21 Апреля 2021

Ученики отделения изобразительного искусства Миорской детской школы искусств показали удивительный мир своего творчества

gazeta
  • 568

 На аддзяленні выяўленчага мастацтва Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў займаюцца 65 вучняў. Прыходзяць сюды другакласнікамі і на сем гадоў акунаюцца ў шматгранны свет творчасці. Штрышок за штрышком, эцюд за эцюдам глыбей спазнаюць законы выяўленчага мастацтва, па якіх пішуць свае карціны. Адны і тыя ж сюжэты ў розным выкананні набываюць індывідуальнае ўвасабленне.

  

І праца, і адпачынак

– Усім добры дзень! Стаміліся ў школе? – ласкава пытаецца настаўніца.

– Так, – дружна адказваюць дзеці.

– Тады будзем адпачываць і атрымліваць асалоду ад малявання.

У педагога Вольгі Чарняўскай пачаўся ўрок «Асновы выяўленчай граматы». За мальбертамі – выхаванцы васьмі – дзевяці гадоў. За першыя паўгода ў школе мастацтваў яны ўжо добра засвоілі паняцці «кампазіцыя», «малюнак з натуры», «нацюрморт», «пленэр» і іншыя тэрміны са слоўніка мастакоў.

 

Перад дзецьмі – герань у гаршчочку на светлым фоне. Гэты нацюрморт яны перанясуць на свае пакуль яшчэ белыя лісты. Іх чакаюць два ўрокі за захапляльным заняткам.

– Мы з вамі не фатографы, а мастакі, – заўважае Вольга Сямёнаўна вучням. – Таму наша задача не толькі адлюстраваць прадмет, але і ўнесці ў малюнак цікавыя штрыхі.

Настаўніца нагадвае дзецям пра кампазіцыю малюнка, у якой важны і сам прадмет, і прастора вакол яго. Разам прыгадваюць засвоеныя акварэльныя тэхнікі: уліванне колеру ў колер і пісьмо па сырой паперы. Іх будуць прымяняць у рабоце. Дзеці бяруць у рукі простыя алоўкі і робяць накіды.

 

– На першым уроку заўсёды распавядаю вучням, што маляваць умеюць усе, толькі ў кожнага атрымліваецца па-свойму, – заўважае Вольга. – Вяду ўрокі і ў малодшых, і ў старэйшых дзяцей. Я прыхільнік акадэмічнага мастацтва, але пакідаю за вучнямі права быць сабой, у тым ліку і ў творчасці. Стараюся падбіраць цікавыя заданні, у якіх маскірую сваю задачу: навучыць граматна будаваць кампазіцыю, выбіраць колеры і так далей. Працэс малявання павінен быць для дзяцей адначасова і працай, і прыемным адпачынкам.

  

Асоба педагога

У Вольгі Чарняўскай дзесяць гадоў педагагічнай практыкі. Працавала ў лагеры «Зубраня», прыватных сталічных школах і студыях, цэнтрах дзяцей і моладзі. Работу ў дзіцячай школе мастацтваў цэніць за акадэмічны падыход у выкладанні прадметаў. Таксама вучыць дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Яе старэйшыя выхаванцы асвойваюць сучасны габелен.

 

 Здольнасці да выяўленчага мастацтва праявіліся ў Вольгі з дзяцінства і прадвызначылі прафесію. Скончыўшы школу ў родных Чашніках, паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта. Пасля пашырала веды і ўдасканальвала навыкі ў сталічнай Акадэміі мастацтваў.

 

Яшчэ падчас вучобы ў Віцебску далучылася да народнага клуба гістарычнай рэканструкцыі і эксперыментальнай археалогіі «Варгенторн», удзельнікі якога вывучаюць гісторыю Прыдзвіння ранняга Сярэднявечча (9 – 11 стагоддзе), аднаўляюць тагачасныя прадметы быту, адзенне, іншыя рэчы славян, балтаў і скандынаваў. Рэканструявала касцюм замужняй славянскай жанчыны.

 

У Міёры Вольга прыехала за мужам Аляксандрам, якога сустрэла ў студэнцкія гады. У творчай сям’і выхоўваюцца дачушкі Варвара і Агата. Старэйшая ўжо школьніца, вучыцца граць на фартэпіяна ў школе мастацтваў, малодшая ходзіць у дзіцячы садок. Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці Вольга вярнулася да выкладчыцкай дзейнасці. З радасцю вучыць юных мастакоў майстэрству малюнка, а яшчэ марыць папрацаваць з дарослай аўдыторыяй.

  

Творчы пошук – велічыня пастаянная

Загадчыка аддзялення выяўленчага мастацтва Наталлю Даргель засталі на занятках па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

– Урокі дэкаратыўна-прыкладнога характару ў навучальным працэсе дадатковыя. Асноўныя – акадэмічныя малюнак і жывапіс, – акцэнтуе загадчык. – Нярэдка дзеці лічаць, што маляваць – гэта проста і чакаюць хуткага выніку. Знаёмячыся з правіламі выяўленчага мастацтва, разумеюць, што трэба прыкладваць пэўныя намаганні, старацца. На жаль, не ўсе затрымліваюцца ў нас на сем гадоў. Каб зацікавіць, пастаянна шукаем новыя творчыя прапановы.

 

 Навінкай гэтага навучальнага года стала валянне з воўны. Занятак захапіў выхаванцаў. Практыкаваліся ў вырабе бірулек, завушніц, сурвэтак, арганайзераў. Сама Наталля Даргель улюбёная ў маляванку. Шмат гадоў ёй займаецца. Нядаўна адна з работ разам з творамі іншых майстроў Віцебшчыны ўдзельнічала ў выставе, што праходзіла ў дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

 

– Хочацца, каб маляванка стала часткай нашай паўсядзённасці. Напрыклад, можна выкарыстоўваць яе элементы на сумках, майках ці іншых рэчах, – дзеліцца задумкамі педагог. – Вельмі парадаваў мурал у выглядзе маляванкі, што з’явіўся ў райцэнтры на адным з дамоў па вуліцы Дзяржынскага.

 

Захопленасць настаўніцы перадаецца яе вучням. Дзеці таксама з інтарэсам малююць яркія кветкі на чорным фоне.

 

Усяго на аддзяленні выяўленчага мастацтва працуюць чатыры педагогі. Розныя рэчы з паперы, нітак, кардону і іншага даступнага матэрыялу майструюць малодшыя выхаванцы разам з Аленай Батарчук. У саломапляценні і разьбе па дрэве практыкуюцца старэйшыя вучні пад кіраўніцтвам Баляслава Чарняўскага. Як заўважае загадчык аддзялення, дысцыпліны дэкаратыўна-прыкладной скіраванасці стымулююць дзяцей глыбей вывучаць асноўныя прадметы. На кожным занятку свет мастацтва раскрывае перад юнымі творцамі свае новыя грані.

  

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

В Витебске прошел II областной слет молодых специалистов СМИ «Медиастарт»

Назад к списку
Следующая →

Чересский ясли-сад благоустроили новыми деревянными фигурами

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]