29 Июня 2012

Музыкант, педагог, романтик

gazeta
  • 345

Музыкант, педагог, романтик Пальцы ўмела і ўпэўнена націскаюць на кнопкі баяна і пакой запаўняе вясёлая жвавая мелодыя. На твары музыканта з’яўляецца светлая ўсмешка, а ў вачах загараюцца іскрынкі радасці. І кожная сустрэча з музыкай ці то звычайныя заняткі з дзецьмі, ці то выступленне з аркестрам гэта рандэву са светам творчасці і гармоніі. 

 

Поруч з нотамі і гукамі Ігар Уладзіміравіч Лавец ідзе па жыцці з самага дзяцінства. Захапленне баянам, якое перарасло ў прафесійны занятак, было невыпадковым. Як не пасябраваць з музыкай, калі гэта, можна сказаць, сямейная традыцыя?!  А яшчэ вабілі плаўныя лініі малюнкаў на паперы.

       — Мне вельмі падабалася маляваць, — расказвае Ігар Уладзіміравіч. — Пэўны час гэта захапленне было мацнейшым, але ўсё-такі музыка ўзяла верх.

Аднак і мастацкім здольнасцям прымяненне знаходзіцца. Расказваючы дзецям пра асновы “музычнай граматы”, тэорыю настаўнік падмацоўвае ўласным ілюстрацыйным матэрыялам. За гады працы ў дзіцячай школе мастацтваў Ігар Уладзіміравіч навучыў валодаць музычнымі інструментамі не адзін дзясятак юных музыкантаў. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічае ўзорны аркестр баянаў і акардэонаў, які пастаянна прымае ўдзел у розных раённых мерапрыемствах. Выступалі таксама ў абласным цэнтры. Ігар Уладзіміравіч марыць пра тое, каб больш гастраліраваць з аркестрам.

— Ёсць тут складанасці, — гаворыць музыкант. — Колькасць удзельнікаў аркестра вар’іруецца ад 35 да 40 чалавек. Такому саставу ды яшчэ з інструментамі патрэбны ўмяшчальны транспарт. Гэта асноўная праблема. А выступаць час ад часу за межамі раёна вельмі хацелася б.

 

Кожны канцэрт запамінаецца, і не перадаць словамі тыя захапленне і радасць, якія напаўняюць душу і падчас выступлення, і калі закрыецца занавес. А яшчэ больш цешыць тое, што пасля выпускнога ў школе мастацтваў для некаторых вучняў гучыць першы званок у музычных навучальных установах. Вось і цяпер двое выпускнікоў Ігара Уладзіміравіча вучацца ў Наваполацкім музычным вучылішчы. А сын Павел — студэнт чацвёртага курса Акадэміі музыкі.

Асвоіць майстэрства ігры на баяне — справа не з лёгкіх. А як навучыць гэтаму іншых?

— У мяне ніколі не ўзнікала праблем з дзецьмі, — адзначае педагог. — Падабаецца з імі працаваць. Вядома, музыка патрабуе цярплівасці і ўседлівасці, але калі ёсць моцнае жаданне, то навучыцца можна ўсяму.

Зараз у Ігара Уладзіміравіча 11 вучняў.

— У нас вельмі добры настаўнік. І двойкі ніколі не ставіць, — амаль у адзін голас сцвярджаюць юныя баяністкі Паліна Стома і Жэня Кавецкая.

Упэўнена, што з гэтым згодныя і астатнія выхаванцы.

 

Акрамя любімай работы, ёсць у Ігара Уладзіміравіча іншыя захапленні. Вабяць прырода і спартыўныя забавы. Энергіяй зараджаюць валейбол, настольны тэніс і міні-футбол, а вольны час, праведзены на ўлонні прыроды, настройвае на рамантычную хвалю.

Ігар Уладзіміравіч характарызуе сябе як чалавека спакойнага і ўраўнаважанага. Але толькі не ў справе з музыкай. А як інакш?! Творчай асобе з тонкім адчуваннем свету раўнадушша не падыходзіць.

 

На здымку: Ігар Уладзіміравіч Лавец з вучаніцамі Палінай Стома і Жэняй Кавецкай.

Кацярына СУРАВЕЦ.

← Предыдущая

Новая площадка, рок-оркестр и "Звезды ТикТока". Как встретил гостей "Славянский базар - 2025"

Назад к списку
Следующая →

Ольга Пашкевич-Мина. Стихи

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]