01 Декабря 2015

"Письмо к российскому друга"

gazeta
  • 582
"Письмо к российскому друга"Вучаніца з Новага Пагоста Ксенія Багданава паўдзельнічала ў конкурсе юных журналістаў Беларусі і Расіі, які праводзіла газета "Пераходны ўзрост". Школьніца ў лісце да ўмоўнага расійскага сябра расказала пра родную вёску. Прапануем увазе чытачоў.

"Прывітанне, мой шаноўны дружа! Хочаш сказаць, што трымаеш маю неспадзеўку ў сваіх руках? Няўжо даляцела? Нядаўняя кранальная акцыя "Жураўлік міру" паўплывала на мой светапогляд, я па-іншаму стала глядзець на навакольны свет, задумалася пра самы дарагі скарб для чалавека, страціўшы які, губляеш самога сябе. Такой каштоўнасцю я лічу Радзіму. Магчыма, многія з нас гэтага не разумеюць. Але з узростам, мне здаецца, людзі пачынаюць разважаць над уласным жыццём. Хоць па гадах я яшчэ не надта дарослая, ды добра ўсведамляю, што чалавек не можа існаваць без Радзімы. Яна нібы паветра. Люблю сваю Беларусь, ганаруся ёй і тым, што я беларусачка. Каму давялося хоць аднойчы тут пабываць, той назаўсёды пранясе ў сваім сэрцы непаўторнае хараство. Раўніны чаргуюцца з узгоркамі. У маляўнічых катлавінах-дзівосныя азёры. Меднастволыя сасновыя бары з празрыстай зелянінай змешаных лясоў узбагачаюць колерамі.

У маёй захапляльнай вёсачцы Новы Пагост усё люба сэрцу: кожнае дрэўца, кветачка і лісточак. Дружа, люба выйсці проста ў поле і паназіраць, як хораша яно ў час красавання. Маладая збажына пераліваецца на сонцы і быццам хвалюецца ад подыху цёплага ветрыку. Густа разросся ракітнік з лазняком. Пройдзеш крыху ўбок і ўбачыш, як рассцілаецца шырокім абрусам кашлаты і высокі лес. А недалёка пачынаецца зялёны луг. Паблізу яго—жытнёвае поле, у якое ўкладзена безліч працы.

Новы Пагост доўга быў тыповым беларуска-яўрэйскім мястэчкам, жыхары спалучалі занятак сельскай гаспадаркай і гандлем. Стваралі кааператыўныя лаўкі і магазіны. У 1998-м вёска адзначыла 500-годдзе. Цяпер—у ліку буйнейшых пасяленняў раёна. Ведаеш, дружа, сёння яна, як ніколі, вельмі прыгожая, азеляняецца, будуюцца новыя дамы. Як сімвал веры і дабра, засцярогі ад злых духаў узвышаецца над Новым Пагостам магутны крыж. У цэнтры вёскі—Свята-Мікалаеўская царква з бутавага каменю і цэглы. У святыні шмат ікон, найбольш старадаўнія, напісаныя прыблізна ў 1830-м—Ціхвінская, Свяціцеляў Мікалая Цудатворцы, Серафіма Сароўскага. Не магу ўстрымацца і не распавесці табе пра ўнікальны помнік архітэктуры, пабудаваны пад кіраўніцтвам славутага канцлера ВКЛ Льва Сапегі,—Троіцкі касцёл. Падчас руска-польскай вайны ён бязлітасна спалены. Усіх сакрэтаў раскрываць не буду, абавязкова наведайцеся сюды падчас экскурсіі.

Некалькі пракрочыш, і табе, мой сябрук, адкрыецца парк з Брацкай магілай, дзе пахаваны 98 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раней на гэтым месцы стаяла ўніяцкая царква, зруйнаваная пасля паўстання Кастуся Каліноўскага. У 1956-м на магіле пастаўлены абеліск у выглядзе чатырохграннага слупа з пяціпромневай зоркай.
У Пагосце нарадзіўся знакаміты пісьменнік і этнограф Вацлаў Ластоўскі, музыказнаўца і харавы дырыжор, народны артыст СССР Генадзь Іванавіч Цітовіч. Яго славутае імя носяць наша піянерская дружына і школьны музей, дзе экскурсаводзіць аўтар гэтых радкоў. Вось бачыш, мой любы, яшчэ адна нагода завітаць на нашу зямлю і пабачыць, які з мяне знаўца экспазіцыі.

Не хвалюйся, што не даберышся, наша школа кідаецца на вочы кожнаму мінаку: прыгожая, вялікая…Выкладаюць у ёй добрыя і таленавітыя настаўнікі. Гэта яны вучаць нас задумвацца над спрадвечнымі філасофскімі пытаннямі, сэнсам жыцця. І самі ж адказваюць: чалавек створаны дзеля дабра, карысці людзям.

Нашы людзі паміж сабой сябруюць, а калі ў каго здарыцца бяда—адно аднаму адразу дапамагаюць. І гэта не дзіўна, бо назва вёскі паходзіць ад "пагасціць, дапамагчы". Жывучы ў такім цудоўным месцы з душэўнымі насельнікамі, лічу, што сорамна мне вырасці нявартай іх павагі. Таму кожным сваім днём, вучобай і працай імкнуся аддзячыць роднай зямлі за клопат і пяшчоту.

Няма сумнення, ты ўжо, дружа, пакуеш чамаданы і збіраешся на Пагост—слаўную беларускую зямлю. І правільна робіш, бо займееш магчымасць павезці ў шырокі свет уражанні, цеплыню сэрцаў мясцовых жыхароў і вернешся сюды разам з сябрамі.


Ксенія з Пагоста.
← Предыдущая

В Витебске прошел II областной слет молодых специалистов СМИ «Медиастарт»

Назад к списку
Следующая →

Читающий, разум имеет

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]