06 Октября 2023

Харэограф Анастасія Ішчук з Міёр марыць пра ўласную студыю танца

gazeta
  • 862

 Гісторыя, якую даносяць рухі. Так вызначае для сябе значэнне слова «танец» харэограф Анастасія ІШЧУК. Малады спецыяліст Міёрскага цэнтра культуры і народнай творчасці вучыць харэаграфічнаму майстэрству дзяцей, выступае з танцавальнымі нумарамі разам з калегамі. Атрымлівае асалоду ад сваёй справы і марыць пра ўласную студыю танца.


Пралог з дзяцінства

Сваім шляхам ідзе, дакладней, танцуе па жыцці Анастасія Ішчук. Простым яго не называе. Кругазварот рэпетыцый і канцэртаў, падоўжаныя да позняга вечара рабочыя дні, у святы – на сцэне. Плюс да таго справаздачы і іншая дакументацыя, ад чаго нават творчыя работнікі не застрахаваны. З верасня клопатаў паболела: да справы харэографа дадаліся абавязкі вядучага метадыста па культурна-адпачынкавай дзейнасці. Так развейваецца міф пра тое, што прызванне – роўная сцежка, усыпаная пялёсткамі руж. Між тым насычаны графік і напружаны рытм не адмяняюць радасці і асалоды, якія дораць творчы працэс і яго вынік.



– Танцамі займаюся з пачатковых класаў. Скончыла харэаграфічнае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў і зразумела, што хачу займацца далей. Стала наведваць у РДК гурток у маёй цяперашняй калегі Анастасіі Ільніцкай, – расказвае суразмоўніца пралог да сваёй прафесіянальнай гісторыі. – Калі скончыла школу, паступаць у вну на харэографа пабаялася. Лічыла, што недастаткова ведаў і навыкаў. Склад розуму ў мяне гуманітарны, таму выбрала філалагічны факультэт у ВДУ імя П. Машэрава.



Завязка з лёгкім рашэннем

Ва ўніверсітэце Насця працягвала займацца харэаграфіяй, танцавала ў калектыве вну. Летам пасля першага курса папрасілася на падпрацоўку ў раённы Дом культуры. Яшчэ бліжэй пазнаёміўшыся з творчым закуліссем, упэўнілася: гэта для яе. Другакурсніцай змяніла факультэт. Студэнтцы пайшлі насустрач. Аднак з-за акадэмічнай розніцы вучобу на спецыяльнасці «Музычнае мастацтва, рытміка, харэаграфія» педагагічнага факультэта пачала з другога семестра першага курса.
– Прыняць рашэнне было лёгка. Ведала і разумела, чаго хачу, – гаворыць Насця.



На трэцім курсе яна ўжо працавала харэографам у РДК і працягвала вучобу. Для занятых па спецыяльнасці студэнтаў прадугледжвалі свабоднае наведванне і распрацоўвалі індывідуальныя графікі. Некалькі разоў на месяц Насця ездзіла ў Віцебск, здавала падрыхтаваныя заданні, атрымлівала новыя і вярталася ў Міёры да творчых клопатаў на працы. Кіраўніцтва да яе часовай адсутнасці на рабочым месцы ставілася з разуменнем, падтрымлівалі студэнтку дэкан факультэта і выкладчыкі. Так пацвярджаюцца словы П. Каэльа: «Калі ты чаго-небудзь жадаеш, увесь Сусвет будзе садзейнічаць таму, каб жаданне тваё збылося». Гэта не пра лёгкасць у дасягненні мэты. Гэта пра тое, што абставіны заўсёды на баку тых, хто ідзе сваёй дарогай, і складаюцца так, што цяжкасці ўдаецца пераадолець.



 Кульмінацыя з асалодай

Сёлета Анастасія атрымала дыплом. Яшчэ адна важная і яркая падзея – нараджэнне сям’і. З мужам Сяргеем – салістам Цэнтра культуры і народнай творчасці – звяла сцэна. Часта выступаюць разам. Сяргей спявае, Насця з калегамі на падтанцоўцы. Распрацоўвае для мужа і яго маці Святланы харэаграфічныя пастаноўкі, займаецца з імі індывідуальна.
– Жартуем, што я сямейны харэограф, – гаворыць суразмоўніца.



– Можа, дуэтам з мужам калі-небудзь заспяваеце? – цікаўлюся ў харэографа.
– Пра гэта нават не думалі. Можа быць, – усміхаецца ў адказ.
У школьныя і студэнцкія гады Насця займалася вакалам, акцёрскім майстэрствам, любіла маляваць. Аднак з усіх творчых стыхій паланіў танец. Мастацтву прыгожых і зладжаных рухаў вучыць удзельнікаў гурткоў «Міністарс» і «Іскрынкі». Выхаванцам ад шасці да адзінаццаці гадоў. Свайго педагога ўспрымаюць як старэйшую сяброўку, дзеляцца навінамі школьных будняў, давяраюць сакрэты. З радасцю ідуць на заняткі, а іх бацькі пішуць паведамленні з удзячнасцямі. Строгім педагогам Анастасія сябе не лічыць, аднак гэта не адмяняе патрабавальнасць.



– Каб паставіць з дзецьмі танец, трэба каля месяца. Вывучыць рухі, прывыкнуць да музыкі, адпрацаваць сінхроннасць. Прашу рэжысёраў загадзя папярэджваць, калі ў праграме канцэрта плануюць харэаграфічны нумар, – расказвае педагог. – У танцы важныя як зладжаныя рухі, так і ўсмешка. Гэтаму таксама вучу дзяцей.
Юныя танцоры выступаюць – харэограф хвалюецца за кулісамі. Выходзіць на сцэну сама – цалкам аддаецца танцавальнай плыні і атрымлівае ад гэтага асалоду, якую не перадаць словамі. Пасля праглядае відэазапісы канцэрта і аналізуе выступленне. Да сябе самакрытычная. Заўважае, яшчэ не было такога, каб усё спадабалася. Для яе няма межаў у дасканаласці.



 Далей – развіццё без развязкі

Малады харэограф імкнецца да высокіх прафесійных поспехаў. Стала пераможцай раённага этапа конкурсу сярод маладых спецыялістаў «Суперпрофі», на якім выступала разам са сваімі выхаванцамі (на фота). Наперадзе абласны тур.
– У перамозе не толькі мая заслуга. Гэта работа каманды нашай установы. Калегі падтрымалі, дапамаглі зняць відэаролік, паставіць творчы нумар, – расказвае канкурсантка. – Дарэчы, адзін з крытэрыяў, па якім выбрала работу ў ЦКНіТ – дружны калектыў. У такой атмасферы прыемна працаваць.



Мары Анастасіі – уласная школа танцаў, майстар-класы ў беларускага танцора, пераможцы расійскага тэлешоу «Танцы. Бітва сезонаў» Антона Пануфніка і заснавальніцы найбуйнейшай танцавальнай школы «Без правіл» у Расіі Алісы Дацэнка. Планы на будучае звязвае з роднымі горадам і Цэнтрам культуры і народнай творчасці.


Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва рэдакцыі.


← Предыдущая

Финал конкурса «SuperПРОФИ-2026» пройдет в Минске 11–13 ноября

Назад к списку
Следующая →

У ААТ «Туркова» адправілі ў засекі звыш 61 тоны бульбы

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]