05 Мая 2023

Злёт выратавальнікаў-пажарных сабраў у Міёрах сем каманд

gazeta
  • 828

 Выводзіць пацярпелых з ахопленага агнём дома ўдзельнікам занальнага злёту юных выратавальнікаў-пажарных не давялося. І ўсё ж іспыты, якія іх чакалі, патрабавалі ад кожнага спрыту, вынослівасці, смеласці. Злёт сабраў у Міёрах сем каманд.

На пляцоўцы ля спартшколы шматлюдна і ажыўлена. Злёгку хвалююцца ўдзельнікі, апошнія кропкі ў графіку мерапрыемства расстаўляюць арганізатары. Настрой узрушаны і баявы. Міёрскую каманду «Вікторыя» падтрымлівае настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Аляксандр Яноўскі.

– У камандзе 15 чалавек. Выбралі найлепшых, – заўважае педагог. – Каб не перашкаджаць адукацыйнаму працэсу, да злёту рыхтаваліся пасля ўрокаў. Хадзілі трэніравацца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Хлопцы і дзяўчаты настроены на перамогу.

Сапернікамі міярчан сталі юныя выратавальнікі-пажарныя з Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Докшыцкага, Пастаўскага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў. Наперадзе чакалі шэсць іспытаў.

 Першы – «Агляд строю». Па чарзе дружна, зладжана і з песняй маршыравалі каманды па пляцоўцы. Дэманстравалі іншыя элементы страявой падрыхтоўкі. Тэарэтычныя веды па правілах бяспекі і асновах здаровага ладу жыцця паказалі ў конкурсе «Знатакі». Тэорыю і практыку сумяшчалі ў аказанні першай медыцынскай дапамогі. Самыя відовішчныя этапы спаборніцтва – «Баявое разгортванне» і «Пажарны кросфіт» – праходзілі на гарадскім стадыёне. Для ўдзельнікаў гэта магчымасць глыбей спазнаць гарачую справу выратавальнікаў-пажарных. У баявой форме пераадольвалі эстафеты, збіралі пажарныя рукавы, ратавалі ўмоўных пацярпелых.

Пляцоўкай для творчага конкурсу «Мюзікл» стала сцэна СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. У выступленнях каманды зрабілі акцэнт на 170-годдзі пажарнай службы, што будзе адзначацца ў ліпені.

Перамаглі ў занальным злёце юныя выратавальнікі-пажарныя з Докшыцкага раёна. Другое месца ў браслаўчан. Міёрская каманда «Вікторыя» заняла трэцюю пазіцыю, а таксама стала найлепшай у намінацыі «Агляд строю».

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Студенческие будни: как вчерашние отличники Миорщины осваиваются в вузах

Назад к списку
Следующая →

Першія прызыўнікі Міёршчыны

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]