27 Сентября 2019

Миорские школьники побывали в Польше

gazeta
  • 666

 Мая субяседніца – выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Галіна ГРАБОЎСКАЯ. Яна вазіла ў падарожжа ў Польшчу 20 дзяўчынак і 7 хлопчыкаў ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў.

– У суседняй краіне дзейнічае грамадская арганізацыя «Палессе-Усход» (Fundacja «Polesie-Wschod»), якая аб’ядноўвае ўраджэнцаў Браслаўшчыны (Міёры калісь уваходзілі ў склад Браслаўскага павета). Некаторыя з іх уладкаваліся там да ці падчас вайны, іншыя сталі рэпатрыянтамі пасля заканчэння інстытутаў. Усе зведалі настальгію па радзіме, – расказвае Галіна Грабоўская. – Я наведвала сваіх родных і выпадкова натрапіла на актывістаў, якія арганізоўвалі паездкі ў Польшчу для беларускіх дзяцей. Тады «фундацыю» ўзначальвала Генавефа Арцімовіч з Рацібужа, вечны супакой яе светлай памяці. Гэта настаўніца, прафесар матэматыкі, у свой час атрымала адукацыю ў Ленінградзе. Грамадскай працы яна аддала два дзясяткі гадоў.


 Цяпер яе справу працягвае Міраслава Канішэўска з Гданьска, карэнная полька, хімік-біёлаг па адукацыі, такая ж энергічная грамадская дзяячка і аптыміст. У 58 гадоў дадаткова пачала вывучаць англійскую мову. З нашай дапамогай крыху запомніла і беларускую. Каб сёлетняя паездка адбылася, яна год збірала сродкі сярод спонсараў, бо дзяржава такія мерапрыемствы не фінансуе. А потым два тыдні водпуску арганізоўвала экскурсіі па краіне для нашых дзяцей. Сцвярджае, што гэтая нялёгкая і адказная справа прыносіць ёй маральнае і душэўнае задавальненне. Але ж якая нагрузка! Вялікі дзякуй Міраславе!


Для мяне падрыхтоўка да паездкі пачалася год таму з фарміравання групы жадаючых. Хаця мерапрыемства апекаваў касцёл, веравызнанне не ўлічвалася. Штотыднёва дзеці збіраліся на заняткі па вывучэнні польскай мовы, каб маглі самастойна вырашыць найбольш запатрабаваныя пытанні: набыць білет, зрабіць пакупку, задаволіць бытавую патрэбу, распытаць пра дарогу, калі заблукаюць.


У далёкі шлях адправіліся камфартабельным аўтобусам з Мінска. Бацькі аплацілі толькі дарогу юных турыстаў. У іх потым кожны дзень былі па 3 – 4 экскурсіі, пешшу адольвалі не менш за 20 кіламетраў. Усе пераканаліся, што турызм – гэта нялёгкі занятак, хаця ў цэлым наша праграма насіла пазнавальна-забаўляльны характар. Задаволена, што ўсе падапечныя вытрымалі выпрабаванне.


У Варшаве адразу наведалі палац Вілянова, калісь летнюю рэзідэнцыю караля, неймаверным чынам трапілі нават на экскурсію ў палац прэзідэнта, хаця звычайна зрабіць гэта няпроста.


 Потым прыпыніліся ў кангламераце гарадоў Гданьск – Гдыня – Сопат, граніца паміж якімі ўжо сцёрлася. Шчырае здзіўленне пакінуў музей Другой сусветнай вайны, запомнілася экскурсія на Вестэрплац, дзе прагучалі яе першыя стрэлы, пабывалі на арганным канцэрце ў касцёле – катэдры Аліўскай.


Уразілі замак крыжаносцаў у Мальборку, куды скіраваліся пасля абеду ў суправаджэнні прэзідэнта горада, генеральная рэпетыцыя ў тэатры (на яе гледачоў таксама звычайна не пускаюць, а нашым дзецям нават прапанавалі прымерыць сцэнічныя касцюмы), «Балтыйская опера», заапарк. Сустракаліся са школьнікамі, дзе дэлегацыі дэманстравалі традыцыі і культуру сваіх краін. Там беларускія вершы чытаў апрануты ў вышыванку Кірыл Шульга.


Здавалася, не пашанцавала з паездкай у Хель – на пясчаную касу ў Балтыйскім моры: да берага наблізіліся мядузы. Але яны зноў вярнуліся ў глыбіню, а дзеці пакупаліся і пазагаралі.


 Запамінальнай стала паездка ў этнарэгіён Кашубы, дзе размаўляюць на мясцовым дыялекце, які нават палякі не надта разумеюць. Зноў музеі, экскурсіі, знаёмства з прыродай, звычаямі і традыцыямі, вячэра пры свечках. На высокай гары пабывалі на дагледжаных могілках савецкіх салдат, запалілі лампадку ля помніка, ушанавалі памяць воінаў хвілінай маўчання.


Усе падзеі паездкі прыгадаць няпроста, іх вельмі шмат. Галоўнае – усюды нас сустракалі вельмі гасцінна, дэманстравалі паважлівыя адносіны да Беларусі. Многія палякі наведваюць нашу краіну, у прыватнасці для лячэння. Нашых дзяцей суседзі называлі залатымі, бо яны паводзілі сябе культурна, акуратна, уважліва слухалі экскурсаводаў, былі дружнымі, падтрымлівалі адзін другога. Відэафільм, у якім Ігар Баран дае інтэрв’ю, глядзіце на Ютубе.
Для тых, хто збіраецца наведаць суседнюю краіну, парада пры падборы падарункаў: там цэняць беларускі лён.

Каментарыі ўдзельнікаў паездкі
Сямікласніца Дар’я Матэленак:
– Запомніўся самы вялікі ў свеце крыжацкі замак у Мальборку, велічны знешне і прыгожы ўнутры – захаваліся маляўнічыя фрэскі. Уразіла, што шмат стагоддзяў таму ў ім былі падлога з падагрэвам, ліфт для падачы страў і іншыя зручнасці.
У музеі Другой сусветнай вайны нам расказвалі, што вытрымалі краіна і людзі ў час нямецкай навалы. Там шмат розных экспанатаў. А колькі ў адной з кампазіцый здымкаў загінулых!
Белы пясок пляжаў Хеля, жывёлы ў заапарку, якіх пабачыла ўпершыню… Ёсць што ўспамінаць.
Дзевяцікласніца Вераніка Шамёнак:
– Найперш перад вачыма паўстае старая частка Гданьска з портам, умацаваннямі і гандлёвымі радамі. Запомніліся арыгінальныя ўзоры вышыўкі, як знаёміліся з кашубамі. А яшчэ музычныя інструменты – доўгія трубы ці жэрдкі з рознымі бразготкамі і страшэннымі маскамі: імі стукалі па падлозе, каб моцным грукатам пужаць і адганяць нячысцікаў.
– Спатрэбілася польская мова, якую вывучалі перад паездкай? – спытаў у дзяўчат.
– Толькі для высвятлення самых простых пытанняў. Прадоўжым яе вывучаць.

Фота з асабістага архіва Галіны ГРАБОЎСКАЙ.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

← Предыдущая

В Витебске прошел II областной слет молодых специалистов СМИ «Медиастарт»

Назад к списку
Следующая →

"Молодёжь за безопасность"

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]