24 Февраля 2023

Новапагосской средней школе присвоено имя народного артиста СССР Геннадия Титовича

gazeta
  • 881

Імя музыказнаўцы-фалькларыста, музычнага этнографа і харавога дырыжора, народнага артыста СССР Генадзя ЦІТОВІЧА на яго радзіме ў Новым Пагосце не забываюць. У 1992 годзе ў мясцовай школе стварылі музей славутага земляка. З лістапада 2022-га ўстанова адукацыі носіць яго імя. У мінулы аўторак, 21 лютага, на будынку школы з’явілася мемарыяльная дошка. Сярод ганаровых гасцей урачыстасці – выпускнік школы 1979 года, залаты медаліст, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка.

Сімвалічна, што ўрачыстае мерапрыемства адбылося ў Дзень роднай мовы. Беларускае слова і народная песня ўсё жыццё вабілі Генадзя Цітовіча. Падчас фальклорных экспедыцый ён запісаў не адну тысячу народных песень. Яны працягваюць гучаць у выкананні артыстаў створанага ім у 1952 годзе Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, мастацкім кіраўніком якога заставаўся больш за два дзесяцігоддзі. З 1987-га калектыў носіць імя свайго стваральніка.

– Які цікавы здымак, у мяне нават няма такога! – адзначае дачка творцы, балерына Святлана Цітовіч, гледзячы на фота ў школьным музеі, дзе тата сфатаграфаваны ў момант рэпетыцыі. – Якія прыемныя ўспаміны ажываюць. У дзяцінстве кожны год ехалі з Баранавіч праз Мінск сюды, у Новы Пагост, да дзядулі. Удзячна школе, што берагуць памяць пра майго бацьку, які быў цудоўным чалавекам і лічыў песню душой народа. Ён заўсёды ў маім сэрцы.

У падарунак школьнаму музею Святлана Генадзьеўна прывезла газетныя артыкулы і некалькі кніг, якія папоўнілі экспазіцыю.

 Сярод ганаровых гасцей урачыстасці – выпускнік школы 1979 года, залаты медаліст, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка.

– Ушаноўваць знакамітых землякоў – вялікая справа, што звязвае часы і пакаленні, фарміруе нацыянальную самасвядомасць, гордасць за нашу Айчыну, – падкрэсліў Ігар Пятровіч, звяртаючыся да педагогаў, вучняў і гасцей свята. – Узгадаю словы аднаго з класікаў беларускай літаратуры Івана Мележа, які лічыў мову народным скарбам. Не паважаць сваю мову – значыць, не паважаць свой народ. Генадзь Цітовіч вельмі любіў родную мову, адносіўся да яе, як да малітвы. Ён пакінуў важкі след на зямлі, стварыў калектыў, вядомы далёка за межамі Беларусі.

Артысты Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча таксама прыехалі на свята і парадавалі высокім майстэрствам выканання народных песень і танцаў. Пасля кожнага нумару гучалі працяглыя апладысменты.

З актавай залы ўдзельнікі ўрачыстасці скіраваліся на школьны двор. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Генадзя Цітовіча – фінальны момант мерапрыемства.

– Мы адрадзілі добрую традыцыю – прысвойваць нашым сярэднім школам імёны землякоў, герояў-вызваліцеляў, герояў сацыялістычнай працы, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. – За мінулы год 55 школ атрымалі імёны вядомых людзей. Адны прозвішчы – Баграмяна, Чарняхоўскага, Даватара – на слыху ва ўсіх, іншыя вядомы на іх малой радзіме. У Новым Пагосце заўжды памяталі пра славутага земляка, што пакінуў багатую творчую спадчыну.

Мемарыяльную дошку ў гонар музыканта, этнографа, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР адкрылі яго дачка Святлана Цітовіч і дырэктар школы Вольга Усціновіч.

– Для школы адказна і пачэсна насіць імя Генадзя Іванавіча Цітовіча, – падкрэслівае Вольга Войцехаўна. – Будзем праслаўляць імя славутага земляка годнымі ўчынкамі.


Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Прием заявок на радиоконкурс "Маладыя таленты Беларусі" начнется 1 октября

Назад к списку
Следующая →

Миорскую районную библиотеку посетили члены Союза писателей Беларуси

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]