06 Сентября 2023

Учора – школьнiкi Новапагосцкай СШ, сёння – студэнты

gazeta
  • 757

 Для выпускнікоў Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча першы званок празвінеў у іншых навучальных установах. З шасці вучняў пяцёра сталі студэнтамі ПДУ імя Ефрасінні Полацкай. Адзін паступіў у Полацкі хіміка-тэхналагічны каледж. Усе вучацца за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Да сваёй мэты – стаць дызайнерам – Яўгенія Сухоўская ідзе прадуманымі крокамі. Яшчэ ў сярэдніх класах зразумела, што яе вабіць творчасць. У школьным рукзаку поруч з падручнікамі месціўся скетчбук для эскізаў. З дапамогай інтэрнэт-урокаў вучылася маляваць партрэты. Хобі і вучоба гарманічна спалучаліся. Скончыла школу з залатым медалём. Вынікі ЦЭ – 92 балы па беларускай мове і 94 па гісторыі Беларусі. На «9»-кі здала ўступныя экзамены ва ўніверсітэце. На чатыры бюджэтныя месца на спецыяльнасць «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» падалі 23 заявы. Жэня ішла першай на залічэнне.

– Рыхтавалася мэтанакіравана. Паўгода ездзіла на заняткі ў студыю пры Шаркаўшчынскай дзіцячай школе мастацтваў. Летам займалася на падрыхтоўчых курсах ва ўніверсітэце. Вынікі ўступных экзаменаў парадавалі, нават не чакала такіх высокіх адзнак, – заўважае суразмоўніца.

Віталь Усціновіч – студэнт факультэта камп’ютарных навук і электронікі. Паступіў на спецыяльнасць «Кібербяспека». Сёлетні прахадны бал – 268. У Віталя – 305.

– Вабіць камп’ютарны свет, аднак займацца класічным праграмаваннем для мяне сумна. Падабалася глядзець ролікі, як абараняюць серверы ад хакерскіх атак і да таго падобнае. Аддаў перавагу кібербяспецы, – аргументуе свой выбар юнак.

 На адным факультэце з Віталем вучыцца Уладзіслаў Цярэшка. Будзе інжынерам-энергетыкам. Пра выбар прафесіі сур’ёзна задумаўся ў старэйшых класах і спыніўся на аптымальным для сябе варыянце. Будаўнічая сфера цікавіла Канстанціна Мышкоўскага. Цяпер ён студэнт інжынерна-будаўнічага факультэта.

Браты-двайняты Аляксей і Мікалай Бараноўскія выбралі розныя ўстановы. Аляксей паступіў на механіка-тэхналагічны факультэт ПДУ імя Е. Полацкай. Мікалай аддаў перавагу спецыяльнасці «Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый» у Полацкім хіміка-тэхналагічным каледжы.

Учарашнія школьнікі і сённяшнія студэнты рады, што вучацца разам і дружба працягваецца. Лета – 2023 для іх было насычаным, аднак праляцела хутка. Паспелі адпачыць, дапамагалі бацькам з клопатамі, якіх на сельскім падворку заўсёды хапае, прыходзілі ў школу на спартыўныя мерапрыемствы. Мікалай Бараноўскі на канікулах падпрацоўваў.

Студэнты-першакурснікі прывыкаюць да новых будняў. У роднай школе пра іх успамінаюць з цеплынёй.

– Клас дружны, згуртаваны. Гэтыя дзеці разам з дзіцячага садка. Добразычлівыя, чулыя, матываваныя, адказныя. Радавалі поспехамі ў вучобе, дапамагалі настаўнікам ва ўсіх справах, – характарызуе былых вучняў дырэктар Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча Вольга Усціновіч. – Не дзіўна, што на апошнім званку і на выпускным было шмат слёз. Усім калектывам перажывалі падчас уступнай кампаніі. Вельмі хацелася, каб нашы дзеці паступілі на абраныя спецыяльнасці. Яны гэтага заслугоўваюць. Школе іх цяпер не хапае, чакаем сустрэчы. Жадаем яркіх і паспяховых студэнцкіх дзён.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Активные посетители Миорской детской библиотеки

Назад к списку
Следующая →

Работе с молодежью в Дисненском лесхозе уделяют особое внимание

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]