24 Января 2020

Татьянин день: Татьянам присущи эмоциональность, настойчивость, коммуникабельность. С такой характеристикой соглашается жительница Цветино Татьяна Щербакова

gazeta
  • 546

 Дзень нараджэння Таццяна адзначае ў сакавіку. Між тым яе імя дадае ў каляндар асабістых святаў яшчэ адну дату. Кожны год прымае віншаванні з Таццяніным днём. Памятных сувеніраў не дораць, аднак самы лепшы падарунак – гэта ўвага.

– Прыемна, што родныя і сябры памятаюць пра гэты дзень, – гаворыць Таццяна. – Першым муж віншуе, ні разу не забыўся. Мама тэлефануе. Менавіта яна і вырашыла назваць першую дачушку Таняй. Люблю сваё імя. І ў дзяцінстве яно мне падабалася, і цяпер.


Малая радзіма Таццяны – вёска Гуркі ў Шаркаўшчынскім раёне. У Цвеціна сем гадоў таму пераехала разам з сястрой і яе сям’ёй. Так бы мовіць, за кампанію. Сям’я сястры пасля змяніла месца жыхарства. Таццяна засталася. Працавала страхавым агентам. Цяпер загадвае мясцовым аддзяленнем паштовай сувязі.


– Жыллё пакуль здымаем. Плануем пераязджаць. Але не ў іншы населены пункт, а ва ўласны дом, які тут купілі. Пакрысе робім рамонт. Хочацца пад свой дах, – гаворыць маладая сяльчанка. – Гаспадарку не трымаем. Садзім агарод, кансервую на зіму ўраджай з градак.


Застацца ў сельскай глыбінцы – ініцыятыва мужа Яўгена. Ён заняты ў лясной гаспадарцы, любіць вясковыя спакой і размеранасць, горад яго не вабіць. Да таго ж, заўзятаму аматару рыбалкі лепш заставацца паблізу вадаёмаў. Таццяна прызнаецца, што не адмовілася б ад гарадскога камфорту, але для яе на першым месцы сямейнае шчасце, таму прапанову мужа падтрымала.


У характарыстыцы імені значыцца, што Таццяна ў сям’і займае ролю лідара. Гераіні нашага артыкула гэта не ўласціва. У Шчарбаковых галава сям’і – мужчына. Разам з тым усе рашэнні прымаюць на сямейным савеце, дзе паважаюць меркаванне кожнага.
Яўген падтрымаў жаданне жонкі ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. Наведвае мерапрыемствы ў мясцовым цэнтры народнай культуры і фальклору, дзе Таццяна выступае вядучай.


– Мясцовыя культработнікі даўно ў артысты запрашалі. Спачатку адмаўлялася. Думала, гэта не маё і наўрад ці што атрымаецца. Урэшце пагадзілася, – расказвае субяседніца. – Ужо год як наведваю нашу ўстанову культуры. Удзельнічала ў раённых аглядзе-конкурсе мастацкай творчасці і экафестывалі, пабывала на «Славянскім базары» ў Віцебску. Усё гэта цікава, уносіць разнастайнасць у звычайныя дні.


 Адметнымі для Таццяны рысамі лічацца ўпэўненасць і эмацыянальнасць. Адзначае іх у сваім характары і наша суразмоўца. Гэтыя якасці дапамагаюць ёй і на сцэне, і ў паўсядзённых сітуацыях. Дарэчы, разам з мамай спяшаецца на рэпетыцыі старэйшы сын-шасцікласнік Арцём. Малодшаму Дзянісу чатыры гады, у артысты пакуль не просіцца.


Сям’я – галоўная каштоўнасць для Таццяны. Стараецца больш часу прысвячаць самым блізкім. Падчас камандзіровак мужа частку хатніх клопатаў бярэ на сябе старэйшы сын. Ды і калі ўсе дома, ён рады дапамагчы. Малодшы ахвотна вучыцца пісаць пад маміным наглядам.


– З аднаго боку, дзецям было б лепш у горадзе. Там шмат магчымасцей для развіцця: школы мастацтваў, разнастайныя секцыі і гурткі. Разам з тым вёска выйграе ў плане экалогіі. Калі бываем у горадзе, сын штораз пытаецца: «А як тут людзі дыхаюць?!» – гаворыць сяльчанка. – Я так лічу: хочаш жыць – усюды пражывеш. Усё залежыць ад жадання, настойлівасці, працавітасці.


Мэтанакіраванасць і цвёрдасць таксама ў ліку якасцей, уласцівых уладальніцам імя Таццяна. Наконт гэтага Таццяна Шчарбакова не спрачаецца.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з асабістага архіва Таццяны ШЧАРБАКОВАЙ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Активные посетители Миорской детской библиотеки

Назад к списку
Следующая →

Проверили свои знания на олимпиадах школьники Миорщины

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]