арганізатары злёту паклапаціліся пра вольны час удзельнікаў. Для іх ла-дзілі экскурсіі ў Белтэлерадыёкампанію і на мемарыяльны комплекс «Трасцянец».

Кацярына Рынкевіч.

← Предыдущая

Приглашаем принять участие в конкурсе «Курсант на один день»

Назад к списку
Следующая →

Лагерь "Купалинка" Узменской БШ сегодня принимали гостей

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]