20 Августа 2019

Следит за порядком на дорогах Миорщины

gazeta
  • 397

 Яўген Гарноўскі ў родных Міёрах сочыць за парадкам на дарозе, а бываючы ў Полацку ці Віцебску, абавязкова зазірне ў кнігарню пацікавіцца навінкамі фантастыкі. Форму інспектара дарожна-патрульнай службы прымерыў крыху больш за месяц таму. Прыйшлася па памеры. І новыя абавязкі аказаліся па сілах.

Бліскае маланка. Цёмныя шэрыя хмары нахабна перавышаюць хуткасць. Вось-вось сыпане дождж. У інспектара ДАІ дзяжурства. На капрызы нябеснай канцылярыі паўплываць нельга, а кантраляваць сітуацыю на дарозе – абавязаны.


– Форма не прамакае. І дажджавікі выдаюць. Так што ад ліўню абаронены, – усміхаецца Яўген. – Падчас дзяжурства выязджаем на трасу, сочым за рухам у райцэнтры. У горадзе складаней: вуліцы запоўнены і машынамі, і веласіпедыстамі, і пешаходамі. З ліку апошніх найбольш парушальнікаў на вуліцы Камуністычнай – ігнаруюць пешаходныя пераходы. Частае парушэнне ў вадзіцеляў – перавышэнне хуткасці.


За невялікі час службы Яўген Гарноўскі паспеў выявіць і ліхачоў, і бяспраўнікаў, і нецвярозых за рулём. Заўважае, што ў большасці вадзіцелі адэкватна рэагуюць, калі іх спыняе інспектар ДПС. Некаторыя пачынаюць хвалявацца, іншыя па-добраму ўсміхаюцца. Толькі аднойчы давялося мець справу з грубіянам.


У аддзяленні ДАІ Міёрскага РАУС Яўген працуе з 1 ліпеня. Да гэтага некалькі месяцаў быў міліцыянерам-дзяжурным у ізалятары часовага ўтрымання. Прыйшоў у міліцыю пасля тэрміновай службы ў войсках супрацьпаветранай абароны.


– Патэлефанавалі з раённага аддзела ўнутраных спраў, запрасілі на службу. Прапанова зацікавіла, – расказвае субяседнік. – Па спецыяльнасці я інжынер-электрык. Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Да арміі працаваў у сельскай гаспадарцы ў Чашніцкім раёне. Плацілі няшмат, часам з затрымкамі. У міліцыі прывабілі стабільны і, на мой погляд, высокі для нашага райцэнтра заробак, сацыяльныя гарантыі. Ды і, па праўдзе сказаць, форма падабалася з дзяцінства. Але паступаць пасля школы ў профільныя вну зусім не думаў.


Курс маладога байца міліцыянер прайшоў за тры месяцы ў вучэбным цэнтры ў Мінску. У лютым мінулага года вярнуўся ў Міёрскі РАУС. Да службовай дысцыпліны, бяссонных начных дзяжурстваў у ізалятары доўга прывыкаць не давялося. Затым прапанавалі перайсці ў аддзяленне ДАІ.


– Тут больш падабаецца, – прызнаецца інспектар. – Ізалятар – замкнутая прастора, акрэсленае кола зносін. Дзяжурствы падобныя адно да другога. На дарозе кожны новы дзень не такі, як мінулы. Розных людзей сустракаеш.


Адпачынак Яўген таксама выбірае разнастайны. Наведвае бабулю ў Волкаўшчыне. Адтуль рукой падаць да лесу, дзе багата ягад і грыбоў. Дома ўключае фантастычныя фільмы. Падабаюцца кнігі ў гэтым жанры. З нядаўна прачытаных запомнілася «Кляймо зоны» Васіля Арэхава і Сяргея Осіпава з серыі «S.T.A.L.K.E.R.» пра небяспечныя прыгоды ў Чарнобыльскай Зоне адчужэння. Сваю бібліятэку інспектар ДАІ пастаянна папаўняе. Калі бывае ў больш буйных гарадах, не пройдзе міма кнігарні.

На службу ў міліцыю запрашаюць маладых людзей ад 18 да 25 гадоў з добрым здароўем і без праблем з законам. Жадаеце папоўніць рады праваахоўнікаў – звяртайцеся ў групу кадраў раённага аддзела ўнутраных спраў. Тэлефануйце 5 19 42.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Приглашаем принять участие в конкурсе «Курсант на один день»

Назад к списку
Следующая →

Благословили на хорошую учёбу

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]